30 красавiка 2024, aўторак, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

40 чыноўнікаў Януковіча абвешчаныя ў вышук

2
40 чыноўнікаў Януковіча абвешчаныя ў вышук

На сённяшні дзень у вышуку знаходзяцца каля 40 былых чыноўнікаў каманды экс-прэзідэнта Украіны.

Пра гэта ў інтэрв'ю LB.ua расказаў міністр унутраных спраў Арсэн Авакаў.

Акрамя ўжо вядомых асоб, якія абвінавачваюцца па справе аб масавых забойствах - Віктара Януковіча, Віталя Захарчанкі і Андрэя Клюева, крымінальныя справы ўзбуджаныя і ў сувязі з фінансавымі махінацыямі.

"Масавыя забойствы і звязаныя з імі фінансавыя пытанні. Па іх праходзяць вельмі розныя людзі: ад Януковіча да кіраўнікоў груп "цітушак", - распавёў Авакаў, кажучы пра падрабязнасці крымінальных вытворчасцяў.

У прыватнасці, адным з фігурантаў справы, па словах міністра, з'яўляецца Міністэрства аховы здароўя.

"Гэта ўжо пры мне і пад маім кіраўніцтвам распачыналася. Зараз ідзе расследаванне. Вельмі шмат пытанняў па тэндэрах, закупцы аўтамабіляў хуткай дапамогі, медыкаментаў", - адзначыў ён.

"Далей - Нафтагаз. Маштабныя афёры з закупкай газу. Гаворачы пра Курчанку - гэта бензапрадукты. Канкрэтна - Усходнееўрапейская паліўна-энергетычная кампанія і левыя схемы па ўвозу нафтапрадуктаў у краіну. Ужо прайшла інфармацыя аб арышце - рашэннем Прыморскага суда горада Адэсы - 60 тысяч тон паліва. Гэта было зроблена па нашым запыце, у рамках вось гэтага вось расследавання", - таксама распавёў кіраўнік МУС.

Шэраг крымінальных спраў, па яго словах, узбуджаны і ў дачыненні да чыноўнікаў Мінтранса.

"Яшчэ адзін акцэнт - Мінтранс. Шэраг крымінальных спраў распачатыя па фактах, праводзяцца праверкі. Аднак, у рамках праверак, ужо ўнесены цэлы шэраг санкцый. У прыватнасці для недапушчэння выезду за мяжу асоб, якія могуць быць датычныя да махінацый", - дадаў Авакаў.

У дадзеным кантэксце ён таксама адзначыў, што некалькі спраў распачатыя адносна раскрадвання казны і бюджэтных сродкаў, накладзеныя мараторыі на аперацыі, якія дазволілі б вывесці грошы за тэрыторыю Украіны ці пералічыць замежным банкам.

Пры гэтым варта адзначыць, што значная колькасць асоб, у дачыненні да якіх узбуджаныя крымінальныя справы знаходзяцца не ва Украіне. Каментуючы дадзены факт, кіраўнік МУС адзначыў:

"Казаць пра гэта публічна я цяпер не маю права. Скажу толькі, што па ўсіх "віпах" - адносна месца іх знаходжання - разуменне, плюс-мінус, ёсць. Усе яны пакінулі краіну 20-22 чысла. Гэта значыць, яшчэ да таго, як Авакаў быў прызначаны в.а. кіраўніка МУС і да таго, як былі сфармаваныя новыя органы пракуратуры і СБУ, да таго як былі прадстаўленыя ордэры на іх арышт".

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках