30 красавiка 2024, aўторак, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бойня ў Данецку: людзям разбівалі галовы і выбівалі вочы

134

Колькасць загінулых у сутыкненнях у Данецку вырасла да трох, дзесяткі атрымалі раненні.

Беспарадкі адбыліся ўчора ўвечары. Узброеныя нажамі, дубінкамі і газавымі балончиками сепаратысты і "гастралёры" з Расеі атакавалі прыхільнікаў адзінства Украіны.

Як паведамляе ТСН, "хуткія" ледзь паспявалі аказваць дапамогу параненым. У іх былі прабітыя галовы, траўмаваныя вочы і раненні ад удараў металічнымі прутамі. У карэце "хуткай" па дарозе ў бальніцу памёр 22-гадовы данчанін. Яго смяротна паранілі нажом за тое, што прыйшоў на мітынг за адзіную Украіну.

Агрэсія пачалася з боку натоўпу, які падтрымлівае Расею. Паводле яго слоў, з боку ўкраінскіх дэманстрантаў агрэсіі не было. Таксама відавочцы распавядаюць, што калі мітынг за адзінства Украіны пачаў разыходзіцца, агрэсіўна настроеныя прарасейскія актывісты не адпускалі людзей. Яны атачылі дэманстрантаў і пачалі распыляць газ, а таксама кідаць камяні. А менавіта сутыкненне пачалося пасля таго, як праўкраінскія мітынгоўцы праспявалі гімн Украіны, піша NEWSru.ua.

Адразу пасля гэтага ў іх з боку прарасейскіх актывістаў паляцелі яйкі, петарды і дымавыя шашкі. Выйсці з плошчы Леніна мірным людзям дапамагла міліцыя, паплаціўшыся за гэта парэзанымі шынамі аўто і пабітым аўтобусам.

Па папярэдніх афіцыйных дадзеных падчас мітынгу загінулі два чалавекі, 14 атрымалі раненні. Крыніцы ў той жа час кажуць пра трох загінулых і паўсотню пацярпелых. Усе яны з тых, хто выйшаў на плошчу за цэласнасць Украіны.

Пазней стала вядома, што загінуў у Данецку падчас нападу прарасейскіх актывістаў на мітынг за адзінства Украіны - актывіст абласной арганізацыі ВА "Свабода " Дзмітрый Чарняўскі.

 

Пасля нападу на мірную акцыю прыхільнікаў саборнасці Украіны ў Данецку, у выніку якога загінулі 2 чалавекі, палітычная партыя "УДАР" патрабуе звальнення начальніка абласной міліцыі Канстанціна Пажыдаева.

Пра гэта заявіў старшыня Данецкай абласной арганізацыі партыі Ягор Фірсаў, перадае УНІАН.

"Забойства двух чалавек і дзесяткі пацярпелых падчас нападу прарасейскіх сепаратыстаў на ўдзельнікаў мітынгу за адзіную Украіну ў Данецку, паказала няздольнасць або нежаданне ўлады абараняць патрыятычна настроеных грамадзян Украіны ў дзяржаве Украіна. Расейскія правакатары і іх крымінальныя памагатыя ў Данбасе ўчынілі сапраўдны тэрор у цэнтры Данецка. Аналіз таго, што адбылося, паказвае, што яны першапачаткова ішлі на наўмысныя забойствы патрыётаў", - лічыць ён.

На думку Фірсава, усе падзеі былі прадказальныя і міліцыя абавязаная была прадухіліць сутыкненні і забойствы.

Мітынг у падтрымку цэласнасці Украіны праходзіў у Данецку з 18:00 да 19.00. Людзі самаарганізаваліся ў сацсетках і выйшлі на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць агрэсіўнай палітыкі Расеі і праяваў сепаратызму ва Украіне.

Агрэсіўна настроеныя прарасейскія актывісты напалі на ўдзельнікаў мітынгу за адзінства Украіны. Міліцыя затрымала агрэсіўных баевікоў, якія напалі на мітынг у абарону адзінства Украіны ў Данецку. Але пад націскам іншых прарасейскіх актывістаў адпусціла затрыманых.

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках