3 траўня 2024, Пятніца, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ рыхтуе «чорны спіс» з 18 расейскіх чыноўнікаў

26
ЕЗ рыхтуе «чорны спіс» з 18 расейскіх чыноўнікаў

На гэтых асобаў накладуць забарону на ўезд у ЕЗ, а іх актывы ў Еўразвязе замарозяць.

Прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі і міжнароднай супольнасці заўтра збяруцца ў Лондане і пачнуць афармляць спіс з 18 галоўных расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да ўварвання Расеі ва Украіну, заявіў сёння прэм'ер-міністр Велікабрытаніі Дэвід Кэмеран, перадае УНН.

На гэтых асобаў накладуць забарону на ўезд у ЕЗ, а іх актывы ў Еўразвязе замарозяць, калі Расея не пойдзе на паляпшэнне становішча, сказаў прэм'ер, выступаючы ў Палаце абшчын брытанскага парламента.

Паводле яго слоў, Маскве трэба паказаць, што яна не можа «растаптаць» Украіну і не мусіць праводзіць незаконны рэферэндум аб уступленні Крыма да Расеі.

Назваўшы ідэю правядзення крымскага рэферэндуму за такі кароткі час і ва ўмовах ваеннай акупацыі фарсам, прэм'ер заявіў: «Мы павінны выступіць супраць агрэсіі, дамагчыся захавання міжнароднага права і падтрымаць урад Украіны і ўкраінскі народ, якія хочуць свабодна выбраць сваю будучыню».

Ён нагадаў брытанскім парламентарам, што ў мінулы чацвер тэрміновы саміт ЕЗ ухваліў трохступеньчаты працэс адказу на дзеянні Расеі ва Украіне. Першым крокам, прынятым у той дзень, стала, у прыватнасці, прыпыненне падрыхтоўкі да саміту Групы васьмі ў расейскім Сочы і перамоваў аб лібералізацыі візавага рэжыму для грамадзян Расеі і аб падрыхтоўцы новага пагаднення аб адносінах ЕЗ і Расеі. Кэмеран не выключыў пры гэтым, што Група сямі прамыслова развітых дзяржаў можа правесці сустрэчу асобна, без Расеі.

Калі Расея на працягу бліжэйшых дзён не пагодзіцца на перамовы з урадам Украіны ў стваранай міжнароднай кантактнай групе, ЕЗ гатовы хутка ўвесці другую фазу санкцый - замарожванне актываў і забарону на ўезд для вядучых асоб ва ўладзе прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Менавіта гэта заўтра будуць абмяркоўваць у Лондане прадстаўнікі ЕЗ, ЗША і іх міжнародных партнёраў, сказаў Кэмеран.

Калі Расея пойдзе на далейшыя крокі для дэстабілізацыі становішча ў Крыме, «гэта будзе мець далёка ідучыя наступствы», папярэдзіў брытанскі прэм'ер. У прыватнасці, гаворка ідзе аб шырокіх эканамічных санкцыях як трэці этап дзеянняў ЕЗ.

Ён прызнаў, што гэтыя далейшыя санкцыі супраць Расеі могуць мець негатыўныя наступствы і для Брытаніі і Еўрапейскага звяза. Але пры гэтым Кэмеран адзначыў: «Бяспека і багатае жыццё самой Брытаніі апынуцца пад пагрозай, калі мы дазволім становішча, пры якім краіны могуць проста грэбаваць міжнароднымі нормамі і не несці за гэтага наступстваў».

Пры гэтым Дэвід Кэмеран адзначыў, што Расея яшчэ мае магчымасць вырашыць сітуацыю дыпламатычным чынам: пайсці на прамыя перамовы з Украінай, вярнуць расейскія войскі ў Крыме ў месцы базавання і спыніць падтрымліваць незаконны і неканстытуцыйны рэферэндум на паўвостраве.

Учора, 9 сакавіка, брытанскі прэм'ер знаходзіўся ў Германіі, дзе падчас сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель абодва адзначылі незаконнасць крымскага рэферэндуму і папярэдзілі Расею аб новых наступствах, калі яна паспрабуе легітымізаваць любыя спробы адарваць Крым ад Украіны.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках