17 траўня 2024, Пятніца, 4:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая аблога Сараева

18
Новая аблога Сараева

Па Босніі і Герцагавіне пракаціліся масавыя хваляванні праз пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, росту беспрацоўя і карупцыі ў краіне.

У Босніі і Герцагавіне трэці дзень запар працягваюцца вулічныя непарадкі. Увечары ў пятніцу ў Сараеве пратэстоўцы падпалілі прэзідэнцкі палац. Паводле звестак на суботу, раны атрымалі больш за 200 чалавек. Антыўрадавыя выступы ахапілі ўсе буйныя гарады краіны пасля закрыцця дзяржаўных заводаў, што пазбавіла працоўных месцаў вялікую колькасць баснійцаў, піша Gazeta.ru.

Непарадкі да цяперашняга часу ахапілі дваццаць местаў, у тым ліку Сараева, Зэніцу, Мостар, Біхач і Траўнік. Пачаліся ж маніфэстацыі ў горадзе Тузла, размешчаным на поўначы краіны.

Выступы суправаджаюцца непарадкамі і сутычкамі з паліцыянтамі. Паводле звестак Reuters, у пратэстах у Тузле бралі ўдзел блізу 6 тысяч чалавек. Брытанская The Guardian піша, што пратэстоўцы ўварваліся ў будынак мясцовай адміністрацыі, разбілі там кампутары і паламалі мэблю. Маніфестанты таксама пачалі закідваць дзяржаўныя ўстановы камянямі і дымавымі шашкамі, паліцыянты, у сваю чаргу, ужылі слезацечны газ.

У выніку сутыкненняў у Тузле раны агулам атрымалі звыш 130 чалавек, большасць з якіх - вартавыя парадку.

Колькасць пацярпелых праваахоўнікаў, сцвярджаюць мясцовыя СМІ, складае 104 чалавек. Урад і прэм'ер-міністр кантона Тузла пад ціскам пратэстоўцаў падалі ў адстаўку.

Прычынай для выхаду людзей на вуліцы стала закрыццё мясцовых прадпрыемстваў, у выніку чаго шмат грамадзян засталося без працы. Непарадкі пачаліся яшчэ ў сераду, пасля закрыцця прададзеных прыватным інвестарам дзяржаўных фабрык. Пратэстоўцы ўпэўненыя, што прычынай гэтага стала «ашуканская прыватызацыя». Бо эканамічная сітуацыя цяжкая і ў краіне ў цэлым, выступы ўмомант перакінуліся на іншыя гарады. Падагрэла пратэсты і незадаволенасць людзей высокім узроўнем карупцыі.

У пятніцу некалькі тысяч баснійцаў выйшлі на вуліцы сталіцы дзяржавы Сараева. У паліцыянтаў ляцелі камяні, дэманстранты падпальвалі аўтамабілі і дамы ў цэнтры места.

Пратэстоўцы нават падпалілі прэзідэнцкі палац: у вокны будынка пачалі кідаць паходні. Як перадае Deutsche Welle, загарэліся адзін з карпусоў прэзідэнцкай адміністрацыі і будынак рэгіянальнага ўрада.

Як паведамляюць мясцовых СМІ, пажарнікі не маглі дапяць да асяродку полымя - перашкаджалі маніфэстанты. Журналісты, у сваю чаргу, бачылі агонь і дым у палацы.

Вартавыя парадку ўжывалі супраць удзельнікаў выступаў гумовыя кулі, святлогукавыя гранаты, слезацечны газ ды палівалі іх вадой з брандспойтаў. Утаймоўваць пратэстоўцаў дапамагалі таксама антытэрарыстычныя падраздзяленні краіны, гэтую інфармацыю спраўдзіла паліцыя.

Агулам у выніку сутыкненняў у Босніі і Герцагавіне раны атрымалі да 230 чалавек, паведамляе Associated Press.

Паводле афіцыйных звестак, узровень беспрацоўя ў краіне складае 44%. Але паколькі частка грамадзян працаўладкаваная неафіцыйна, фактычная колькасць непрацаўладкаваных - 27,5 %, ва ўсякім выпадку, такую лічбу называе ЦБ Босніі і Герцагавіны. Сярэдні заробак у краіне - 420 € за месяц.

Фота: Gazeta.ru

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках