29 красавiка 2024, панядзелак, 8:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што Лукашэнку трэба ад Канстытуцыі?

39
Што Лукашэнку трэба ад Канстытуцыі?

Мечыслаў Грыб, пад старшынствам якога Вярхоўны савет 15 сакавіка 1994 г. прыняў Канстытуцыю Беларусі, з цяжкасцю адказвае, якія папраўкі хоча ўнесці Лукашэнка.


«Я не ведаю, што яшчэ трэба гэтаму чалавеку. Ён сам называў сябе аўтарам паправак у Канстытуцыю. Не разумею, што яшчэ яму трэба ад яе»,
 - заявіў Грыб, выступаючы 15 сакавіка на пасяджэнні сойма Партыі БНФ, паведамляе БелаПАН.

Пра тое, што ў будучыні магчыма прыняцце новай Канстытуцыі, Лукашэнка заявіў 14 сакавіка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда.

Тады дыктатар заявіў наступнае: «Рана ці позна давядзецца прымаць новую Канстытуцыю. Канстытуцыю не пераходнага перыяду, а сфармаванай і ўсталяванай на нейкі перыяд часу нашай дзяржавы. Калі мы яе будзем ствараць, я б вельмі хацеў, каб сябры, суддзі Канстытуцыйнага суда, увесь Канстытуцыйны суд у гэта былі ўцягнутыя як грамадзяне».

На думку старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, заява аб магчымасці ўнясення змяненняў у Канстытуцыю магла быць выклікана спробай даведацца, як «адрэагуе дзяржаўны апарат на магчымасць здачы суверэнітэту» на карысць Расеі.

Грыб паведаміў, што Канстытуцыя ў 1994 годзе прымалася «дастаткова дэмакратычным шляхам, без ўмяшання партыйнага кіраўніцтва». Праект дакумента накіроўваўся ў Венецыянскую камісію, іншыя арганізацыі, з якіх «у асноўным паступалі станоўчыя ацэнкі».

Са словаў былога старшыні Вярхоўнага савета, спрэчным пры абмеркаванні праекта Канстытуцыі было моўнае пытанне, але ў выніку «ўпершыню быў усталяваны статус беларускай мовы як дзяржаўнай». Грыб таксама адзначыў, што на 1994 Канстытуцыя была «добрым асноўным законам».

Нагадаем, Канстытуцыя Беларусі ўжо некалькі разоў змянялася пасля правядзення «рэферэндумаў». Гэта адбывалася ў 1995, 1996 і 2004 гадах. Змены тычыліся палажэнняў аб дзяржаўных мовах, сімволіцы, паўнамоцтвах прэзідэнта.

Апошні «рэферэндум» адмяніў абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для Лукашэнкі. Апазіцыя і міжнародныя арганізацыі лічаць усё плебісцыты, якія праводзяцца на тэрыторыі нашай краіны пасля 1994 года, фальсіфікаванымі і не прызнаюць іх вынікі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках