3 траўня 2024, Пятніца, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясна прыйдзе ў Беларусь паводле раскладу

Вясна прыйдзе ў Беларусь паводле раскладу

Надвор'е ў пачатку сакавіка будзе цёплым.

Цёпла і камфортна будзе ў Беларусі ў першыя сакавіцкія дні, паведаміла БелТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

«Каляндарная зіма падыходзіць да фінішнай прамой, і ўжо можна сказаць, што, нягледзячы на моцныя маразы ў другой палове студзеня, агулам зіма 2014 была цяплейшай, чым звычайна, - дадала Людміла Парашчук. - Праўда, паводле тэмпературнага рэжыму яна ўсё ж не ўвайшла ў дзесятку самых цёплых зім».

На гэтым тыдні варункі надвор'я на тэрыторыі Беларусі фармуюцца пад уплывам заходняй перыферыі шырокага халоднага антыцыклону з цэнтрам над Паўднёвым Уралам. Тэрыторыя краіны знаходзіцца за межамі моцных маразоў, але ў зоне ўплыву халодных паўднёва-ўсходніх вятроў. У начныя гадзіны падмарожвае, а дзённыя тэмпературы - крыху вышэйшыя за нуль. «Такі тэмпературны фон па-ранейшаму перасягае кліматычную норму - адхіленні ад яе складаюць толькі 2-7 градусаў», - дадала галоўны сіноптык.

Бліжэйшы дзень, 28 лютага, сінаптычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі не зменіцца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 1-7 градусаў, днём будзе ад 1 да 7 цяпла, на паўднёвым захадзе Берасцейскай вобласці паветра прагрэецца да плюс 9 градусаў. Абыдзецца без істотных ападкаў. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўмераны.

«У першыя дні каляндарнай вясны і на Масленіцу прырода парадуе беларусаў цалкам камфортным надвор'ем», - дадала Людміла Парашчук. Пры падвышаным фоне атмасфернага ціску невялікія ападкі прагназуюцца толькі ў асобных раёнах. Вецер чакаецца паўночна-заходні ўмераны. У суботу і нядзелю ўначы прагназуецца ад мінус 4 на ўсходзе да плюс 3 градусаў на паўднёвым захадзе краіны, у сярэдзіне дня будзе ад 2 да 8 цяпла, на паўднёвым захадзе Берасцейскай вобласці - да плюс 10 градусаў. У ранішнія гадзіны месцамі чакаецца слабы туман, дзе-нідзе магчымы слабы галалёд.

«Пачатак першага сакавіцкага тыдня будзе характарызавацца паступленнем з Балканскага паўвострава на тэрыторыю Беларусі малаактыўных франтоў», - распавяла галоўны сіноптык. У сувязі з гэтым месцамі чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах прагназуюцца слабыя туманы і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 4 градусаў, днём - ад 3 да 8 са знакам плюс, на поўдні краіны паветра прагрэецца да 10 градусаў цяпла. «Такі тэмпературны фон больш адпавядае першым дням красавіка. Ён перавысіць кліматычную норму на 3-6 градусаў», - патлумачыла Людміла Парашчук.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках