4 траўня 2024, Субота, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хадаркоўскі: Рана ці позна можа быць вайна ў Еўропе

23
Хадаркоўскі: Рана ці позна можа быць вайна ў Еўропе

Расея застаецца пагрозай бяспекі на кантыненце.

Пра гэта заявіў былы кіраўнік «Юкаса» Міхаіл Хадаркоўскі, выступаючы з лекцыяй у Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

«Расейская дзяржава супрацьпаставіла сябе большай частцы сусветнай супольнасці. Урад маёй краіны, такім чынам, вяртаецца да практыкі дазволу тэрытарыяльных спрэчак XIX стагоддзя. Гэты крок будзе мець самыя сур'ёзныя наступствы як для свету агулам, так і для самой Расеі. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пытанне пра лёс Крыму з'яўляецца вельмі хваравітым як для ўкраінцаў, так і для расейцаў. Крым для эканомікі Расеі хутчэй клопат, чым набыццё. Але для расейцаў гэта сакральнае месца, важны элемент гістарычнай памяці і самая незагойная рана з часоў распаду СССР. Я не памылюся, калі скажу, што шмат для каго з расейцаў Севастопаль - як частка «святой зямлі». Гэта павінна быць улічана ў пошуку формулы ўрэгулявання», - заявіў ён.

Змену ўлады ва Украіне Хадаркоўскі назваў падзеяй сусветнага маштабу, значэнне якой выходзіць далёка за рамкі краіны.

«Гэта можа прычыніцца да перафарматавання ўсёй еўрапейскай палітыкі і, на жаль, яшчэ не ўсе да канца гэта разумеюць», - заявіў бізнэсовец. Ён заклікаў звярнуць увагу на памылкі украінскай рэвалюцыі. «Радыкалізм часткі актывістаў Майдана стаў прычынай таго, што Украіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны. Ідэальная для Украіны сітуацыя - двухмоўе. Незалежнасці Швайцарыі і Бэльгіі шматмоўе не пагражае. Трэба адкінуць этнічную нецярпімасць і нянавісць да мінулых палітычных апанентаў. Пазбягаць нават асобных эксцэсаў», - дадаў ён.

Былы бізнэсовец падкрэсліў, што Украіна можа стаць прыкладам дэмакратычных пераўтварэнняў для сваіх суседзяў, у тым ліку і для Беларусі.

«Украіна можа стаць флагманам руху постсавецкіх краін у Еўропу. Поспех Украіны стане пралогам дэмакратычнай трансфармацыі ў Расеі. Інакш рана ці позна будзе вайна ў Еўропе», - заявіў Міхаіл Хадаркоўскі.

Нагадаем, на 16 сакавіка крымскія сепаратысты прызначылі «рэферэндум», на якім жыхары паўвострава павінны будуць адказаць на пытанне, ці жадаюць яны, каб аўтаномная рэспубліка ўвайшла ў склад Расеі. Паўвостраў напоўнены расейскімі вайскоўцамі, якія захапілі ці заблакавалі ўсе стратэгічныя аб'екты. Украінскія ўлады адмовіліся прызнаваць легітымнасць самаабвешчаных уладаў Крыма і законнасць правядзення рэферэндуму.

Фота: Getty Images

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках