3 траўня 2024, Пятніца, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кулінковіч: Надакучыла «кляпаць» новыя песні, якія проста забываюцца

16
Кулінковіч: Надакучыла «кляпаць» новыя песні, якія проста забываюцца

Гурт Neuro Dubel святкуе сваё 25-годдзе

Аляксандр Кулінковіч напярэдадні юбілею адказаў на пытанні прэс-службы БМА-group і распавёў пра аднаўленне старых песень, жыццёвы вопыт і канцэртную дзейнасць.

- У апошнія гады ёсць адчуванне, што Neuro Dubel пастаянна адзначае свята. У афішах канцэрты гурта часта звязаныя з нейкімі датамі. Вось і ў гэтым годзе - чарговы юбілей.

- Калі гурту ўжо так шмат гадоў, то штогод прыходзіцца сапраўды нешта адзначаць. У гэтым годзе, вось, Neuro Dubel святкуе 25-годдзе, 20 гадоў стукне альбому "Битва на мотоциклах", які мы лічым важным і культавым. 10 гадоў адзначыць альбом "Tanki" - першы беларускамоўны альбом, першы альбом, запісаны новым складам. Вось ужо 3 даты! Так кожны год - як свята, кожны месяц - як свята. Мы даволі радасныя людзі, нягледзячы на тое, што вонкава кажемся некалькі змрочнымі.

- Натуральна, што да юбілею вы рыхтуеце нешта адмысловае. Але, я так разумею, што чакаць новага альбома не варта?

- Не. У гэтым годзе мы не будзем нічога выпускаць. Таму што надакучыла. Надакучыла кляпаць новыя песні, якія проста забываюцца. Гэта значыць, нам зараз цікавей падымаць стары матэрыял. І на кожным больш-менш буйным канцэрце, якія мы зараз іграем, а мы іх іграем штомесяц, і, я так разумею, што мы, напэўна, адзіны беларускі гурт, які так часта іграе, мы ўстаўляем песні, якія даўно не гучалі. Дык вось, я гляджу, што людзі, калі яны чуюць старыя песні, задаволеныя і шчаслівыя. Так, натуральна, усё добра: апошнія альбомы - яны класныя, хітовыя, але некаторыя старыя песні забыліся, яны 15 гадоў не іграліся. Вось мы іх зараз успамінаем, і на кожным канцэрце аднаўляем праграму.

- Чаму ўзнікла неабходнасць у тым, каб падняць стары матэрыял?

- Ёсць базавая праграма з 25-ці, напрыклад, песень, якая складаецца з хітоў. А людзі просяць яшчэ чагосьці. І мы бачым, што тое, што яны просяць, не ігралася 10-15 гадоў. Людзі пішуць, што ёсць цікавасць да старых песень, пра якія мы незаслужана забыліся. Паўтаруся, мы іх самі адабралі ў публікі - самі напісалі, і самі адабралі. Памятаю водгук аднаго з дзюбелеўскіх прыхільнікаў на нейкі з нашых альбомаў 15-гадовай даўніны. І ён там апісваў песні: "Гэта такая песня, а гэтая такая. А гэтая - выдатная, але шкада, што "Дзюбеля" яе некалькі раз сыграюць і забудуць. Той жа лёс чакае і наступную песню". Вось мы хочам узнавіць тое, што было забыта. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта не крызіс жанру - новыя рэчы робяцца, але цяпер нам хочацца падымаць стары матэрыял. Вельмі цікава назіраць, як гучаць старыя песні ў новым гучанні!

- Гэта значыць, ёсць пэўны сэт-ліст, які вы аднаўлялі?

- Не! Пакуль яшчэ няма - як бабуля на душу пакладзе! Мы рыхтуемся, напрыклад, да канцэрта, а на сайце хтосьці прапануе згуляць якую-небудзь песню. А мы такія: "О! А гэтую песню можна паспрабаваць зрабіць!". Не ўсё, праўда, атрымліваецца: ёсць песні, якія ў новым гучанні гурта не гучаць.

- А чаму?

- Хто яго ведае! Па-першае, у нас строй некалькі змяніўся: калі раней мы ігралі ў мі, то цяпер гуляем у рэ. Да таго ж, цяпер карыстаемся іншымі інструментамі. Калі нейкія песні мы пісалі ўдваіх з Юрам Навумавым пад драм-машынку "Лель ПСР" на жудаснай гітары, спявалі ў жудасны мікрафон, які ішоў у камплекце з бабіннікам, гэта быў адзін гук, у ім была нейкая душа. А калі гэтая ж песня іграецца на больш-менш прафесійны лад, яна не гучыць. Яна памерла. Такія песні ёсць, на жаль.

- Ці ёсць верагоднасць, што песні, якія вы абнаўляеце, у будучыні складуць best і будуць выдадзеныя асобнай пласцінкай?

- Магчыма, так. Мы ўжо пра гэта думалі. Калі песні загучаць зусім па-іншаму, то мы несумненна выпусцім "бэст". Такі ж падыход у мяне быў у свой час да трыб'юта Neuro Dubel, калі той пісаўся. Калі таленавітыя гурты дасылалі таленавіта зробленыя кампазіцыі, але абсалютна мне не цікавыя. І не цікавыя яны ў першую чаргу таму, што яны былі зробленыя адзін у адзін з арыгіналам. А навошта такі трыб'ют патрэбны, калі песні выконваюцца адзін у адзін? Песні трэба перарабляць! Тое ж самае тычыцца і новага выканання старой "дзюбелеўскі песні" - калі яна будзе гучаць адзін у адзін, як яна гучала ў 1992-м годзе, то навошта яе перавыдаваць? Ну, будзе лепш якасць, трохі менш шуму, але не больш за тое. А калі яна зусім па-іншаму загучыць, па-іншаму зазвініць - тады ёсць сэнс выпускаць на нейкім лічбавым носьбіце, каб людзі паслухалі. Як, напрыклад, у нашым апошнім альбоме была песня "Гуси-лебеди". Я лічу, што яна зусім па-іншаму загучала ў параўнанні з версіяй 1991 года. Вось гэта прыклад таго, як песня гучыць па-іншаму. Чаму мы яе ўключылі ў альбом? Таму што людзям цікава было яе паслухаць, я ўпэўнены.

- Пра новую пласцінку вы зараз наогул не думаеце?

- Не! У бліжэйшыя год-два не будзем нічога выпускаць. У 2014 годзе, па меншай меры, мы плануем быць канцэртным гуртом.

- А новыя песні ствараюцца?

- Так, але пакуль мы іх не выносілі на суд слухача і гледача.

- Ці змяніўся спектр тэм, якія вы закраналі ў сваіх песнях 20 гадоў таму і цяпер?

- Не. Што бачу, што адчуваю - пра тое і спяваю. Пачуцці, якія былі 20 гадоў таму, і тыя, што ёсць цяпер, асабліва не змяніліся. Я некалькі пасталеў, а ў прынцыпе, такі ж дурань, якім быў 15 гадоў таму.

- Калі чалавеку 25 гадоў, ён можа пахваліцца нейкім вопытам і надзеяй на тое, што ўсё наперадзе. А што адчувае Neuro Dubel у 25 гадоў?

- Натуральна, што з'явілася крыху больш вопыту, але пры гэтым, як кажа наш барабаншчык, агонь у задніцы не згас. І я не бачу асаблівай розніцы паміж тым, што было 25 гадоў таму, і тым, што ёсць цяпер, у плане творчым, у плане нейкага паклікання, нейкага дзеяння на сцэне, напісання песень. Нічога не змянілася. Магчыма, проста стала больш вопыту: на нейкія рэчы з боку арганізатараў, яшчэ нешта, на якія я б павёўся 20 гадоў таму, зараз я не вядуся, таму што ведаю: "хлопцы, ну не смяшыце мае тапачкі!". Вопыт - гэта калі я ведаю, што дзе і як будзе рабіцца, гучаць і адбывацца. І калі мне распісваюць нейкія рэчы і абяцаюць залатыя горы, я ўжо выдатна разумею, што залатых гор не будзе. Ці я ўжо ведаю, што залатая горка ўзнікне вось на тым месцы. І зноў жа гэта проста вопыт. Вопыт жыццёвы, не музычны, жыццёвы, звычайны.

- Ці захаваў Neuro Dubel, нягледзячы на свой не малы ўзрост, дух юнацтва?

- Безумоўна! Мы па-ранейшаму іграем панк-рок і, на мой погляд, іграем яго весела. Можа быць, ёсць невялікая стомленасць, але зноў жа, гэта справа ўзроставая. Хоць, на самой справе, мне здаецца, што не такая ўжо і вялікая розніца паміж 25-гадовым і 45-гадовым, але фізічна яна вельмі моцна адчуваецца. Ды хоць бы па тым жа спажыванні піва. 3 літры піва ў 20 гадоў на раніцу не адчуваюцца, а ў 40 - так. Але не больш за тое. Нічога ў запале не змянілася. Агонь у задніцы не згас.

- За гэтыя 25 гадоў часта ты прыходзіў да жадання нешта змяніць у гурце?

- Узнікалі такія жаданні - шмат і часта - але не цяпер, калі камандзе дваццаць пяць. Калі гурту было 15 гадоў, мяне такія думкі пастаянна турбавалі, прычым, думка была адна і тая ж: час гэта ўсё спыняць. Не рухацца ў іншы бок, а спыняць. А зараз такіх думак няма нават блізка. Я лічу, што мы рухаемся ў правільным кірунку, я лічу, што ўсё добра, што ў нас ёсць пэўная колькасць прыхільнікаў, якія нас любяць і шануюць, мы іх таксама любім і цэнім, усё добра, усё выдатна. Калі ёсць узаемная любоў, то чаму б шлюбу не працягвацца?

- А што цябе тады спыніла перад тым, каб "пакончыць" з гуртом?

- Механізм рок-калектыву - гэта не зусім тое, што ты сам сабе прыдумваеш. Пра цябе кажуць: лідар, фронтмэн, духоўны натхняльнік, генератар ідэй. І такое адчуванне, як быццам на адным чалавеку ўсё трымаецца. Не. На самой справе, усё трымаецца не на адным чалавеку. Ёсць калегі па цэху - мае музыкі, з якімі мы разам ствараем песні. І калі я адзін скажу: "Нічога не будзе". То ўсё ж гэтыя людзі рухаюцца наперад, і мяне за сабой пацягнуць. Гэта адно. Але галоўнае - гэта публіка. Ёсць пэўная адказнасць перад публікай. Ёсць пэўная адказнасць перад людзьмі, якія штосьці табе даверылі. Можа, гэта і высакамоўна, але на самой справе яны нешта мне даверылі. Былі такія думкі: "Усё, распадаемся. Толькі трэба планавыя канцэрты сыграць. Вось гэты канцэрт, потым гэты, і яшчэ тут мы камусьці абяцалі. І адразу пасля гэтага распадацца". І вось такіх варыянтаў было штук 15. Руціна. У "Сплін" ёсць песня, якую яны ненавідзяць - здаецца "Орбит" без сахара. І там ёсць выдатная фраза: "Ён хацеў бы нават павесіцца, але інстытут, экзамены, сесія". Тут тое ж самае: мы б таксама хацелі павесіцца, але інстытут, экзамены, сесія.

- Чаму, нягледзячы на нібыта адмену "чорных спісаў", вы не даяце канцэртаў?

- Справа ў тым, што свята месца пуста не бывае. Усё ж гурт 10 гадоў "тырчаў" глыбока, і гэта на многае паўплывала. Па-першае, адток публікі ўсё ж адбыўся. Вельмі вялікая колькасць людзей пампуе, слухае музыку, але слухае яе дома. Гэта значыць, калі 10 гадоў таму сабраць канцэрт у вялікай зале без праблем можна было толькі "цыганскай поштай", то цяпер такое ў прынцыпе немагчыма, і я гэта разумею. Гэта значыць, я па нашым сайце бачу, што папулярнасць гурта нікуды не знікла - па запампоўцы, па цікавасці да альбомаў. Але вялікі канцэрт мы не можам сабе дазволіць - натуральна, мы не збярэм Палац спорту нават блізка. Зноў жа, нейкі буйны канцэрт мы не можам сабе дазволіць, так як у нас кожны месяц ёсць дробныя канцэрты. Каб зладзіць вялікі канцэрт, трэба адмяніць маленькія канцэрты, зрабіць так, каб публіка прагаладалася, і ўрубіць вялікі канцэрт, як гэта і робіць большасць гуртоў. Але мы не можам без публікі! Таму невялікія канцэрты па 100-200 чалавек праходзяць у нас пастаянна. Але ў верасні-кастрычніку мы ўсё ж плануем зрабіць вялікі канцэрт, прысвечаны 25-годдзю, вялікі канцэрт, трохгадзінны, у два аддзяленні, на які мы збярэм усіх сяброў. Гэта значыць, да тых часоў возьмем паўзу на некаторы час - там як раз будзе лета.

- Ці няма жадання адправіцца ў юбілейны тур па гарадах Беларусі, наведаць Барысаў і Хойнікі?

- У гурта няма мэнэджара, які мог бы нешта падобнае вырашыць. Мы самі - музыкі, мы выходзім і іграем. Калі з'явіцца чалавек, які арганізуе такі тур, то мы не супраць. Мы ж не можам прыехаць у Бабруйск, выйсці на перон і спытаць, дзе тут можа сыграць Neuro Dubel? Патрэбны чалавек, які нас запросіць у Бабруйск, абмяркуе ўмовы, дамовіцца наконт залы і апаратуры. Але пакуль такога чалавека няма.

- 7 лютага вы возьмеце ўдзел у фестывалі "Даем рады". Чым збіраецеся парадаваць гледачоў?

- Мы парадуем тым, што выйдзем на сцэну. Паўтаруся, і буду казаць гэта не раз: для нас у першую чаргу радасць - гэта ўбачыць нашу публіку. Я веру, што для іх радасць - убачыць нас. А так, мы, як звычайна, будзем вясёлымі і бадзёрымі, будзем запальваць. Мы як Бураціна. Таму будзем так жыць далей і будзем так іграць 7-га лютага.

***

7 лютага ў клубе Re:public фестываль "Даем рады" з удзелам гуртоў: Нейра Дзюбель, Дай Дарогу, Сцяна і іншых.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках