3 траўня 2024, Пятніца, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Махляр з Гродна выдаваў сябе за пляменніка Клінтана

15
Махляр з Гродна выдаваў сябе за пляменніка Клінтана

Вядомы гродзенскі махляр Канстанцін Мураўёў зноў апынуўся за кратамі.

Вердыкт суда - шэсць гадоў пазбаўлення волі. Гэта чатырнаццатая судзімасць 35-гадовага авантурыста, піша «Гродненская правда».

Ён сапраўды ўмее спрытна пераўвасабляцца і быў пляменнікам Біла Клінтана, святаром з Парыжа, супрацоўнікам КДБ, работнікам аблвыканкама, дырэктарам фірмы. І нават супрацоўнікам Міжнароднай арганізацыі па прававой амністыі. У кожнай з роляў выглядаў цалкам пераканаўча. Яму давяралі, адкрывалі дзверы, аддавалі ключы, грошы, дакументы.

Артыстычны талент Канстанціна Мураўёва выявіўся яшчэ ў школе ў пачатку 90-х. Ён умеў па-майстэрску хлусіць, спазняючыся на ўрок: то для мамы хуткую дапамогу выклікаў, то бабуля пры смерці. Косця вучыўся ў дзевятым класе, на тройку ведаў англійскую мову. І ўжо тады на базе прэстыжнай школы прымудрыўся арганізаваць... платныя курсы ўдасканалення замежнай мовы. Па яго запрашэнні на заняткі сабраліся людзі з вышэйшай адукацыяй. Сам непаўнагадовы ілжэнастаўнік тады адкруціўся слязьмі, паабяцаўшы больш ніколі не займацца падобнай самадзейнасцю.

Аднойчы напярэдадні 8 сакавіка ён абрабаваў кветкавы шапік і падарыў кветкі настаўнікам. Прыйшлося ім потым хадзіць на допыт да следчага. Дзякуючы артыстычным здольнасцям маладому чалавеку папросту атрымалася ўвесці ў зман ахоўніка і павезці з касцёла важкі груз гуманітарнай дапамогі. Сёе-тое з яе раздаў падарункамі, частку прадаў.

У 90-я гады, калі зарплата ў 25 даляраў лічылася прыстойнай, ён сярод белага дня шчасна вывез з гродзенскай крамы дэфіцытных прадуктаў на 500 даляраў. З выгляду інтэлігентны малады чалавек пад гальштукам з'явіўся на таксі і прадставіўся кіраўніцтву адной з крам абласнога цэнтра работнікам самавітай арганізацыі. Сказаў, што трэба на высокім узроўні прыняць замежную дэлегацыю. Справа, маўляў, тэрміновая, дакументы аформяць пазней. «Дэфіцыт» пагрузіў у таксі, але забыўся пра прыгатаваны яму торт. Работнікі крамы патэлефанавалі ў названую хлопцам арганізацыю, каб забралі забытае. Тады і высвятлілася, што арганізацыя пасланца за прадуктамі не пасылала.

Яму не было і васемнаццаці, калі атрымаў першы тэрмін. Потым у турме бываў часцей, чым на волі. Аднак, калі некалькі гадоў таму ў судовым працэсе ў яго ўдакладнялі адукацыю, Косця, не міргнуўшы, сказаў, што вышэйшая і мае дыплом маскоўскай ВНУ.

Гродзенец Мураўёў адзначыўся ў Баранавічах, Слоніме, Ваўкавыску, Бабруйску, Менску, Віцебску. Але часцей за ўсё карыслівыя злачынствы здзяйсняў у родным Гродна. У філармоніі, дзе праходзіла выстава "Белэкспа", прадставіўся іншагароднім удзельнікам і атрымаў ключы ад кабінета, зрабіў дублікат, а потым наведваўся сюды, каб пачысціць кішэні.

Аднойчы вельмі ўмела вырабіў падробленыя пячаці Маскоўскай міжнароднай арганізацыі па прававой амністыі. Імі заверыў самаробныя даведкі аб працаўладкаванні нейкага Басурманава, які адбываў пакаранне. І прадставіў іх у крымінальна-выканаўчую інспекцыю ў Менску. Пранесла. Тады вырабіў падробленую даведку аб уласным працаўладкаванні і ўтрыманні з яго заробку 20 адсоткаў сродкаў у даход дзяржавы. З'ездзіўшы ў Менск, адправіў яе са сталіцы на адрас аднаго з АУС г. Гродна.

Арганізатарам «Славянскага базару» Косця паведаміў, што едзе пляменнік Біла Клінтана і трэба сустрэць па вышэйшым разрадзе. Яго і сустрэлі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Некалькі гадоў таму, умоўна-датэрмінова вызваліўшыся з месцаў не вельмі аддаленых , ён прыехаў у дом ксяндза ў прыгарадзе Гродна. У мясцовым храме як раз ішло святочнае набажэнства, а ў доме святара жанчыны гатавалі абед. Адна з іх папрасіла госця вызнаваць яе, бо не паспела раніцай пабываць на службе. Ілжэсвятар спавядаў жанчыну. Застаўшыся ў пакоі адзін, дастаў з жаночай сумачкі сто даляраў і сто тысяч беларускіх рублёў, прыхапіў з ваннага пакоя дарагую туалетную ваду, набор прыбораў для станкоў, а таксама ўпакоўку кавы і скрынку шакаладных цукерак і неўзабаве рэціраваўся. Пакуль ішло следства, гродзенскі махляр здзейсніў яшчэ адно злачынства.

Мінулай вясной Мураўёў, ледзь вызваліўшыся з месцаў не вельмі аддаленых, зноў здзейсніў злачынства, якое мела гучны рэзананс. На гэты раз ён вынес вялікую суму грошай і валюты з гродзенскага касцёла. Здарылася гэта ў светлы велікодны дзень. Праўда, першапачаткова на допыце ён выкручваўся, сцвярджаючы, што апрануў белую альбу для таго, каб паўдзельнічаць у імшы і сфатаграфавацца для кнігі, якую піша. Але сведкі звярнулі ўвагу на дзіўнага "ксяндза" ў чорнай куртцы па-над святочным адзеннем, на яго недарэчныя пытанні, а відэакамеры захавалі яго сілуэт на месцы злачынства. Толькі пад цяжарам неабвержных доказаў прызнаў Мураўёў сваю віну і нават папрасіў прабачэння ў святароў.

Дарэчы, скрадзеныя грошы касцёлу не вернутыя. Калі позна ўвечары Косцю і яго жонку, якія накіроўваліся ў Маскву, затрымалі на вакзале ў Менску, скрадзенага пры іх не выявілі.

Па словах суддзі Ленінскага раёна Гродна Ксеніі Стасюкевіч, якая выносіла прысуд, што нядаўна ўступіў у сілу, злачынства здзейснена Мураўёвым у перыяд нязнятай і непагашанай судзімасці, праз дзесяць дзён пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад адбыцця пакарання па папярэднім прысудзе. А гэта таксама была досыць гучная крымінальная справа ў беларускай сталіцы, пацярпелі замежныя музыкі.

Косця Мураўёў, знаходзячыся ў Менску каля будынка Белдзяржфілармоніі, прачытаў аб'яву аб маючым адбыцца Міжнародным музычным фестывалі з удзелам Юрыя Башмета. Ён увайшоў у будынак філармоніі і, прадставіўшыся начальнікам службы бяспекі вядомага музыкі, сказаў, што прыехаў, каб агледзець памяшканні, дзе будзе спыняцца Юрый Башмет. Яму перадалі ключы ад службовых памяшканняў і праводзілі да дзвярэй.

Убачыўшы жаночую сумачку і мужчынскую куртку, Косця зачыніўся знутры, забраў сумку, кашалёк з кішэні курткі і рэціраваўся праз акно. Выпадковы мінак, западозрыўшы няладнае, паведаміў пра ўбачанае адміністрацыі філармоніі. Пазней высветлілася, што выкрадзеная сумачка належала госці з Германіі, а кашалёк - музыку з Расеі. Суд Савецкага раёна Менска асудзіў яго тады да трох гадоў пазбаўлення волі.

Ці будзе чатырнаццатая судзімасць для Косці-рэцыдывіста апошняй, пакажа час. Можа быць, ажаніўшыся, ён адсядзіць чарговы тэрмін і пасталее? Можа, знойдзе лепшае прымяненне свайму прыроднаму абаянню і артыстызму.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках