5 траўня 2024, Нядзеля, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Борыс Дэніч: Ніхто з кіраўніцтва «Дынама» не патлумачыў нам, што адбылося

2
Борыс Дэніч: Ніхто з кіраўніцтва «Дынама» не патлумачыў нам, што адбылося

Трэнер гандбольнага «Дынама-Менск» распавёў, як праходзіла ліквідацыя каманды.

Развітальнае інтэрв'ю з рулявым клуба, які сышоў у нябыт, у журналістаў выдання «Прессбол» не адбылося. Суразмоўцу яны... страцілі. У абумоўлены для кантакту час мабільны тэлефон Борыса Дэніча выдаў нечаканае: «Праверце нумар выкліканага абанента». Непаразуменне было растлумачана пазней: не чакаючы адлёту трэнера дадому, клуб адключыў яго ад паслуг беларускага аператара сувязі.

Зрэшты, славенец апынуўся чалавекам слова. Папрасіўшы прабачэння за нявыкананае абяцанне, ён перадаў у рэдакцыю выдання тэкст, дзе закрануў шэраг прынцыповых, на яго погляд, нюансаў сумнай дынамаўскай гісторыі. Прадстаўляем вам «тэзісы Дэніча» ў злёгку «алітаратуранным» перакладзе:

Я не стаўлю мэты паведаміць вам усю праўду пра беларускі гандбол. Вы можаце адшукаць яе самі і пры вялікім жаданні зробіце гэта хутка.

Ні я, ні замежныя гандбалісты нікога не ўпрошвалі ўзяць іх у «Дынама». Нас паклікалі туды гуляць, рабіць моцны клубны праект. Ставілася мэта праз два-тры гады замацавацца ў топ-8 каманд Еўропы. Але па заканчэнні васьмі месяцаў дзеяння нашых кантрактаў клуб нечакана спыніў існаванне, а гульцы былі прадастаўленыя самі сабе. Ніхто з кіраўніцтва не палічыў патрэбным ні растлумачыць нам, што адбылося, ні сказаць слоў шкадавання або падзякі. (Па звестках журналістаў, назаўтра пасля аб'явы аб ліквідацыі «Дынама» ў гульцоў і трэнера забралі машыны і адключылі мабільныя тэлефоны. Іх выправадзілі з залы, дзе яны мелі намер патрэніравацца для падтрымання формы, згарнулі аплату за жыллё, адмовіліся не толькі аплаціць вяртанне дадому, але нават даць транспарт для перавозкі рэчаў у аэрапорт.)

Купля кожнага гульца была ідэяй клуба і яго кіраўніцтва, а не маёй. Я быў усяго толькі трэнерам гэтай каманды, а не клубным мэнэджэрам. Мне важна, каб вы гэта ведалі.

Прыцягненне ў такой вялікай колькасці гульцоў-легіянераў пацвярджае, што ў Беларусі не хапае гандбалістаў, клас якіх адпавядаў бы пастаўленым перад клубам задачам. Замежнікі павышалі агульны ўзровень беларускага чэмпіянату. Аднак, на жаль, яны ўвесь час адчувалі недабразычлівае стаўленне да сябе з боку трэнераў іншых клубаў, чыноўнікаў федэрацыі і часткі гледачоў.

Абставіны растання з дынамаўскімі легіянерамі выклікаюць у мяне пытанне: ці не паўторыцца зараз такі сюжэт у іншым беларускім клубе - у Брэсце? Магчыма, хтосьці ўспрымае тое, што здарылася, як перамогу. Але яна не будзе салодкай. «Дынама» было праектам, пра які ведалі ў Еўропе, адзіным клубам з патэнцыялам, які дазваляў прабіцца ў эліту еўрапейскага мужчынскага гандбола. Калі ліквідацыя «Дынама» - гэта цана будучых поспехаў беларускага гандбола, жадаю ўсім вам удачы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках