3 траўня 2024, Пятніца, 3:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-прэм'ера Грузіі пакаралі яшчэ на 4,5 гадоў турмы

2
Экс-прэм'ера Грузіі пакаралі яшчэ на 4,5 гадоў турмы

Вано Мерабішвілі прысудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі за гвалтоўны разгон акцыі апазіцыі 26 траўня 2011 года.

Такім чынам суд павялічыў тэрмін зняволення былога прэм'ера - толькі тыдзень таму яго асудзілі на пяць гадоў за растрату бюджэтных сродкаў. 27 лютага Вано Мерабішвілі вынеслі прысуд паводле аднога з двух абвінавачванняў, якія былі выстаўленыя былому чыноўніку ў рамках справы аб ужыванні гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў у траўні 2011 года. У той год Мерабішвілі займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, піша apsny.ge.

Пра якія менавіта два абвінавачванні ідзе гаворка, агенцтва не ўдакладняе. У паведамленні адзначаецца толькі тое, што суддзя Хатуна Харчылава прысудзіла былога кіраўніка МУС да шасці гадоў пазбаўлення волі, але ў сувязі з прынятым надоечы ў Грузіі законам аб амністыі канчатковае пакаранне для Мерабішвілі склала тэрмін чатыры гады і шэсць месяцаў.

Паводле вэрсіі следства, 26 траўня 2011 года ў цэнтры Тбілісі з ужываннем водных гармат, слезацечнага газу, гумовых куль і дручкоў была разагнаная шматдзённая акцыя пратэсту "Народны сход". Удзельнікі акцыі патрабавалі адстаўкі Міхаіла Саакашвілі, які тады займаў пасаду прэзідэнта краіны (цяпер ён працуе ў ЗША). Следчыя сцвярджаюць, што загад аб гвалтоўным разгоне акцыі аддаў менавіта Мерабішвілі.

Адвакаты былога кіраўніка МУС заявілі, што не згодныя з пастановай судовай інстанцыі. Бліжэйшым часам яны пададуць апэляцыю на прысуд Тбіліскага гарадскога суда. Сам Мерабішвілі пакуль ніяк не пракамэнтаваў вырак суддзі. Раней ён казаў, што ягоны крымінальны пераслед палітычна матываваны.

Мерабішвілі з'яўляецца генеральным сакратаром партыі "Адзіны нацыянальны рух", якую стварыў Міхаіл Саакашвілі. Увосень 2012 года пасля парламэнцкіх выбараў у Грузіі адбылася змена ўлады. Партыі Саакашвілі давялося сысці ў апазіцыю. Пасля гэтага, паводле звестак Human Rights Watch, з шасці тысяч выкліканых на допыты актывістаў большасць склалі сябры партыі "Адзіны нацыянальны рух".

Як толькі стаў вядомы прысуд у другой справе Мерабішвілі, ля будынка суда пачалася бойка паміж прыхільнікамі і супраціўнікамі былога прэм'ера.

З улікам новага прысуду Мерабішвілі правядзе ў турме дзевяць з паловай гадоў. Раней, 17 лютага, яго прызналі вінаватым у подкупе выбаршчыкаў, а таксама ў растраце бюджэтных сродкаў і прысудзілі да пяці гадоў калоніі. Аднак агульны тэрмін пакарання Мерабішвілі можа яшчэ павялічыцца. Ён абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў справе аб забойстве супрацоўніка "Аб'яднанага банка Грузіі" Сандро Гіргвліяні ў 2006 годзе. Судовыя паседжанні ў гэтай справе яшчэ працягваюцца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках