3 траўня 2024, Пятніца, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка не здолее захаваць нейтралітэт

10
Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка не здолее захаваць нейтралітэт

Менск не падтрымае новую ўладу ва Украіне без ухвалы Масквы.

Заўтра ў Менску пройдзе пасяджэнне сталых прадстаўнікоў краін Садружнасці незалежных дзяржаў. Яго прапанавала правесці ўкраінская старана, якая ў гэты момант старшынюе ў арганізацыі. На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, гэтая ініцыятыва Кіева - гэта тэст для тых, хто пакуль сумняваецца і не жадае прызнаваць новую ўладу ва Украіне.

Акрамя таго, на ягоную думку, сітуацыя пагражае «заніканнем» штаб-кватэры СНД у Менску як састарэлай спадчынай СССР, бо краіны-ўдзельніцы разбрыліся па іншых кватэрах, роўна як пад пытаннем апынаецца і будучыня пуцінскага праекта Еўразійскага саюза, піша ru.DELFI.lt.

- Рада сталых і паўнамоцных прадстаўнікоў краін СНД пры органах Садружнасці збярэцца на сваё пасяджэнне ў аўторак для разгляду прапановы Украіны аб скліканні пазачарговага пасяджэння Рады міністраў замежных спраў СНД у Менску. Як вы пракамэнтуеце гэтую прапанову ўкраінскай стараны, і што можа даць збор сталых прадстаўнікоў напярэдадні?

- Прапанова Кіева правесці пазачарговае пасяджэнне Рады кіраўнікоў МЗС з'яўляецца тэстам для тых, хто пакуль сумняваецца і не жадае прызнаваць новую ўладу ва Украіне, якая старшынюе цяпер у СНД. Характэрна, што дагэтуль не было чуваць голасу сталага і паўнамоцнага прадстаўніка Украіны пры органах СНД, адрозна ад надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Украіны ў Беларусі, які правёў надоечы прэс-канферэнцыю ў Менску. Безумоўна, сталыя прадстаўнікі на сваім зборы будуць рэтрансляваць пазіцыю сваіх прэзідэнтаў. Але сёння фармальным украінскім прэзідэнтам і старшынём у СНД застаецца Януковіч. Так што шмат у чым менавіта сталыя прадстаўнікі на сваім зборы павінны ўнесці пэўнасць, хто і для каго сёння з'яўляецца прэзідэнтам Украіны.

- З чым звязанае правядзенне паседжання «ў закрытым фармаце»?

- З поўнай нявысветленасцю пазіцыі ўсіх краін-удзельніц СНД у дачыненні да натуральнай агрэсіі Крамля ў Крыме ды ўжо і ў астатніх частках ўкраінскай дзяржавы.

- Пасяджэнне РМЗС плануецца правесці ў Кіеве. Ці магчыма ў такім выпадку ў цяперашняй сітуацыі ўдзел у ім Расеі?

- Мяркуючы з публічных заяў Пуціна і ягоных чыноўнікаў, ім няма з кім сёння ў Кіеве размаўляць. Магчыма, чарговая заяўленая прэс-канферэнцыя збеглага Януковіча, якую плануецца правесці з дня на дзень, надасць імпульс падзеям ва Украіне і крымскаму крызісу ў прыватнасці.

- Якія наступствы падзеі на Украіне могуць мець для СНД у цэлым?

- Да закрыцця, дакладней, «занікання» штаб-кватэры СНД у Менску, як застарэлай спадчыны СССР. Усе ўжо даўно разышліся па іншых «кватэрах»: «саюзная дзяржава», Еўразійскі саюз, ГУАМ, АДКБ. А такія як Грузія, Малдова далей настойліва ідуць у ЕЗ, не забываючы NATO. Неўзабаве, у іх шэрагу апынецца і Украіна.

- Расея не дачакалася падтрымкі сваіх дзеянняў ні ад адной з краін СНД, а, да прыкладу, да Азэрбайджана нават звярнуліся крымскія татары. У якім становішчы апынецца Расея ў гэтым выпадку і чым для яе гэта небяспечна?

- Варта адзначыць, што крымскія татары таксама звярнуліся і да Казахстана. Гэтыя дзве краіны удзельнічаюць не толькі ў СНД, але і Групе цюркамоўных краін, дзе дамінуе натаўская Турцыя. Дарэчы, у гэтую групу яшчэ ўваходзяць і Кыргызстан ды Узбекістан. Так што, мабыць, не Расея ўжо будзе старэйшым братам для іх, а Турцыя. І зусім ужо ў смузе апынаецца будучыня пуцінскага праекта Еўразійскі саюз.

- Што можна сказаць пра Беларусь у гэтым плане?

- Пры дэманстрацыйным маўчанні чальцоў кіраўніцтва краіны, з'явіліся «абаронцы айчыны», якія заклікаюць мацаваць тэрытарыяльную абарону, створаную Лукашэнкам для Захаду, але ўжо з боку Усходу. З'явіўся нават тэрмін «мяккая канфрантацыя» апазіцыі з рэжымам у выпадку пагрозы суверэнітэту. Пры ўсёй насычанасці рознай інфармацыі з Украіны, у гэтых абаронцаў, здаецца, няма належнага разумення, што ва Украіне адбылася, са слоў расейскага прафэсара Зубава, Вялікая антысавецкая рэвалюцыя. А ў Беларусі яшчэ ліпяць савецкая ўлада і статусная апазіцыя. Ім захацелася быць разам у адной сістэме. Не думаю, што гэта не бачаць з Крамля.

У Беларусі з Расеяй ёсць цэлы пакет дзвюхстаронніх пагадненняў з адпаведнымі абавязаннямі. У тым ліку і аб узгадненні замежнай палітыкі. Паўтарэнне «нейтралітэту» Менска, як падчас вайны Расеі з Грузіяй, ужо немагчымае. Сёння Пуцін-алімпіец «на кані». І неяк з цяжкасцю ўяўляецца з'яўленне ў Кіеве Уладзіміра Макея без Сяргея Лаўрова. Ужо вядома, што на крымскім рэферэндуме не будуць назіральнікі ад афіцыйнага Менска. Факта малазначны, але характэрны. Думаю, супрацьстаянне Расеі з Украінай набліжаецца да развязкі. Прычым як для дзейных асоб, так і для назіральнікаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках