29 красавiка 2024, панядзелак, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Берасця ратуюць кульгавага лебедзя

7
Жыхары Берасця ратуюць кульгавага лебедзя

Жыхары вуліцы Набярэжная ў Берасці заўважылі, што ў аднаго з лебедзяў перабітая лапа, калі той выходзіў на бераг.

Чуллівыя жыхары падкормліваюць прыгажуна. Птушка, праўда, у рукі не даецца. Як толькі да яе спрабуюць падысці - яна адразу ляціць. У Берасцейскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб кульгавым лебедзі з Набярэжнай ведаюць не першы год. Але толькі разводзяць рукамі. Дапамагчы птушцы зараз нерэальна, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Як мы высветлілі, птушка накульгвае ўжо другі сезон. Мы яе спрабавалі злавіць яшчэ ў студзені, калі кармілі птушак у моцныя маразы. Але не ўдалося нам гэтага зрабіць, - распавёў начальнік інспекцыі Пётр Брыш. - Зараз, калі няма лёду, вылавіць лебедзя таксама нерэальна. Ён не даецца ў рукі, адразу ж ляціць. Птушка адчувае сябе добра. Яна плавае, есць, на беразе можа стаяць.

Не змаглі дапамагчы жыхарам і супрацоўнікі МНС. З іх слоў, зараз, калі лёду на рацэ амаль няма, злавіць лебедзя немагчыма. А спецыяльных сетак для лоўлі птушак у іх няма.

Але за выратаванне лебедзя ўзялася прыватная ветэрынарная клініка горада.

- Мы з жыхарамі Набярэжнай ужо прадумалі цэлы план выратавання птушкі, - распавяла ўладальніца клінікі «Айбаліт» Наталля Рудзік. - Калі не ўдасца злавіць яго зараз, тады мы проста пачакаем да лістапада, калі на рацэ будзе лёд. Мы ўжо замовілі велізарны сачок. Тады па лёдзе мы зможам лебедзя злавіць і прывезці да нас у клініку.

- Ён пратрымаецца да лістапада?

- Ну, мяркуючы па тым, што ён ужо два гады так жыве, так. Лісаў у нас у горадзе няма, сабакі з ім наўрад ці будуць звязвацца. І калі за столькі гадоў да яго не дабраліся хуліганы, то, будзем спадзявацца, што да лістапада яны яго не крануць.

- Шанцы ёсць яго вылечыць?

- Безумоўна. Я выязджала на месца і бачыла яго лапу, - кажа ветурач. - У яго там не ўтварыўся нармальны сустаў. Мы проста пакароцім трохі костачку і накладзем гіпс. На ператрымку яго я аддам сваёй стрыечнай сястры. Калі ўсё ў птушкі зажыве, выпусцім лебедзя на волю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках