3 траўня 2024, Пятніца, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алімпіяда на чужой зямлі

32
Алімпіяда на чужой зямлі

200 гадоў таму зямля, на якой праходзіць Алімпіяда, належала чаркесам.

Сярод замежных гасцей Алімпіяды ў Сочах - дэлегацыя прадстаўнікоў замежных чаркескіх дыяспар. У праграме знаходжання дэлегацыі ў Расеі - наведванне «Дома адыгаў» у Алімпійскім парку, дзе размешчаная экспазіцыя пра гісторыю, культуру, традыцыі і гістарычную спадчыну чаркесаў. Гэтая гістарычная спадчына супярэчлівая: у XIX стагоддзі чаркесы ўпарта супраціўляліся расейскай каланізацыі Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа, перадае «Радыё Свабода».

Падчас Каўказскай вайны, заваёўнай кампаніі, якая доўжылася з 1820-х да 1864 года, чаркесы былі рассеяныя, у значнай меры знішчаныя царскімі войскамі і выселеныя на тэрыторыю Асманскай імпэрыі. Вось іхныя нашчадкі, відавочна, і наведаюць парадны павільён у Сочах. Шэраг чаркескіх арганізацый у Расеі і за мяжой патрабуюць прызнаць падзеі сярэдзіны XIX стагоддзя генацыдам чаркескага народа, адпаведныя пастановы парламэнты Адыгеі і Кабардзіна-Балкарыі прынялі яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў.

Аб расейскім скарэнні цяперашняй зоны Вялікіх Сочаў распавядае маскоўская гістарыца, старшая навуковая супрацоўніца Цэнтра цывілізацыйных і рэгіянальных даследаванняў РАН Наіма Няфляшава.

- Сучасная тапаніміка Чарнаморскага ўзбярэжжа захавала сляды чаркескага знаходжання ў гэтай зоне: такія ўсім вядомыя назвы, як Анапа, Джубга, Агой, Хаста, Дагамыс, Туапсэ, Лоа, Мацэста, Сочы ды іншыя сведчаць аб знаходжанні чаркескага насельніцтва на гэтых тэрыторыях. Адной з шматлікіх чаркескіх субэтнічных груп былі шапсугі - паводле розных гістарычных крыніц, іхняя колькасць дасягала 300-370 тысяч чалавек. У выніку высялення шапсугаў з гістарычнай радзімы, у выніку страт, якія гэты народ панёс у часе баявых дзеянняў і дэпартацыі, яго спасцігла сапраўдная дэмаграфічная катастрофа. Шапсугі так і не акрыялі ад страт, цяпер колькасць гэтай субэтнічнае групы чаркесаў складае блізу 10 тысяч чалавек, яны пражываюць перш за ўсё на тэрыторыях Туапсінскага і Лазараўскага раёнаў, у 13 аулах, збольшага горных. Частка гэтых паселішчаў – не так даўно створаныя, гэта не тыя аулы, якія былі ў шапсугаў да 1864 года. Насельніцтва некаторых аулаў перасялялі, некаторыя аулы злучалі ў адзін і гэтак далей.

На месцы цяперашніх Сочаў збольшага жылі шапсугі і ўбыхі. Лёс убыхаў склаўся яшчэ больш трагічна, гэты народ знік цалкам. Ёсць людзі, якія носяць убыхскія прозвішчы, напрыклад, вядомае прозвішча Берзег (Берзегавы) убыхскага паходжання. Але як цэласнай групы гэтага народа не існуе. Убыхі былі цалкам выселеныя ў Турцыю, і там гэты народ спыніў сваё існаванне. Астатні убых памёр у мінулым стагоддзі, ягоныя тэксты, запісы убыхскай мовы былі зробленыя прафэсарам Мухадзінам Кумахавым, вядомым лінгвістам, якія працаваў у Інстытуце мовазнаўства РАН. Теўфік Эсэнч, які памёр у 1992 годзе, быў астатнім чалавекам у свеце, які ведаў убыхскую мову.

- Як расейцы асвойвалі сочынскую зону?

- Вызваленыя ад карэннага насельніцтва аулы доўга заставаліся пустэльнымі. Першыя расейскія паселішчы збольшага складаліся з адстаўных матросаў, казакоў, якія ладзілі вайсковыя селішчы. Спачатку ў раёне цяперашніх Сочаў было заснаванае ўмацаванне Александрыя, перайменаванае пасля ў Навагінскае - паводле імя палка, які тут ваяваў. Пазней у гэты край сталі перасяляцца іншыя этнічныя групы, не толькі славяне: армяне, малдаване, эстонцы, грэкі, палякі. Перыядам актыўнай каланізацыі сталі 60-70-я гады XIX стагоддзя - гэта быў перыяд хуткага асваення тэрыторыі цяперашніх Вялікіх Сочаў, якое забяспечвалася не толькі за кошт славянскага насельніцтва, але і за кошт пантыйскіх грэкаў, турэцкіх армян, якія працягвалі міграцыю на гэтыя тэрыторыі нават у часе Першай сусветнай вайны.

- Вельмі балючае пытанне звязанае з патрабаваннем часткі чаркескай грамадскасці прызнаць генацыдам расейскую заваёўную кампанію на Каўказе. У пачатку і сярэдзіне XIX стагоддзя этыка баявых дзеянняў была не такая, як цяпер, не існавала міжнароднага заканадаўства аб законах і звычаях вядзення вайны (яно было выпрацаванае толькі ў пачатку мінулага стагоддзя). У той жа час шмат якія дзеянні царскага войска падпадаюць пад сённяшнія вызначэння ваенных злачынстваў - масавыя забойствы і дэпартацыі насельніцтва. Генацыд - слушнае вызначэнне падзей?

- Не аб каланізацыі Каўказа трэба казаць як пра генацыд, а пра ваенныя дзеянні, якія адбываліся да 1864 года. Ацэнка гэтай падзеі дадзеная парламэнтамі Адыгеі і Кабардзіна-Балкарыі ў першай палове 1990-х гадоў. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя як генацыд на заканадаўчым узроўні. Я згодна з пастановамі нашых парламэнтароў.

- Кім з’яўляліся чаркескія народы да моманту расейскага ўварвання на Каўказ, чым яны займаліся?

- Гэта былі земляробчыя народы. Самая вядомая гістарычная крыніца, дзе змяшчаецца інфармацыя на гэтую тэму, - мабыць, дзённікі брытанскага падарожніка Эдманда Спэнсэра «Падарожжа ў Чаркесію», апублікаваныя ў 1830-я гады ў Англіі. Спэнсэр піша, што чаркесы апрацоўвалі кожную дзялянку зямлі, якая была ім даступная, што чаркескія аулы, якія ён убачыў, дзівілі ахайнасцю і ўпарадкаванасцю. Сёе-тое чаркесы нават экспартавалі - пшаніцу, мёд, воск, коней і так далей. Чаркесы не мелі прыкмет дзяржаўнасці ў сучасным паліталагічным разуменні. Але ў чаркесаў былі інстытуты, дастатковыя для таго, каб іхныя грамадствы функцыянавалі як самадастатковыя. Гэтыя прычарнаморскія субэтнічныя групы часам называюць дэмакратычнымі - у іх не было ўлады князёў, усе пытанні яны разглядалі на агульных сходах. Гэты дэмакратычны дух самаарганізацыі часткова і цяпер захоўваецца ў сучасных шапсугаў.

- Калі пачалося курортнае развіццё сочынскай зоны?

- Курортнае развіццё пачалося ў канцы XIX стагоддзя, а ўжо за Савецкай уладай, у 1930-я гады быў прыняты генеральны праект рэканструкцыі Сочаў. Для Крамля было важна атрымаць свайго кшталту савецкую Рыўеру, курортны вобраз Савецкага Саюза. Генеральны план рэканструкцыі Сочаў, трэба аддаць належнае, ператварыў заняпалае курортнае мястэчка ў сучасны горад. Даўней тут не было ні водаправода, ні годных дарог, ні інфраструктуры.

- Кінутыя шапсужскія аулы захаваліся на тэрыторыі краю і цяпер. Каўказскія народы Чарнаморскага ўзбярэжжа пакінулі пасля сябе помнікі матэрыяльнай культуры?

- Уся тэрыторыя Чарнаморскага ўзбярэжжа - гэта археалагічны кландайк. Лепш за іншых вядомая культура дальменаў, хоць яна яшчэ недастаткова даследаваная. Дальмены - гэта старажытныя культавыя і пахавальныя мегалітычныя збудаванні. Даследнікі працавалі ў XX стагоддзі; ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў чарнаморскай зоне працавалі шматлікія археалагічныя экспедыцыі. Высока ў гарах застаюцца дальмены, якія яшчэ маюць патрэбу ў сур'ёзным вывучэнні. Акрамя таго, у некаторых шапсужскіх аулах, на тэрыторыі некаторых сядзіб захаваліся магілы расейскіх ваякаў, якія змагаліся і загінулі падчас Каўказскай вайны, і людзі гэтыя пахаванні далей даглядаюць.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках