5 траўня 2024, Нядзеля, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цяля з Межыгор'я хацелі назваць Люстрацыяй

1
Цяля з Межыгор'я хацелі назваць Люстрацыяй

У Межыгор'і ў пачатку сакавіка нарадзілася цяля.

Біёлаг Сяргей Грыгор'еў, старшыня прафкама Кіеўскага заапарка, ужо правёў інвентарызацыю і ўразіў усіх маштабам лічбаў - у маёнтку налічваецца 50 тысяч жывёл, птушак, рыб і ракаў. Такое адчуванне, што ўлічылі нават блох на сабаках. І гэтае войска трэба чымсьці карміць, піша «Комсомольская правда в Украине».

- Калі Межыгор'е адкрыта для турыстаў, мы выстаўляем скрынку для ахвяраванняў. За дзень могуць кінуць і 50, і 200 грн., а рэкорд устанавілі 9 сакавіка. Тады набралася 5365 грн., - распавядаюць у рэзідэнцыі. - Пару разоў еўра кідалі, а аднойчы ў скрынцы знайшлі залаты пярсцёнак.

Нярэдка прывозяць натурпрадукты - яблыкі, бульбу, моркву. У мінулыя выходныя, напрыклад, дзве сям'і скінуліся і завезлі ў Межыгор'е 200 кіло садавіны і гародніны. Іншыя неабыякавыя купілі на 400 грн. мазі для вымя кароў.

За час працы заапарк у Межыгор'і паспеў абзавесціся новымі гадаванцамі. 5 сакавіка чорна-рабая карова па мянушцы Дуці ацялілася. Імя нованароджанай прыдумлялі ўсім «Фэйсбукам».

- Самы арыгінальны варыянт - Люстрацыя, а коратка - Люсі. Але мы вырашылі даць цялушцы імя звыклае - Зорачка, - кажуць у экс-прэзідэнцкім заапарку.

Дарэчы, на наступны дзень пасля цялушачкі на свет з'явілася цяля. Імя яму, праўда, яшчэ не прыдумалі. Таксама сярод нованароджаных гадаванцаў - парачка ягнят.

- Жывёлы патроху прывыкаюць да людзей. У першыя дні, калі да іх пускалі турыстаў, многія атрымалі стрэс, - распавядае Сяргей Грыгор'еў. - Цяпер ім спакойна. Самыя прыязныя - стэпавыя жураўлі. Яны любяць назіраць за людзьмі. Добра ставяцца да старонніх грывістыя бараны, а вось муфлоны ад людзей кідаюцца і хаваюцца.

Іншая справа каровы - кожны дзень пад папуры з класічнай музыкі яны даюць па 30 літраў малака, якое потым адпраўляюць на Майдан. А ветэрынары Кіеўскага заапарка пасля праверкі Межыгор'я гэтым малаком нават раяць паіць дзяцей у бальніцах.

- Каб адпраўляць малако дзецям, патрэбная сертыфікацыя, а пакуль не будзе скончаны працэс нацыяналізацыі Межыгор'я, зрабіць гэта немагчыма, - наракаюць у заапарку.

У будучыні актывісты мараць зрабіць у Межыгор'і сельскі народны заапарк. І да ўжо цяперашніх гадаванцаў дадаць хатніх жывёл з іншых краін.

Фота: facebook.com/serhiy.hryhoryev.3

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках