3 траўня 2024, Пятніца, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы прайшлі шэсцем па Вільні ў гадавіну пакарання смерцю Каліноўскага

21

150 гадоў таму ў Вільні быў пакараны нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.

Сёння на Лукішскім пляцы сабралася каля трохсот чалавек з кветкамі, свечкамі, сцягамі Беларусі, Літвы і Украіны. З Менска прыехала два аўтобусы, адзін - з Варшавы прыйшло нямала літоўцаў, а таксама госці з Украіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Раніцай у базыльянскім і дамініканскім саборах Вільні адбылася імша памяці Кастуся Каліноўскага, якая скончылася выкананнем гімна «Магутны Божа» і шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі па віленскіх вуліцах.

На Лукішскім пляцы маніфестантаў чакалі літоўцы, сярод іх вядомыя палітыкі Вітаўтас Ландсбергіс і Эмануэліс Зінгерыс.

Мітынг адкрыў адзін з найстарэйшых беларусаў Вільні Хведар Нюнька, якому ўжо 85, але яго энергіі могуць пазайздросціць і маладыя. Менавіта ён разам з рухамі «Разам» і «За свабоду» арганізаваў ўрачыстасці. Нюнька паведаміў, што ўрад Літвы прыслухаўся да просьбаў беларусаў і пастанавіла падчас рэканструкцыі Лукішскай плошчы захаваць крыж і пліту на месцы пакарання смерцю Каліноўскага.

Аляксандр Мілінкевіч у сваім выступе сказаў: «Каліноўскі - апостал незалежнасці і свабоды ў Беларусі, адна з самых вялікіх фігур беларускага пантэона. Ён быў прарокам, калі казаў, што толькі тады беларускі народ будзе вольны, калі маскаля над ім не будзе. 150 гадоў імперская палітыка Расеі не змянілася, што паказваюць падзеі ва Ўкраіне».

Вітаўтас Ландсбергіс сказаў, што ён добра разумее беларускую мову іншых выступоўцаў, і хоць сам гаварыць на ёй не можа, затое мог яго бацька, які дэкламаваў «Дудка беларуская».

«Каліноўскі - святы чалавек, герой Літвы і Беларусі. Ён шанаваны беларусам, шанаваны і літоўцамі... Цяпер найбольшая падтрымка патрэбна ўкраінскаму народу. Украіна павінна вытрымаць націск імперыі, супраць якой змагаўся Кастусь Каліноўскі. І перамога Украіны будзе дабром для Беларусі», - сказаў Ландсбергіс.

Пра Украіну, аб імкненні Расеі вярнуць савецкія парадкі ў Крыме казалі многія выступоўцы.

Прадстаўнік кіеўскага Майдана, малады хлопец Астап Вакалюк адзначыў: «Міхаіл Жызнеўскі - герой не толькі Украіны і Беларусі, так як ён змагаўся і загінуў за свабоду ў 26 гадоў, як і Каліноўскі на гэтай плошчы. Мы ў Кіеве добра разумеем, што Украіна стане вольнай толькі тады, калі загінуць рэжымы ў Маскве і Менску».

Увекавечанне памяці Каліноўскага завяршылася канцэртам - рэквіемам ў актавай зале Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках