5 траўня 2024, Нядзеля, 5:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-футбаліст «Таўрыі»: Агрэсія з боку Расеі згуртавала Украіну

4
Экс-футбаліст «Таўрыі»: Агрэсія з боку Расеі згуртавала Украіну

Ураджэнец Луганска Ілля Галюза, які правёў пяць гадоў у Крыме, выказаў сваю пазіцыю адносна сітуацыі ў краіне.

«Вядома, як і кожны ўкраінец, я з болем у сэрцы і трывогай успрымаю сітуацыю ў роднай краіне. Напэўна, гэта самы складаны і трагічны перыяд у яе гісторыі за гады незалежнасці. Але таксама гэта і час нараджэння і ўмацавання веры і духу ўкраінцаў.

Мяне перапаўняе гонар за тое, што ва ўсіх украінцаў Львова, Луганска, Адэсы, Днепрапятроўска, Сімферопаля або Данецка так ярка выявілася пачуццё ўласнай годнасці. Украінцы - спакойны народ, і мы можам доўга трываць несправядлівасць. Але існуе мяжа ўсяму. І калі ўлада аддала загад збіваць мірных мітынгоўцаў на Майдане, гэта стала апошняй кропляй.

Велізарная колькасць украінцаў выйшлі паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, выйшлі супраць бязмежжа і беззаконня ўладаў. Бяззбройныя людзі бясстрашна ішлі пад кулі і гінулі ў імя новай Украіны, у імя будучыні. І цяперашняя ўлада заўсёды павінна памятаць пра гэта, прымаючы кожнае рашэнне на карысць сваёй краіне», - сказаў ён.

Футбаліст адзначыў, што ад расейскіх салдат можна чакаць чаго заўгодна.

«Я іграў у сімферопальскай Таўрыі пяць гадоў. Купіў кватэру і планую з сям'ёй жыць у Крыме. Цяперашняя сітуацыя пакуль спакойная, але, на мой погляд, непрымальная. Не павінны замежныя салдаты хадзіць са зброяй у нашай краіне. Не могуць яны блакаваць нашы ўзброеныя часткі. Немагчымы ў мірны час захоп чужой арміяй важных аб'ектаў інфраструктуры. Гэта не міратворцы, а акупанты. Салдаты выконваюць загады Пуціна, а ў чым яны складаюцца, мы можам толькі здагадвацца. Сёння яны проста назіраюць, а заўтра загавораць гарматы?!

І наогул, ну, хочаш ты жыць у Расеі ці дзе-небудзь яшчэ, збяры рэчы і едзь, спрабуй, можа, там лепш. Але калі ты ўкраінец, то павінен выконваць законы сваёй краіны. І жыць у вольнай, незалежнай і самастойнай дзяржаве», - адзначыў ён.

Ілля Галюза падкрэсліў, што агрэсія з боку Расеі згуртавала ўкраінцаў.

«Мы маладая краіна з вялізным патэнцыялам і выдатным геапалітычным становішчам. У нас у краіне добрыя душэўныя людзі і выдатныя спецыялісты ў розных галінах. Важна, каб нам не перашкаджалі. Мы самі даможамся ўсяго, да чаго імкнемся, і пабудуем моцную і незалежную Украіну. Гэтая агрэсія з боку Расеі вельмі моцна з'яднала нашу краіну.

Я футбаліст, і па родзе сваёй дзейнасці шмат езджу па ўсёй краіне. Ніколі і нідзе не было праблем з-за таго, што я размаўляю па-руску. Таксама я ніколі не чуў, каб былі нейкія складанасці ў гульцоў, якія будуць размаўляць па-украінску. Мы адна краіна!

Я лічу, што расейскія войскі будуць стаяць у Крыме як мінімум да прэзідэнцкіх выбараў, але, хутчэй за ўсё, даўжэй. У далейшага развіцця сітуацыі ёсць некалькі сцэнарыяў, і які з іх будзе асноўным, не ведае, напэўна, і сам Пуцін. Я проста спадзяюся, што ўсё складзецца найлепшым для Украіны спосабам. І без вайны. Ды дапаможа нам Бог!

Сёння мы ўсе бачым нараджэнне новай Украіны. Краіны, жыхары якой не пацерпяць здзекаў і бязмежжа ўладаў і сілавых структур. Краіны, дзе палітыкі павінны несці асабістую адказнасць перад выбаршчыкамі. Краіны, якая аб'ядналася насуперак усім праблемам. Краіны, грамадзяне якой горда паднялі галаву і вырашылі сябе паважаць. Краіны, якая заслугоўвае лепшага. Раз і назаўжды. Мы адна краіна! Адзіная Украіна!» - цытуе Галюзу korrespondent.net.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках