29 красавiка 2024, панядзелак, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самаабарона Майдана: Супраць нас працавалі некалькі аддзяленняў снайпераў

8

Відавочцы расстрэлу распавялі, адкуль вёўся агонь і колькі стралкоў удалося затрымаць.

Тыдзень прайшоў з моманту расстрэлу абаронцаў Майдана ў Кіеве, калі загінулі блізу 80 чалавек, і большасць - менавіта ад стрэлаў снайпераў. Са слоў Вольгі Багамолец, якая кіравала выратаваннем параненых на Майдане, 18 лютага, у першы дзень спецаперацыі сілавікоў па зачыстцы акцыі пратэсту, ад стрэлаў снайпераў у сэрца, лёгкія і сонную артэрыю былі забітыя 25 чалавек. Калі самаабарона пайшла ў наступ, 20 лютага, былі застрэленыя больш за 60 чалавек. Яшчэ 350 атрымалі цяжкія агнястрэльныя раненні. Ад дакладна выпушчанай кулі снайпера не маглі выратаваць каскі і бронекамізэлькі, піша «Сёння».

Першая кропка

«Саша Храпачэнка быў забіты раніцай 20 лютага. Яго група наверсе Інстытуцкай нарвалася на моцны агонь. Прыкрываючыся шчытамі, яны ўжо адпаўзаюць назад...На ім была ўся абарона, але куля прайшла праз ключыцу ў лёгкія. Ён імгненна загінуў», - распавёў яго сотнік па мянушцы«Пісня».

Гатэль «Украіна». На верхнім паверсе меркавана працавалі два стралкі. Фота Д.Фартунатаў

Адстрэл ішоў нават пасля таго, як сілавікі адступілі па вуліцы Інстытуцкай за ўваход на станцыю метро «Хрышчацік» і стала відавочным, што іх спроба па зачыстцы Майдана правалілася. «Самае страшнае, што, прарваўшыся на мясцінку насупраць метро, хлопцы апынуліся пад крыжаваным агнём снайпераў», - сказаў Мікалай з Львоўскай вобласці, які прыехаў у Кіеў як раз 18 лютага, а цяпер ахоўвае гэтую «крывавую» барыкаду. Аб крыжаваным агні сведчаць кулявыя адтуліны ў ліхтарных слупах і ў ствалах дрэў, якія растуць насупраць.

Паводле назіранняў Мікалая, два снайперы працавалі на верхнім паверсе гатэля «Украіна»: адзін у кірунку Майдана Незалежнасці, другі - у бок верхняга выхаду з метро «Хрышчацік». За вуглом банка «Аркада» нібыта была група аўтаматчыкаў. Яшчэ адзін снайпер, з ягоных слоў, сядзеў на даху дома па адрасе Банкавая, 2. Ці то двое, ці то адзін нібыта стралялі з апошняга паверха Нацбанка, перыядычна змяняючы свае пазіцыі ў вокнах. Яшчэ адзін стрэлак працаваў у гэтым кірунку з даху Кабміна - з гэтай пазіцыі ён бачыў амаль усю Інстытуцкую. Паводле падлікаў Мікалая, у той дзень тут працавалі мінімум шэсць снайпераў.

Другая кропка

Паводле звестак былога афганца В. (імя ён прасіў не называць), задача якога была выявіць размяшчэнне снайпераў для наступнай перадачы інфармацыі ў штаб, - яшчэ адна кропка снайпераў была ў раёне гатэля «Казацкая». «Сядзелі снайперы на апошнім паверсе гатэля. Яшчэ аднаго засеклі на Кастрычніцкім палацы ў бок Майдана, іншага - у згарэлым Доме прафсаюзаў. Тут наогул была самая выгадная пазіцыя для снайпера. Была засада на вуглавым доме на Касцельнай, дзе двое снайпераў прасядзелі амаль суткі. Хутчэй за ўсё, гэта іх праца: ля помніка архангела Міхаіла была параненая ў спіну дзяўчына і забіты хлопец. Па маіх звестках, удалося захапіць траіх стралкоў, але пра іх лёс я нічога не ведаю», - запэўнівае афганец.

Трэцяя кропка

Са слоў актывістаў, пачыналі снайперы працаваць на Грушэўскага адразу ж, як толькі там выраслі першыя барыкады 19 студзеня: размясціліся нібыта на даху Кабінета міністраў. «Мы ўзвялі добрыя барыкады на Грушэўскага, там практычна ўсюды была мёртвая зона для снайпераў. Толькі адзін квадрат прастрэльваўся, але там стаялі высокія барыкады і людзей не было бачна», - сказаў камандзір атрада «смяротнікаў», як яны сябе называлі, па мянушцы «Барада», які разам з таварышамі абараняў Грушэўскага амаль месяц. Калі 18 лютага іх абарону прарвалі праз тое, што некалькімі днямі раней у выніку перамір'я былі прабітыя вароты ў іх барыкадзе, яны сцвярджаюць, быццам ужо назіралі снайпераў на верхнім паверсе гатэляў «Дніпро» і «Хрышчацік». «Працавала мінімум адно аддзяленне снайпераў - 10 чалавек, - распавёў нам кіраўнік штаба народнага супраціву Майдана Анатоль Вядзмедь. - Як мяркуюць, было і другое аддзяленне людзей, якія гулялі ў стралкоў - нанятых грамадзянскіх, якія пачалі працаваць ужо пасля адыходу сілавікоў з Грушэўскага і Інстытуцкай. Яны адстрэльвалі людзей яшчэ некалькі дзён. Паводле нашых звестак, ім плацілі за кожнага забітага». Адзін дзень працы «нанятага снайпера» нібыта каштаваў $40 тысяч.

Са слоў Вядзмедзя, рабіліся спробы злавіць снайпераў, але наколькі яны ўвянчаліся поспехам, ён не стаў каментаваць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках