6 траўня 2024, панядзелак, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збігнеў Бжэзінскі: Санкцыі супраць Расеі - лёгкая закуска перад абедам

40

ЗША пашыраць санкцыі супраць расейскіх уладаў.

У ходзе выступлення ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў, былы дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША Збігнеў Бжэзінскі заявіў, што наўрад ці Уладзіміра Пуціна ўзрадуе сур'ёзны канфлікт у самым сэрцы Еўропы. На думку эксперта, расейскі прэзідэнт аддасць перавагу абысціся малой крывёю, напрыклад, распадам або ўзрушэннямі ўнутры Украіны, перадае тэлеканал Euronews.

Справакаваны Масквой крызіс ва Украіне выклікаў замяшанне ў вашынгтонскага дыпламатычнага істэблішменту, але не ашаламіў яго. Аналізуючы дзеянні і прамову Пуціна ў Крамлі ў аўторак, былыя дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Збігнеў Бжэзінскі і Брэнт Скоўкрафт заявілі, выступаючы ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі Пуціна паклалі канец чвэрці стагоддзя часцяком няроўных, але ў той жа час канструктыўных адносінаў паміж ЗША і Расеяй.

«Мы павінны прадэманстраваць рускім нашу заклапочанасць тым, што словы, сказаныя Пуціным, занадта нагадваюць тое, што казаў Гітлер пра Аўстрыю напярэдадні «аншлюсу», за якім рушыла ўслед Судэцкая вобласць, і нам вядома, чым усё гэта скончылася. І гэта можа прывесці да вельмі сур'ёзных праблем у Еўропе, калі мы застанемся пасіўнымі перад тварам гэтага катастрафічнага развіцця падзей, магчыма, Украіна разваліцца, або адбудзецца паўтор таго, што здарылася ў Крыме», - заявіў Збігнеў Бжэзінскі.

«Пуцін іншы чалавек. Ён зусім не падобны на Гарбачова, і яшчэ менш на Хрушчова. Ён глядзіць на рэчы як былы агент КДБ, як той, хто перажыў крах Савецкага Саюза. Гэты чалавек поўны злосці, таму што лічыць, што гэты крах быў справакаваны ў тым ліку і Злучанымі Штатамі, каб прынізіць Расею і атрымаць перавагу над ёй», - лічыць Брэнт Скоўкрафт.

Зараз пачынаецца новая эра напружанасці ў Еўропе, хоць абодва дзяржаўных дзеяча не лічаць гэта вяртаннем да халоднай вайны.

«Пуцін павінен тройчы падумаць: ці можа ён на гэтым этапе развязаць вайну ў самым сэрцы Еўропы, улічваючы стан эканомікі сваёй краіны, вельмі жаласны, і досыць адсталы стан сваёй арміі, якая пакуль толькі мадэрнізуецца. Калі б ён на гэта рашыўся праз 10 гадоў, магчыма, ён быў бы ў лепшай пазіцыі. Але ў дадзены момант я не думаю, што Пуціна б парадаваў сур'ёзны канфлікт у гэтай частцы Еўропы. Ён палічыў за лепшае б абысціся малой крывёю, распадам Украіны, або якімі-небудзь узрушэннямі ўнутры Украіны. І я лічу, мы павінны канструктыўна растлумачыць яму, што гэта малаверагодна, паколькі ў нас там таксама інтарэсы», - заявіў Збігнеў Бжэзінскі.

Дзеянні Уладзіміра Пуціна можна было б прадказаць, калі б Захад надаваў больш увагі ўкраінскай эканоміцы, падкрэсліў Брэнт Скоўкрафт. Але Злучаныя Штаты і еўрапейцы паленаваліся заняцца гэтым.

«Еўразвяз зрабіў Украіне прапанову аб адносінах. Трохі таго, трохі гэтага, там трошкі, трошкі сям. Гэта значыць практычна нічога. Пуцін у сваю чаргу прапанаваў крэдыт у 15 мільярдаў даляраў. Тое ж самае маглі б і, я думаю, павінны былі зрабіць ЗША, сказаўшы: эканоміка Украіны ў жахлівым стане, мы - Злучаныя Штаты, Еўразвяз і Расея - разам гатовыя пачаць праграму дапамогі Украіне», - лічыць Брент Скоўкрафт.

Журналісты пацікавіліся ў Збігнева Бжэзінскага, ці лічыць ён санкцыі ў дачыненні да Расеі дастатковымі.

«Ну, ведаеце, яны як закуска перад абедам, лёгкая, не занадта сытная», - адказаў палітык, адзначыўшы, што чакае большага.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках