3 траўня 2024, Пятніца, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Селін: Для закрыцця «Дождя» выкарыстоўваюць класічныя прыдзіркі гопнікаў

25
Павел Селін: Для закрыцця «Дождя» выкарыстоўваюць класічныя прыдзіркі гопнікаў

Вядомы тэлевядучы распавёў пра непрабіўное блакаднае кольца асабістай крыўды Пуціна і «Валан-дэ-Морта» федэральных каналаў.

Апошні расейскі незалежны тэлеканал «Дождь» выгналі з усіх кабельных сетак, на днях яго адключыў найбуйнейшы аператар Расеі «Триколор ТВ», піша eurobelarus.info

Пра механізмы знішчэння свабоды слова ў Расеі і Беларусі распавёў маскоўскі тэлежурналіст Павел Селін, якога дэпартавалі з Беларусі ў 2003 годзе за рэпартаж з пахавання Васіля Быкава, а ў 2012 годзе звольнілі з НТВ.

- Які лёс чакае, на вашу думку, тэлеканал «Дождь»? Яго ўсё-такі прыстрашылі і ўключаць, або пагроза закрыцця рэальная, і ён сыдзе ў інтэрнэт?

- Пагроза вялізная і рэальная. Наконт сыходу ў інтэрнэт - цалкам магчыма, калі «Триколор ТВ» не атрымае выразнага ўказання адыграць усё назад, то «Дождю» прыйдзецца, хутчэй за ўсё, здавольвацца нейкімі дробнымі вяшчальнікамі і, вядома, інтэрнэтам.

У першы ж дзень, калі кабельны аператар, да якога я падключаны, прыбраў з пакета каналаў «Дождь», я стаў глядзець канал у інтэрнэце.

- Хто стаіць за ўдушэннем стварэння Наталлі Сіндзеевай і паўплываў на фармальнае рашэнне ўладальнікаў «Триколор ТВ»?

- На ўсе рашэнні ў нас уплывае, як і ў вас, толькі адзін чалавек. Нашага клічуць Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Гэта мэтанакіраваная кампанія па канчатковым удушэнні непадцэнзурных незалежных СМІ. Пачалася яна пасля мітынгаў на Балотнай плошчы ў 2011 годзе і працягваецца па гэты дзень.

У маім прыватным выпадку яна пачалася з таго, што фактычна цалкам была знішчаная дырэкцыя праймавага вяшчання НТВ, у якой я працаваў. Спачатку зачынілі маю перадачу - ток-шоў «Последнее слово», потым звольнілі кіраўнікоў дырэкцыі. Цалкам гнюсным і ганебным чынам быў выгнаны з канала Паша Лабкоў, які, дарэчы, зараз адна з галоўных асобаў «Дождя»: ён прыйшоў на працу, а ў яго быў проста заблакаваны пропуск.

На НТВ знішчэнне свабоды слова мы прайшлі двойчы: у пачатку 2000-х, калі канал быў перафарматаваны і з ліберальнага ператварыўся ў крымінальны, і ў 2012-м. Таму я вельмі добра разумею, што цяпер адчуваюць хлопцы з «Дождя». Там працуюць мае былыя калегі, акрамя Лабкова - Аня Монгайт і мой вельмі блізкі прыяцель, вядучы навін Дзіма Казнін, ведаю адтуль многіх. Іх зарплаты па маскоўскіх мерках вельмі невялікія. Дай Бог, каб у іх хапіла сіл і мужнасці працягваць сваю справу.

Думаю, «Дождь» не зачыняць нахабна, па-тупому - адклікалі ліцэнзію і зачынілі СМІ. Канал задушаць езуіцкімі метадамі, чыста эканамічна. Прычым, кабельныя аператары асабліва і не хаваюць, што ім дадзены загад. Я тэлефанаваў свайму аператару «Онлайн ТВ» за тлумачэннямі, і там мне сказалі: так, мы адключылі «Дождь» з-за праведзенага ім «жахлівага» апытання аб здачы блакаднага Ленінграда.

Чалавек «Дождя»

- Інвестар Аляксандр Вінакураў нават апеляваў да прэзідэнта падчас прэс-канферэнцыі, цытую: «Калі б прэзідэнт нам дапамог у гэтай сітуацыі, мы былі б рады». Гэты адчайны камплімент кату - трук або наіўнае перакананне, што «цар добры, баяры дрэнныя»?

- Гэта прамы заклік да Пуціна. Усе выдатна разумеюць, «адкуль растуць ногі і тырчаць вушы» ў гэтай гісторыі. Гэта канкрэтная, асабістая крыўда прэзідэнта Пуціна на апытанне, які правёў і паказаў «Дождь». Для Пуціна тэма блакаднага Ленінграда - вельмі балючая: у яго цудам выжылі бацькі і загінуў брат у блакаду, пра што ён казаў у інтэрв'ю. І як толькі «Дождь» залез у гэтую тэму, тут жа рушыла ўслед рэакцыя. Таму вінакураўскі крык адчаю і заклік да прэзідэнта застануцца ў непрабіўным блакадным кольцы асабістай крыўды Пуціна.

- Улады перабольшваюць асцярогі з нагоды ўплыву «Дождя» на масавую аўдыторыю? Рэйтынг тэлеканал меў толькі ў вузкіх колах, ці я памыляюся?

- Канал быў фактычна адзінай абсалютна свабоднай тэлевізійнай пляцоўкай, глядзела яго вельмі няшмат людзей. У параўнанні нават з самым маленькім каналам федэральнага ўзроўню - гэта мізэр. Але, тым не менш, гэтыя адкрытасць, свабода і апазіцыйнасць, вядома ж, не давалі спакою многім з Крамля. Напрыклад, Навальны - гэта як Валан-дэ-Морт з «Гары Потэра», «Той-Каго-Нельга-Называць» на федэральных каналах. Не проста не запрашаць у эфіры, а нават імя яго забаронена прамаўляць. А на «Дожде» Навальнага паказваюць і кажуць пра яго. Акрамя яго, у эфіры запрашаюць людзей, якія ўнесеныя ў «стоп-лісты» астатніх каналаў. Зноў жа, прамыя трансляцыі з мітынгаў пратэсту, судовых пасяджэнняў і г.д.

Усё гэта вельмі моцна раздражняла ўладу - ведаеце, як маленькая пясчынка, што трапіла ў вока: пра яе можна забыцца на час, але потым усё роўна прыйдзецца выняць. Таму чакалі першага зручнага выпадку, каб расправіцца з «Дождём». І тут гэтае апытанне. Яно было неадназначным і, напэўна, кагосьці пакрыўдзіла, але, я лічу, канал быў абсалютна правамоцны яго праводзіць.

Адразу адкажу на пытанні маіх апанентаў: мая родная бабуля - блакадніца. Думаю, гэта апытанне трэба было правесці спачатку сярод тых блакаднікаў, якія выжылі, а ўжо потым - сярод астатніх. Але любое тэлебачанне мае права задаваць пытанні па гісторыі, інакш навошта яно тады трэба? Канал ужо неаднаразова прынёс свае прабачэнні, апытанне было знята з эфіру і з сайта ўжо праз некалькі хвілін пасля таго, як хлопцы зразумелі ўсю сур'ёзнасць выкліканага ім рэзанансу.

Нагода смешная, пры ўсёй неадназначнасці апытання - гэта не тая нагода, за якую трэба зачыняць тэлеканал. Гэта класічная прыдзірка гопнікаў да інтэлігентнага батаніка: «У цябе акуляры занадта вялікія!» ці там «Дай закурыць! Няма? Атрымлівай у морду!». Гопніцкія, бандыцкія, мярзотныя паводзіны.

«Мне шанцуе: не прыходзіцца хаваць рукі за спіну»

- Наколькі прыгнёт свабоды слова ў Расеі адрозніваецца ад беларускай схемы прэсінгу , або яны ўжо аднолькавыя?

- Яны імкліва набліжаюцца адзін да аднаго. Я быў заўсёды прыхільнікам такой расейска-беларускай часовай завесы: тое, што адбываецца ў Менску, потым непазбежна адбываецца і ў Маскве. Калі апераваць часовымі рамкамі, то ў Расеі цяпер па беларускіх мерках 97-ы або 98-ы год. Прыклад закрыцця «Дождя» - таму пацверджанне. Да майго вялікага жалю, у нас усё яшчэ наперадзе.

- Суб'ектыўнае асвятленне падзей на ўкраінскім Майдане для расейскіх тэлеканалаў стала нормай. Адкідаючы карпаратыўную этыку: калі вы сустракаеце калегаў па цэху, якія фабрыкуюць гнілы прадукт для эфіру, вітаецеся з імі?

- Мне шанцуе: я не перасякаюся з гэтымі калегамі. І, уласна кажучы, з многімі з іх я не знаёмы, так як яны працуюць на галоўных дзяржаўных каналах, перш за ўсё. Што тычыцца людзей з НТВ, то іх навіны з Майдана больш аб'ектыўныя, чым у Первого канала і РТР. Таму мне не даводзіцца хаваць рукі за спіну.

- Журналісты «Дождя» чацвёрты год вядуць барацьбу за добрасумленнае ТБ, перашкаджаць яго доступу да гледачоў - найгрубейшае парушэнне прынцыпаў свабоды слова. Ці чакаць рэакцыі сусветных СМІ на парушэнне гэтых прынцыпаў датычна «Дождя»? Бо пуцінская Расея ў іх вачах ужо даўно - мафіёзная дзяржава.

- Рэакцыі сусветных СМІ да гэтага часу няма і, думаю, яе ўжо не будзе. Калі толькі зусім ужо канал перастане існаваць, паведамяць пра чарговы выкрутас крывавага крамлёўскага рэжыму. Пакуль, калі не памыляюся, толькі «Ізраіль Плюс» (9-ы канал) правёў акцыю салідарнасці з «Дождём».

«Забіць рот семкамі, сесці на кукішкі і мацюкацца?»

- Прадстаўнік «Растэлекама» Валерый Костыраў заявіў аб магчымым аднаўленні супрацоўніцтва з «Дождём» пры ўмове, што тэлеканал, цытую, «адновіць сваю рэпутацыю». Пра якую рэпутацыю ідзе гаворка, што меў на ўвазе Костыраў?

- Вось я таксама хацеў бы ведаць, што маюць на ўвазе пад «аднаўленнем рэпутацыі» людзі, якім паступіў прамой указ з Крамля адключыць тэлеканал «Дождь». Хай Костыраў расшыфруе. Вернемся да вобразных персанажаў, якія я ўжо прыводзіў: ідзе інтэлігентны хлапчук, насустрач - куча гопнікаў, якія кажуць яму: «Калі хочаш, каб мы цябе не моцна білі, то давай, аднаўляй сваю рэпутацыю!». Што гэта ў іх разуменні? Інтэлігенту трэба дастаць машынку з кішэні і згаліць валасы, яшчэ неяк нацягнуць трэніровачныя штаны, забіць рот семкамі, сесці на кукішкі і пачаць мацюкацца. Дык вось «Дождь» не стане той гапатой, якую з сябе цяпер уяўляе сучаснае расейскае тэлебачанне. Не для таго ён ствараўся.

Шчыгрынавая скура пятачка свабоды

- У вас за плячыма - вопыт звальнення з НТВ. Як усё адбывалася?

- Для мяне звальненне не было сюрпрызам. Мы ведалі, што кожны выпуск «Последнего слова», якое я вёў, і «НТВшников», дзе я быў галоўным рэдактарам і сувядучым, можа стаць апошнім. Акрамя таго, у мяне быў вопыт дэпартацыі з Менска, а таксама закрыццё перадачы «Намедни», у якой я працаваў ў Парфёнава і затым меў сур'ёзны досвед працы на моцна кантраляваным, падцэнзурным канале.

Скажу шчыра, гэта вельмі горкі і крыўдны вопыт. Калі ты прыходзіш 17-гадовым хлапчуком на абсалютна класічнае, абласное камуністычнае тэлебачанне, але ўжо - галоснасць, усё можна, на двары - 92-ы год. І затым надыходзіць залатая для ТБ пара 90-х гадоў, калі можна было існаваць у прафесіі з велізарным задавальненнем. А потым гэтая тэрыторыя свабоды слова як шчыгрынавая скура сціскалася, сціскалася... Цяпер практычна нічога нельга, а калі ўжо казаць пра НТВ, то 1-2% засталося ад таго канала, на які я прыходзіў працаваць у 97-м годзе.

Калі я працаваў у «Намедни», то шэф-рэдактар Коля Картозія і Лёня Парфёнаў вылучалі, у асноўным, такія прэтэнзіі да працы журналістаў: што ж не даціснуў, што ж не завастрыў, не ўрэзаў па поўнай? Вось за гэта ўлятала. А цяпер, як і ў мае апошнія гады знаходжання на НТВ, лаялі за тое, што ты «перавастрыў», «пераціснуў», напісаў нешта занадта вольнае .

- Чым зараз займаецца непажаданы «кішэнным» каналам журналіст?

- У апошні час я вёў штотыднёвую перадачу «Мегаполис» на канале RTVi у Нью-Йорку - праграму пра жыццё Масквы за тыдзень. Зараз мы ў стадыі падаўжэння дамовы, спадзяюся, буду яе весці і ў 2014 годзе. Яшчэ планую займацца дакументальнымі фільмамі на адным з буйных расейскіх каналаў, але пакуль гаварыць пра гэта рана. Напэўна , працягну супрацоўнічаць з тым жа НТВ з праграмай «Центральное телевидение», якое вядзе мой блізкі сябар Вадзім Такмянёў. Магчыма, буду з'яўляцца на «Рен ТВ». Вяду цяпер жыццё фрылансера, не лічуся ў штаце ніводнага канала.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках