3 траўня 2024, Пятніца, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чалавек-павук, Бэтмэн і Супэрмэн прыехалі ў Менск (Відэа)

Коміксы здольныя прымусіць людзей задумацца аб палітычнай сітуацыі, баках чалавечай натуры.

Такое меркаванне выказаў журналістам часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, які 6 лютага адкрываў для шырокай публікі стэнд амбасады Злучаных Штатаў на XXI Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў нацыянальным выстаўным цэнтры «Белэкспа», піша БелаПАН.

Дыпламат нагадаў, што амбасада ЗША бярэ ўдзел у гэтай кніжнай выставе ўжо сямнаццаты год запар. Тэме коміксаў амэрыканская экспазіцыя прысвечаная ўпершыню.

«На працягу ўжо 100 гадоў не толькі ў ЗША, але і ў шмат якіх іншых краінах свету коміксы злучаюць у сабе малюнкі і словы, што змушаюць людзей смяяцца і думаць, - сказаў ён. - Коміксы закранаюць самыя розныя тэмы. Самая галоўная задача, якую мае комікс - данесці нейкае пасланне да чытача. Яно можа насіць палітычную канатацыю, распавядаць пра ўласцівасці чалавечай прыроды».

Голдрыч звярнуў увагу на кнігу коміксаў пад назвай «Мыш» (у арыгінале па-нямецку - Maus), якая, з ягоных слоў, «сапраўды можа прымусіць людзей задумацца». «Гэта графічны раман у форме коміксу пра падзеі Другой сусветнай вайны, Галакоста, героямі выступаюць жывёліны, але яны ўвасабляюць людзей», - адзначыў дыпламат.

Экспазіцыя амэрыканскай амбасады працуе пад дэвізам «Даведайся пра Амэрыку праз коміксы!». На стэндзе сабраныя ўзоры прыкладна ста класічных амэрыканскіх коміксаў такіх вядомых выдавецтваў, як Marvel, DC Comics, Dark Horse Comics, Image Comics, IDW Comics, Arche, EC, а таксама альтэрнатыўных і незалежных выдаўцоў.

На запрашэнне амбасады ЗША на выставу прыехаў Джош Элдэр, аўтар коміксаў і графічных навэл для больш чым сарака амэрыканскіх выданняў, у тым ліку «Лос-Анджэлес таймс» і «Бостан Глоўб». У школах, бібліятэках і ўніверсітэтах ЗША Элдэр рэгулярна праводзіць сэмінары і майстар-класы для стварэння коміксаў.

«Напэўна, усё амэрыканцы ганарацца тым, што комікс як жанр, мастацкая форма з'явіўся менавіта ў ЗША, але цяпер ён належыць усяму свету, - сказаў Джош Элдэр. - Героі, якіх мы стварылі - Чалавек-павук, Бэтмэн, Супэрмэн, - распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Яны прыносілі людзям радасць, натхненне. Я думаю, што ўсе амэрыканцы гэтым вельмі ганарацца».

Адрозна ад кінематографа або літаратуры, «у коміксах вельмі шмат рэчаў не паказваюцца відавочна», і такія «прагалы ў апавяданні дазваляюць чытачу станавіцца часткай» гэтага апавядання. «Шмат у чым гэта робіць коміксы ўнікальным жанрам», - мяркуе Элдэр.

Калі коміксы ствараюцца ўслед за нейкімі гістарычнымі падзеямі, апісваная рэчаіснасць у іх можа спрашчацца, «але гэта не абавязкова», адзначыў Элдэр.

«Так бывае ў кожным жанры, можна напісаць кнігу, у якой будуць спрошчаныя апісваныя падзеі. Альбо гэта можа быць кніга, у якой падзеі паказваюцца з розных бакоў. Для мяне коміксы - гэта свайго кшталту пасудзіна, у гэтую пасудзіну вы можаце змясціць усё што хочаце», - падкрэсліў аўтар амэрыканскіх коміксаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках