28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алігарха Чыжа не пакараюць за выцераб дрэў ва Уруччы

21
Алігарха Чыжа не пакараюць за выцераб дрэў ва Уруччы

Пракуратура не знайшла парушэнняў пры будаўніцтве аўтацэнтра Audi AG і дамоў у раёне вуліц Панамарова і Герояў 120-й дывізіі ва Ўруччы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў менскі прадпрымальнік і адзін з абаронцаў ляснога масіву Вячаслаў Піліпук, які атрымаў адпаведны адказ з сталічнай пракуратуры.

Нагадаем, у Менску на месцы зялёнай зоны будуюць аўтацэнтр. Ініцыятар прыроднага вандалізму - беларуская кампанія «Трайпл», якая належыць набліжанаму да Лукашэнкі алігарху Юрыю Чыжу. У лістападзе мінулага года блізу 200 менчукоў звярнуліся ў Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку. Яны запатрабавалі дапамагчы ў спыненні будаўніцтва аўтацэнтра і жылых дамоў, падчас якога было знішчана больш за тысячу дрэў. Каштоўнасць ляснога масіву ініцыятары звароту пацвердзілі экспэртызамі Інстытута экспэрыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук. Спецыялісты, абследаваўшы астатнюю зялёную абсаду, прыйшлі да высновы, што асобныя дрэвы «павінны быць уключаныя ў базу асабліва каштоўных аб'ектаў расліннага свету Менска і стаць грамадскім здабыткам гараджан». У той жа час лясны масіў, адзначылі яны, агароджвае жылыя дамы ад тлуму і аўтамабільных выдыхаў праспекта Незалежнасці.

Калектыўны зварот прыродаахоўная інспекцыя перанакіравала ў Генеральную пракуратуру, а тая, у сваю чаргу, у пракуратуру Менска.

У адказе сталічнай пракуратуры значыцца, што будаўніцтва групы жылых дамоў з памяшканнямі грамадскага прызначэння і падземнымі гаражамі, якое ажыццяўляе ТАА «Трайпл», вядзецца на падставе ўказа прэзідэнта № 337 ад 17 жніўня 2008 года. Паводле гэтага ўказу, будаўніцтва ажыццяўляецца «з правам высечкі драўнінна-хмызняковай расліннасці», таму падстаў для «захадаў пракурорскага рэагавання» няма.

Пракуратура Менска таксама адзначае, што Менгарвыканкам даў ТАА «Эйс-Мотарс» зямельны надзел для будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG паводле інвестыцыйнай дамовы. Гэта было зроблена на падставе ўказа прэзідэнта № 667 ад 27 снежня 2007 года. Інвестдамова была ўкладзеная ў адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта № 10 ад 6 жніўня 2009 года, які прадугледжвае, што інвестар мае права на будаўніцтва аб'ектаў «з правам выдалення аб'ектаў расліннага свету без ажыццяўлення кампенсацыйных выплат кошту выдаляных аб'ектаў расліннага свету».

У той жа час, падкрэслілі ў пракуратуры, інвестар павінен будзе правесці кампенсацыйныя пасадкі «у месцах, вызначаных Менгарвыканкамам, у аб'ёме 2058 дрэў маруднарослых або іглічных парод альбо 4083 хуткарослых лісцвяных парод».

Са слоў Піліпука, ён не здзівіўся такому адказу з пракуратуры: «Робіцца выгляд, што ў нашай дзяржаве ўсё законна».

«Пракуратура падвяла ўсё да таго, што дзеянні «Трайпла», «Эйс-Мотарс» адпавядаюць указам прэзідэнта, - адзначыў ён. - Але ў нас ёсць экспэртныя высновы аўтарытэтнага інстытута НАН Беларусі, якія адназначна сведчыць, што высечка ў гэтым раёне немэтазгодная, а лес грае ахоўна-санітарную ролю ў жыцці мікрараёна. Калі кіравацца прынцыпамі разумнасці і сумленнасці, то дзяржава павінна клапаціцца пра здароўе грамадзян, ахову навакольнага асяроддзя і расліннага свету, але ўказы прэзідэнта гэтыя пытанні перакрэсліваюць».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках