26 красавiка 2024, Пятніца, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Пуцін - прымітыўны юрыст

36
Станіслаў Шушкевіч: Пуцін - прымітыўны юрыст

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі пракаментаваў выказванні прэзідэнта РФ.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў падчас тэлефоннай размовы з народным дэпутатам Украіны, былым кіраўніком Меджліса крымскіх татараў Мустафой Джамілявым, што Украіна выйшла з СССР не зусім законна.

Па словах Пуціна, самаабвяшчэнне незалежнасці Украіны не зусім адпавядала савецкім нормам, якія прадугледжваюць працэдуру выхаду са складу СССР.

У 1991 годзе ў Віскулях прэзідэнты Расеі Барыс Ельцын і Украіны Леанід Краўчук, а таксама старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч прынялі рашэнне аб ліквідацыі СССР і стварэнні СНД, перадае «Радыё Свабода».

Адзін з падпісантаў Белавежскага пагаднення Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў заяву цяперашняга кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна адносна выхаду Украіны з СССР.

- Калі выконваць тыя савецкія законы, то ніколі б ніхто з СССР не выйшаў. Гэта ўсе добра разумелі. Але юрысты, якія аналізавалі Белавежскае пагадненне, а гэта былі магутныя юрысты і незалежныя камісіі, назвалі гэта пагадненне шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца другога тысячагоддзя. Яны паказалі, што гэта легітымнае пагадненне і фактычна па гэтай дамове Украіна дэ-юрэ выйшла з СССР. Ну, а гэты дробны юрыст Пуцін, прафесійны шпіён, знаходзіць нейкія закавыкі, каб адпавядаць таму заканадаўству абсалютна.

А калі іншых падыходаў і юрыдычных далікатнасцяў ён не хоча ведаць, то ён мае на гэта права. Так сцвярджаюць і ашалелыя камуністы. І калі ён называе распад СССР трагедыяй савецкага народа, то чаму ён не называе трагедыяй ГУЛАГ, чаму ён не называе мільёны загубленых жыццяў, чаму ён не называе зняволенні людзей. Гэта тыповы камуністычны, казарменны, шалёны падыход прымітыўнага юрыста. Інакш гэта разглядаць нельга. Хай пагартае інтэрнэт, паглядзіць там Пагадненне аб Садружнасці незалежных дзяржаў і хай паглядзіць, што там напісалі прафесіяналы - юрысты, не прыстасаванцы - юрысты, такія як Пуцін.

- Але чаму Пуцін менавіта цяпер пачынае рабіць такія заявы?

- Ён жа хоча, каб да Прыднястроўя, Абхазіі дадаўся яшчэ і Крым. І каб Расея бударажыла ўвесь свет сваімі захопніцкімі падыходамі. Гэта абсалютна адназначна, таму што ў яго не хапае таленту, ведаў і розуму, каб зрабіць жыццё расейцаў заможным. Бо такая краіна, якая паліваецца дажджом нафтадаляраў і ў якой траціна насельніцтва жыве ніжэй за ўзровень беднасці, можа быць толькі пры наяўнасці такіх кіраўнікоў, як Пуцін.

- А ці атрымаецца Пуціну дамагчыся перагляду Белавежскага пагаднення?

- Гэтага ў яго ніколі не атрымаецца. Гэта ж ратыфікавана тым жа расейскім парламентам, Вярхоўным Саветам. І Расейская дума ўжо прымала рашэнне аб дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў. І яна прыняла такое рашэнне. А калі свет сказаў, вы што, з глузду з'ехалі, тады яны прынялі заяву, што гэта проста была палітычная рэакцыя на падзеі, якая не мае ніякай юрыдычнай сілы. Нядрэнна было б, каб Пуцін гэта знайшоў і пачытаў, што Дума кінулася з падачы ЛДПР прымаць такое рашэнне.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках