3 траўня 2024, Пятніца, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Парубій: Расея нацэлілася не на Крым, а на Кіеў

10
Андрэй Парубій: Расея нацэлілася не на Крым, а на Кіеў

Той, хто думае, што мэта Расеі - Крым, здзяйсняе вялікую памылку. Мэты Расеі - Украіна і Кіеў.

"І я ўпэўнены, што такі быў план з самага пачатку", - заявіў кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Парубій. Сваё меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю Die Welt (пераклад - Inopressa.ru).

Ён нагадаў, што "афіцыйна" Украіна не знаходзіцца ў стане вайны, "мы проста прывялі ў стан баявой гатоўнасці наша войска (...) Калі б мы абвясцілі ваеннае становішча, прыйшлося б адмяняць прызначаныя на 25 траўня выбары прэзідэнта. Але мы ведаем, што менавіта гэтага хоча расейскі ўрад". Парубій адзначыў, што Нацыянальная гвардыя, якая ствараецца ў цяперашні час, зможа дзейнічаць і без абвяшчэння ваеннага становішча.

Ён перакананы, што ў Крамлі "пралічыліся. Яны не думалі, што мы за некалькі дзён прыбярэм з пасады прэзідэнта Віктара Януковіча. Таму ў іх не хапіла часу падрыхтавацца (...) І немагчыма было сабе ўявіць, што мы так хутка зможам мабілізаваць наша войска і паліцыю - перш за ўсё, на ўсходзе краіны". Менавіта з гэтай прычыны, мяркуе Парубій, Расея пакуль абмежавалася Крымам.

Дрэнны стан войска Парубій лічыць вынікам "цалкам мэтанакіраванай" дзейнасці ўрада Януковіча. "Тое, што руйнавалася на працягу многіх гадоў, немагчыма аднавіць раптоўна. Але мы на верным шляху. Самае галоўнае, што ўмацаваўся баявы дух (...) З кожным днём стан нашага войска паляпшаецца".

"У Крамлі пакуль не прынялі рашэнне, як дзейнічаць у існуючых абставінах, - лічыць Парубій. - Пуцін непрадказальны (...) Ён хоча ўвайсці ў гісторыю як чалавек, які як бы зноў стаў збіраць расейскія землі. Гэта савецкае мысленне".

Захаду, мяркуе кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, не варта абмяжоўвацца толькі словамі - "у Крамлі гэта нікога не ўражвае. Павінны быць выразныя сігналы і дзеянні". Напрыклад, НАТА магло б увесці ў Чорнае мора свой флот, прапанаваў Парубій. Тое, што адбываецца ў Крыме ён лічыць "ужо не пытаннем расейска-украінскіх адносінаў", а "пагрозай Еўропе і Злучаным Штатам", перадае выданне.

У бліжэйшыя сем дзён Парубій паабяцаў прадставіць грамадскасці вынікі расследавання падзей 20 лютага ў Кіеве, "што менавіта адбылося, хто страляў, хто аддаваў загады". Сам ён перакананы, што снайперы дзейнічалі па ініцыятыве "трэцяга боку". Напрыканцы суразмоўца заявіў: "Калі такая ж агрэсія, як у Крыме, будзе працягвацца, то мы будзем вымушаныя абараняцца. Усімі сродкамі".

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках