5 траўня 2024, Нядзеля, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: шыкоўныя офісы Януковіча

3

Маёмасць кампаніі "Танталіт", звязанай з экс-прэзідэнтам Украіны, не абмяжоўваецца кватэрамі і катэджамі ў прэстыжных раёнах Кіева.

Дом на Валошскай, 11-а з'яўляецца, верагодна, самым вядомым офісам кампаніі за межамі Межыгор'я.

Начальнікам аховы гэтага будынка быў Ігар Шышка - дырэктар фірмы "Дом Лясніка", якая валодае аб'ектамі на тэрыторыі Дняпроўска-Цецярэўскага лясгаса. З пачатку 2000-х у будынку былі размешчаныя пераважна кампаніі данецкага бізнесмена Сяргея Момата. "Адказным" за офісны цэнтр была фірма "Азгард", якая належыць жонцы Момата Заліне: менавіта гэтай кампаніі плаціў за арэнду фонд "Дарога будучыні", якім кіравала грамадзянская жонка Януковіча, пішуць "Наші гроші".

nashigroshi.org

У 2010-м годзе "Азгард" атрымаў у карыстанне зямельны ўчастак пад будынкам на Валошскай. Праўда, ненадоўга: ужо ў наступным годзе гэта рашэнне Кіеўрады адмяніў суд. "Азгарду" ўчастак так больш і не дастаўся: у кастрычніку 2013 года дазвол на распрацоўку праекта яго землеўпарадкавання атрымаў "Офісны цэнтр "Валошскі". Дырэктар і заснавальнік фірмы Наталля Трафімчук працавала мэнэджэрам "Танталіта" і адказвала, сярод іншага, за закупку кавы і канцтавараў. Зараз заспець работнікаў "Танталіта" ці "Дарогі будучыні" ў офісе праблематычна, а іх дакументы ўжо вывучае Генпракуратура.

Жоўты адрэстаўраваны пяціпавярховы будынак з масіўнымі гранітнымі прыступкамі па адрасе вул. Шаўчэнкі, 16 прыкметна адрозніваецца ад іншых дамоў.

nashigroshi.org

Гісторыя пачалася летам 2008 года, калі экс-кіраўнік праўлення "Прамінвестбанка" Уладзімір Мацвіенка вырашыў купіць дом, які належаў узначаленай ім установе, за 13,8 мільёнаў грыўняў. Лета і восень таго года апынуліся асабліва цяжкімі для банка, і ў кастрычніку Нацбанк уводзіць у яго часовую адміністрацыю. У пачатку лістапада новым інвестарам "Прамінвестбанка" становіцца аўстрыйская Slav AG Андрэя і Сяргея Клюевых. І ў той жа час Мацвіенка бязвыплатна перадае дом неназванай ў судовым рашэнні асобе.

Праходзіць паўгода - і новы ўладальнік дорыць элітную нерухомасць афшорнай кампаніі "Абаніка Лімітэд". У выніку яшчэ двух пагадненняў дом аказваецца ў руках панамскай "Бэнбэры есэтс С.А.". Пасля "Абаніка" паспрабавала прызнаць наступныя пагаднення несапраўднымі, але вярнуць дом так і не ўдалося. Не змог вярнуць сваю ранейшую маёмасць і "Прамінвестбанк": хоць дамову паміж фінустановай і Мацвіенкам суд прызнаў несапраўднай, забраць дом у новых уладальнікаў не ўдалося.

Гісторыя стварэння і сапраўдныя ўладальнікі "Бэнбэры есэтс" дакладна вядомыя экс-дырэктару "Танталіта" Паўлу Літоўчанку. Як паказана ў расходным касавым ордэры кампаніі за 24 кастрычніка 2011 года, Літоўчанка атрымаў з касы тысячу еўра. 750 з іх ён выдаткаваў на апастыляваную выпiску з рэестра і копію статута Панамскага афшора.

Хоць дом у завулку Тараса Шаўчэнкі быў прыватным, зямля пад ім знаходзілася ў камунальнай уласнасці. І ў кастрычніку 2013 года прадпрымальнікі з межыгорскімі каранямі вырашылі выправіць гэта непаразуменне. Згодна з рашэннем Кіеўрады, кампанія "Лясор груп" атрымала дазвол на распрацоўку праекта землеўпарадкавання ўчастка, каб пасля арандаваць на 25 гадоў. Акрамя "Бэнбэры есэтс", другім заснавальнікам і былым дырэктарам "Лясор груп" з'яўляецца Юрый Пядзько - айцішнік "Танталіта".

Нягледзячы на тое, што "Танталіт" у 2011 годзе праводзіў рамонт дома і відавочна хацеў выгадна выкарыстоўваць, будынак да гэтага часу стаіць незаселеным, а вароты абвязаныя ланцугом.

Афіцыйным уладальнікам вертадрома ў цэнтры сталіцы з'яўляецца кампанія "Амадэус Ко", якой валодаюць брытанская Fineroad Business LLP і кіяўлянін Аляксандр Хамяк. Дакументы YanukovychLeaks дапамаглі выявіць: за будынкам стаіць ні хто іншы, як "Танталіт".

nashigroshi.org

"Амадэус Ко" быў падкантрольным "Танталіту" з самага свайго стварэння. Рэгістрацыяй кампаніі займаліся "межыгорскія" юрысты, а намеснік дырэктара "Танталіта" Дзмітрый Сідлярэнка атрымаў з касы трыста тысяч грыўняў, каб перадаць іх у статутны фонд "Амадэуса", згодна з касавым ордэрам, знойдзеным у Межыгор'і.

Пасля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расею стала вядома, што цэнтр "Паркавы" перапісалі на яго мэнэджэраў. Зараз уладальнікамі фірмы "Антэ Медыя" з'яўляецца яе дырэктар Віталь Філатаў (35%), кіпрская фірма DB Venture Investments LTD (35%) і ТАА "Топ Сістэмс" (30%), уладальнікам якой з'яўляецца намеснік дырэктара "Паркавага" Дзяніс Бурдук.

Офісны цэнтр "Заходні" знаходзіцца ў непрыкметным завулку ў Саломенскім раёне Кіева. Двухпавярховы будынак акружаны плотам, а за парадкам на тэрыторыі сочаць відэакамеры і ахоўнікі. Калісьці ў гэтым будынку знаходзіўся "Украінскі страхавы дом", які быў раней падкантрольным кампаніі Uvercon Investments Limited бізнесмена Эдуарда Прутніка. У 2008 годзе ў офіс Прутніка, якога нават называлі блізкім да Віктара Януковіча падселі "Дэвелаперская кампанія "АВК". Гэтую фірму, а таксама "Архітэктурна-будаўнічую кампанію "Інтэб", якая ў далейшым таксама пасялілася ў "Заходнім", можна назваць будаўнічым падраздзяленнем "Танталіта" - яны выступалі генпадрадчыкамі на аб'ектах у Межыгор'і і Сухалуччы.

nashigroshi.org

Дырэктарам "АВК" і ўладальнікам "Інтэба" быў данчанін Мікалай Ганчароў. Ён паспеў засвяціцца як сузаснавальнік такіх "сямейных" фірм, як "Эдэльвейс", "Ратавальнік" і "Дэльфін-2001". У 2011-м для адміністравання бізнес-комплексу "Танталіт" стварае асобную юрыдычную асобу - "Офісны цэнтр "Заходні". Зараз ён аформлены на экс-супрацоўнікаў "АВК" Ірыну Скрыпнік і Віталя Ярмоленку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках