2 траўня 2024, Чацвер, 1:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка просіць аддаць яму Украіну

194
Лукашэнка просіць аддаць яму Украіну

Беларускі кіраўнік гарантуе «стабільнасць ва Украіне ўжо да канца года».

Пра гэта Лукашэнка заявіў у сераду ў Менску на пасяджэнні Савета бяспекі па папярэдніх выніках першага этапу праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл Беларусі, піша «Інтэрфакс».

Кіраўнік раіць новай украінскай уладзе больш надаваць увагі вырашэнню ўнутраных праблем у краіне, а не перамоваў з заходнімі партнёрамі.

«У сухім астатку - трэба проста працаваць, трэба менш бегаць па замежжах, а трэба займацца ўласнай краінай і дабрабытам уласнага народа», - заявіў ён.

«Як гэта зрабіць, калі трэба, мы падкажам і дапаможам», - сказаў ён, звяртаючыся да новых украінскіх уладаў.

Лукашэнка адзначыў, што ў яго часта цікавяцца, што трэба рабіць для пераадолення крызісу на Украіне. «Я жартам адказваю: «Вы не напружвайцеся - проста трэба працаваць. А калі вы не ведаеце, што рабіць, - даручыце нам гэтую краіну, і да канца года мы забяспечым там стабільнасць, адзінства народа і цэласнасць дзяржавы», - сказаў ён.

«Ніякія «крамлі» на мяне не ціснуць»

Лукашэнка заяўляе, што «пры вызначэнні пазіцыі Беларусі па сітуацыі ва Украіне ён зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў краіны».

«Па-першае, на мяне ніхто не цісне, ніякія «крамлі» і іншае на мяне ніколі не ціснулі», - заявіў ён.

Такім чынам ён пракаментаваў здагадкі, якія з'явіліся ў СМІ, што «маўляў, Лукашэнка не саступае ціску Крамля (па сітуацыі ва Украіне), пакуль трымаецца і гэтак далей».

Лукашэнка падкрэсліў, што такі ціск «бесперспектыўны або, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўны».

«На мяне няма чаго ціснуць. Я буду абараняць інтарэсы сваёй краіны і дзейнічаць у строгай адпаведнасці з нашымі дамовамі, у тым ліку і ў адпаведнасці з дамовай аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, дзе ў нас ёсць прамыя абавязацельствы, таксама, як і ў Расеі», - падкрэсліў ён.

Ён таксама распавёў, што ў апошні час у сувязі з падзеямі ва Украіне знаходзіцца «ў пастаянным кантакце» з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. «Няўжо занадта «разумным» прадстаўнікам СМІ незразумела, што мы не можам абыходзіць бокам і гэтае пытанне (сітуацыю ва Украіне). Ён увесь час знаходзіцца ў поле зроку прэзідэнта Расеі і прэзідэнта Беларусі», - заявіў Лукашэнка.

«У Менску Майдана не будзе»

Лукашэнка заяўляе пра адсутнасць у краіне прычын для паўтарэння ўкраінскіх падзей.

«Я ў чарговы раз хачу сказаць, у Менску «майдана» не будзе, тут няма месца для «майдана», - заявіў Лукашэнка.

«Мы нічога не баімся, абсалютна, тым больш я», - падкрэсліў ён. «У нас няма фундаментальных, канцэптуальных прычын для падобных рэвалюцый», - адзначыў ён. «А галоўную прычыну мы ўсе ведаем - гэта страшны развал эканомікі, гэта карупцыя, якая прывяла да развалу ўлады (ва Украіне)», - сказаў Лукашэнка. «Мы гэтага не дапусцілі, і гэта вельмі вялікая наша заваёва, прабачце за нясціпласць», - працягнуў Лукашэнка.

У той жа час кіраўнік заўважыў, што «дурным быў бы той кіраўнік, які не спрабуе атрымаць урокі з некаторых падзей».

Лукашэнка - Захаду: «Нас палохаць не трэба»

Кіраўнік называе «таннымі» прагнозы, якія з'явіліся ў заходніх СМІ, што Расея распачне ў дачыненні да Беларусі дзеянні, аналагічныя палітыцы, якая праводзіцца ва Украіне.

«Калі нас хочуць напалохаць, то гэта вельмі танна. Нас палохаць не трэба», - заявіў ён.

Такім чынам ён пракаментаваў прагнозы заходніх СМІ аб тым, што падзеі ва Украіне павінны стаць перасцярогай для іншых краін, у прыватнасці Арменіі і Беларусі, пра магчымае ўваходжанне ў склад РФ.

«Мы будзем дзейнічаць выключна ў адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай, якая ў нас існуе паміж Расеяй і Беларуссю. Я ўжо некалькі разоў гэта ў адкрытую казаў: Мы з расейцамі - адзін народ, роўна як і ўкраінцы, мы славяне і мы заўсёды будзем разам», - сказаў ён.

«Але мы не збіраемся тут мітусіцца, мы не збіраемся быць ініцыятарамі эскалацыі нейкіх працэсаў у сувязі з украінскімі падзеямі і супрацьстаяннем Захаду, ЗША, з аднаго боку, і Расеі - з іншага боку», - адзначыў ён.

«Мы будзем дакладна ахоўваць інтарэсы нашай дзяржавы, нашых сяброў і суседзяў, нашых саюзнікаў. Таму палохаць нас у гэтым дачыненні не варта», - сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Напісаць каментар 194

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках