5 траўня 2024, Нядзеля, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты знайшлі сведку забойства Міхаіла Жызнеўскага (Відэа)

57

Актывіст Еўрамайдана распавёў, як загінуў беларускі абаронца барыкад на Грушэўскага.

Журналісты кіеўскага тэлеканала «1+1» правялі сваё расследаванне і знайшлі актывіста, які быў з Міхаілам Жызнеўскім у апошнія хвіліны жыцця і ўсё бачыў на свае вочы, перадае «Радыё Свабода».

Журналісты запісалі інтэрв'ю з Тарасам Кабялкам, які быў у адным шэрагу з беларусам падчас сутычак са спецназам 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве і бачыў як куля трапіла яму ў сэрца.

«22 студзеня нас абудзілі раніцай, мы выступілі, 10 чалавек, ішлі з двума драўлянымі шчытамі. Калі прыбеглі на вуліцу Грушэўскага, то сталі ў першым шэрагу», - сказаў ён.

Пасля весткі аб смерці першай ахвяры сутыкненняў Сяргея Нігаяна, які быў забіты каля 6 раніцы, сярод мітынгоўцаў была разгубленасць. Гэта выкарыстаў «Беркут», які пайшоў у атаку, заняў і пачаў разбіраць барыкады мітынгоўцаў. Але калі з Майдана Незалежнасці падышла дапамога, «Беркут» адышоў назад.

Калі спецназаўцы адступілі, мітынгоўцы вырашылі заняць старыя пазіцыі, сярод іх у першым шэрагу былі Жызнеўскі і Кабялка.

«У той момант, калі яны адступілі за аўтобусы, мы пайшлі героямі з крыкамі, з лямантам, пабеглі за імі... І Міша пайшоў, стаў паміж двума аўтобусамі, зачыніў дзірку, каб адтуль не стралялі».

Драўляны шчыт добра абараняў ад гумовых куляў, але раптам Міхаіл Жызнеўскі ўпаў на зямлю.

«І ў трох метрах, калі пачаліся гранаты, шашкі, стрэлы, я ўбачыў, што ён упаў. Мы падбеглі, падбеглі лекары і забралі яго ў медпункт... Цела падала спіной назад у бок Украінскага дома... У шчыце была вялікая дзірка. Куля прыляцела з іх боку», - распавёў Тарас Кабялка.

Па рэканструкцыі тых падзей, зробленай журналістамі, металічная куля прыляцела ў Міхаіла Жызнеўскага з боку шэрагаў спецназа. Пра гэта ж сведчыць і лекар Ігар Ількіў, які першым агледзеў рану беларуса і таксама даў інтэрв'ю.

Журналісты таксама пагутарылі са спецыялістамі ў галіне зброі, якія прадэманстравалі ім, што ў стрэльбы 12 калібра, якія ёсць на ўзбраенні «Беркута» і прыстасаваныя пад гумовыя кулі, можна страляць і металічнай карцеччу, якой былі забітыя Жызнеўскі і Нігаян.

Па словах Ігара Ільківа, лекара Майдана, 22 студзеня было шмат параненых, кантужаных, атручаных газамі - усяго 159 чалавек.

Нагадаем, Міхаіл Жызнеўскі, якому 26 студзеня споўнілася б 26 гадоў, быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня падчас беспарадкаў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Яго пахаванне адбыліся ўвечары 28 студзеня каля пасёлка Знамя Працы пад Гомелем. Труна з целам загінулага была дастаўленая да месца пахавання з васьмігадзінным спазненнем.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках