26 красавiка 2024, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандал у ТЮГу: у «Трох парсючках» знайшлі палітычны падтэкст

52
Скандал у ТЮГу: у «Трох парсючках» знайшлі палітычны падтэкст

Дырэктара тэатра збянтэжылі заклікі герояў будаваць дом на добрым падмурку.

Канфлікт у ТЮГу цягнецца з канца мінулага месяца. 24 студзеня мастацкі савет тэатра абвясціў вотум недаверу дырэктару Мікалаю Казюліну. 25 студзеня прайшоў агульны сход. Трупу абурыў той факт, што дырэктар узяў курс на стварэнне забаўляльнага прадукту. Акцёры хацелі б захаваць тэатр асветніцкім, піша «Наша Нiва».

Акрамя таго, Казюлін прапанаваў скасаваць пасаду мастацкага кіраўніка, якую займаў рэжысёр Уладзімір Савіцкі. Па юрыдычным статусе гэтая пасада роўная дырэктару. З тых часоў ТЮГ знаходзіцца ў віры падзей.

У СМІ прайшла інфармацыя, што дырэктар папрасіў прабачэння ў падначаленых і вырашыў сысці. Але сённяшні агульны сход калектыву паказаў, што Казюлін не збіраўся здавацца.

Мерапрыемства наведалі чыноўнікі - Ігар Карпенка, віцэ-мэр Менска і лідар пралукашэнкаўскай кампартыі, а таксама Віталіна Рудзікава, начальнік упраўлення культуры Менгарвыканкама.

Карпенка паведаміў, што пасада мастацкага кіраўніка будзе захаваная. А першай пастаноўкай тэатра ў новым будынку стане «Сіняя птушка» Морыса Метэрлінка, якая прадэманструе ўсе тэхнічныя магчымасці новага будынка і новай залы. Менавіта ад гэтай пастаноўкі планаваў адмовіцца Казюлін.

Ігар Карпенка намаляваў аптымістычную карціну хуткага пераезду ў новы будынак, які запланаваны на лета, а пасля - пастаноўку новых спектакляў. Але аўдыторыя сустрэла гэтыя словы з абурэннем: «Вы не бачылі, як адкрываўся Купалаўскі тэатр? Што вы нам казкі расказваеце».

Акцёры мелі на ўвазе, што для пераезду ў новы будынак і пераносу спектакляў на сцэну звычайна патрабуецца шмат часу.

Далей слова атрымаў Мікалай Казюлін, які зноў заявіў, што гатовы сысці са сваёй пасады, калі калектыў яму не давярае (першы раз ён заявіў гэта на сустрэчы ў гарвыканкаме). Калектыў сустрэў гэтыя фразы авацыяй. Але цалкам не паверыў Казюліну, бо падазрае яго ў двайной гульні.

Як на сходзе, так і ў кулуарах тюгаўцы скардзіліся, што дырэктар выклікаў да сябе акцёраў, выкручваў ім рукі і стараўся перацягнуць на свой бок (напрыклад, намесніку начальніка аднаго з цэхаў ён нібыта паабяцаў больш высокую пасаду. Зразумела, за падтрымку).

Уладзімір Савіцкі прывёў факт, калі Казюлін абвінаваціў яго ў палітыцы, якая нібыта прысутнічае ў дзіцячых спектаклях. У прыватнасці, дырэктар знайшоў палітычны падтэкст у казцы «Тры парасяці», разлічанай для дзяцей ад 5 гадоў. Казюліна збянтэжылі заклікі герояў будаваць дом на добрым падмурку.

Між тым, у сённяшняй сітуацыі ТЮГу менш за ўсё патрэбныя канфлікты. У 2008 тэатр выехаў са свайго будынка. Спектаклі праходзяць на сцэне Дома літаратараў, а тэхнічныя службы знаходзяцца на ўскраіне горада - у будынку кінатэатра «Электрон» каля плошчы Казінца.

Супрацоўнікі запрасілі на невялікую экскурсію па памяшканні.

Усе службы знаходзяцца ў маленькіх пакойчыках, дзе надзвычай цесна і холадна. Дэкарацыі робяцца ў фае кінатэатра. А тэмпература ў сталярнай майстэрні наогул нулявая.

Супрацоўнікі просяць паспяшацца з рамонтам. І знайсці ім дырэктара, які будзе займацца гаспадарчымі пытаннямі і не стане перашкаджаць ім у творчых справах.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках