3 траўня 2024, Пятніца, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнтрабанк Расеі абвясціў вайну «фіктыўнаму імпарту» з Беларусі

4
Цэнтрабанк Расеі абвясціў вайну «фіктыўнаму імпарту» з Беларусі

Расейскі Цэнтрабанк узмацняе кантроль за здзелкамі па так званай «беларуска-казахстанскай» схеме.

Яны, як паведамлялася раней, могуць выкарыстоўвацца для вываду сродкаў з Расеі.

Рэгулятар унёс змяненні ў палажэнне 375-П, якое апісвае патрабаванні да правілаў унутранага кантролю банкаў у мэтах процідзеяння адмыванню даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму. Дакумент размешчаны ў «Вестнике Банка России» і ўступае ў сілу па заканчэнні 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання. ЦБ адводзіць падапечным 30 дзён на прывядзенне правілаў унутранага кантролю ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі, піша АФН.

ЦБ летам раскрыў дадзеныя аб маштабах магчымага вываду сродкаў з Казахстана і Беларусі з дапамогай фіктыўнага імпарту тавараў, аб'ём якога ацэньваўся прыкладна ў 25 мільярдаў даляраў. Усяго за апошнія два гады па сумніўных падставах праз краіны Мытнага саюза выведзена каля 47 мільярдаў даляраў, падлічылі ў ЦБ.

Рэгулятар рэкамендаваў банкам звярнуць павышаную ўвагу на выпадкі, калі кліентам расейскіх банкаў сродкі за пастаўку тавараў з краін МС пераводзяцца на рахункі ў замежных банках. Сапраўднымі мэтамі такіх аперацый могуць з'яўляцца легалізацыя (адмыванне) злачынных даходаў, фінансаванне тэрарызму і іншыя супрацьзаконныя дзеянні, папярэджваў ЦБ.

Цяпер банк мае права адмовіць кліенту-рэзідэнту заключаць дамову банкаўскага рахунку, калі ў яго ёсць інфармацыя аб намерах юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка правесці аперацыю праз такую схему, сведчыць дакумент ЦБ.

У жніўні рэгулятар апублікаваў ліст, у якім заклікаў больш актыўна выкарыстоўваць «антыадмывачныя» нормы закона №134, якія даюць банкам права адмаўляць у правядзенні сумніўных аперацый або адкрыцці банкаўскага рахунку. Пасля гэтага ліста ЦБ зафіксаваў істотнае зніжэнне сумніўных аперацый па «беларуска-казахстанскай» схеме, але папярэдзіў, што будзе маніторыць сітуацыю і пры неабходнасці зробіць далейшыя крокі.

Новаўвядзенні ЦБ абавязваюць банкі ў выпадку выяўлення аперацый па пераводзе сродкаў на рахункі нерэзідэнтаў па знешнегандлёвых дамовах на пастаўку тавараў з Беларусі і Казахстана запытваць у кліента рэгістрацыйныя звесткі аб усіх удзельніках здзелкі і правяраць дакладнасць гэтых дадзеных. Банкі могуць скарыстацца дадзенымі на сайце ФНС Расеі, міністэрства па падатках і зборах Беларусі, падатковага камітэта Казахстана.

Цяпер банкі павінны запытваць у расейскага кліента дакументы і інфармацыю, якія пацвярджаюць наяўнасць у контрагента-нерэзідэнта права ўласнасці на тавар, у тым ліку дадзеныя аб папярэднім пагадненні па набыцці тавару ў Беларусі ці Казахстане для яго наступнага перапродажу без вывазу з тэрыторыі гэтых рэспублік.

Банкі таксама атрымалі магчымасць запытваць у кліентаў дакументы, звязаныя з арганізацыяй перавозкі тавару з тэрыторыі Беларусі ці Казахстана ў Расею, якія пацвярджаюць арганізацыю захоўвання тавару да яго вывазу з краін-удзельніц МС і пасля ўвозу на тэрыторыю РФ.

«У выпадку непрадстаўлення кліентам-рэзідэнтам запытаных крэдытнай арганізацыяй дакументаў і інфармацыі, <...> а таксама ў выпадку, калі на падставе аналізу ўсіх наяўных дакументаў і інфармацыі аперацыя па здзелцы выклікае ў крэдытнай арганізацыі падазрэнні, што яна ажыццяўляецца ў мэтах легалізацыі (адмывання) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, або фінансавання тэрарызму з прычыны таго, што крэдытная арганізацыя не можа пацвердзіць адназначнасць вываду аб відавочным эканамічным сэнсе або відавочнай законнай мэце такой аперацыі па здзелцы, крэдытная арганізацыя рэалізуе права на адмову ў выкананні распараджэння кліента-рэзідэнта аб здзяйсненні аперацыі па пераводзе грашовых сродкаў», - гаворыцца ва ўказанні ЦБ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках