2 траўня 2024, Чацвер, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Monde: Украіна развянчала міф аб моцы Расеі

11
Le Monde: Украіна развянчала міф аб моцы Расеі

Якім бы ні быў вынік палітычнага крызісу ва Украіне, ён ужо даў адзін вельмі важны вынік.

Міф аб моцы Расеі разваліўся на часткі. Апошнія дзесяць гадоў прэзідэнт Уладзімір Пуцін усяляк стараўся пераканаць свет і ўласных суграмадзян у тым, што Расея зноў стала вялікай дзяржавай. У гэтым яму дапамагалі выключны тактычны талент, адносна стабільныя кошты на нафту і няўважлівасць Захаду, які быў заняты войнамі і эканамічнымі крызісамі, піша Le Monde (пераклад - Inosmi.ru).

Пуцін выйшаў сухім з вады пасля вайны ў Грузіі, стварыў мытны еўразійскі саюз для проціборства з Еўрапейскім Звязам, абвёў Захад вакол пальца ў Сірыі, спрытна скарыстаўся Эдвардам Сноўдэнам і падарваў спробу Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ. Ён рабіў усё гэта рэзка, рашуча і бессаромна.

Увесь свет пачаў верыць, што такія паводзіны абапіраюцца на канкрэтныя магчымасці. На Захадзе асобы, якія настальгуюць, пачалі крычаць аб неабходнасці новай усходняй палітыкі, таму што Расея нібыта занадта моцная, каб будаваць з ёй стасункі па класічных дыпламатычных правілах. На рэдкія галасы, якія спрабавалі нагадаць, што ўсё гэта зусім беспадстаўна, ніхто не звяртаў увагі. Большасць назіральнікаў скептычна ставіліся да слоў пра тое, што Расея на самой справе перажывае заняпад, што яна можа ствараць іншым перашкоды, але не ў стане мяняць свет паводле ўласнага меркавання.

Тым не менш, расейскі блеф вывелі на чыстую ваду. Пакуль яшчэ складана сказаць, якімі будуць наступствы звяржэння Віктара Януковіча для ўсяго рэгіёну. Але ўжо зараз відавочна, што міф пра моц Расеі пайшоў прахам. Гераічныя дэманстранты з Майдану, якім дапамаглі ЕЗ і пазначаныя ў апошні момант перамены ў курсе амерыканскай дыпламатыі, паказалі сапраўдную прыроду расейскай улады.

Улетку 2013 пагаднення аб асацыяцыі, гэта значыць простага бюракратычнага праекта, якому ЕЗ не надаваў асаблівага значэння, хапіла, каб нагнаць страху на Крэмль. Перамовы ЕЗ і Украіны ўступілі ў фінальную стадыю, а на лістападаўскім саміце ў Вільні павінна было адбыцца падпісанне дамовы.

Развязаная жорсткасць

Пуцін добрасумленна пусціў у бой увесь традыцыйны арсенал Крамля. Для стварэння прэцэдэнту ён запалохаў маленькую Арменію, прымусіўшы яе адмовіцца ад пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ і ўступіць у яго недарэчны Еўразійскі саюз. Далей ён з дапамогай бізуна і перніка пераканаў Віктара Януковіча, што Расея можа значна лепш Захаду забяспечыць яго палітычнае выжыванне.

Заходнія назіральнікі доўгі час успрымалі гэтыя манеўры як праяву маштабнай расейскай стратэгіі па пабудове нэасавецкай імперыі. На самай справе, такое выкручванне рук больш слабым суседзям было і застаецца довадам адчайнай барацьбы за выжыванне прагнілай знутры палітычнай сістэмы.

Парушэнне правоў чалавека, павальная карупцыя і кіраваная псеўдадэмакратыя - усё гэта ўжо сапраўдная катастрофа. Тым не менш, на Украіне Расеі так і не ўдалося зразумець, што людзі - гэта грамадзяне, у якіх ёсць уласныя ўяўленні пра будучыню, і што гэта будучыня не зводзіцца да аднаго толькі ўзбагачэння, а адлюстроўвае імкненне атрымаць права голасу. Самая вялікая памылка і самае страшная пыха заключаюцца ў разглядзе гэтай сітуацыі як выніку заходняй змовы.

21 лютага Уладзімір Пуцін страціў Украіну. Калі людзі перасталі баяцца, Януковіч і Пуцін апынуліся нямоглымі. Чары развеяліся, а міф пра вялікую моц разваліўся на часткі. Усяго за 48 гадзін улада мірна перайшла ў іншыя рукі.

Галоўная сіла Пуціна - гэта яго тактычны спрыт і развязаная жорсткасць. Захад доўгі час блытаў іх са стратэгічнай глыбінёй і якасцямі дзяржаўнага дзеяча. На самой справе ўлада Пуціна вельмі адносная: яна залежыць ад процідзеяння Захаду. З улікам развалу эканомікі, грамадства і войска ў Расеі практычна не застаецца ўласных сіл.

Палітыка добрасуседства, якая атрымала (прама скажам, не лепшае) увасабленне ў выглядзе пагаднення аб асацыяцыі, ўсё роўна апынулася досыць прывабнай для ўкраінцаў, каб прымусіць Расею раскрыць сябе. Што б там ні думалі еўрапейцы, якія захраслі ў нарцысавых развагах розуму аб уласным заняпадзе, дэмакратыя і прававая дзяржава ўсё роўна застаюцца прывабнымі ідэаламі і наймацнейшым інструментам дыпламатычнага ўплыву. Тое, што адбываецца ва Украіне, будзе шмат у чым залежаць ад здольнасці Захаду зрабіць для сябе высновы з неверагодных падзей, якія разгортваюцца ў Кіеве апошнімі днямі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках