4 траўня 2024, Субота, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Менску: «За нашу і вашу свабоду!» (Онлайн-рэпартаж, відэа)

60

У Менску адсвяткавалі гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка споўніцца 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна беларускія ўлады не прызнаюць гэтую дату, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, прайшлі сёння ў Беларусі і за мяжой. У гэтым годзе шэсце ў Менску прайшло пад лозунгамі салідарнасці з украінскім народам. Беларусы прыйшлі на акцыю з украінскімі сцягамі і стужкамі, расцяжкамі «Слава Украіне», «Расея - гэта вайна», «Смерць крамлёўскім акупантам», «За нашу і вашу свабоду».

Паводле розных ацэнках, у шэсці ўзялі ўдзел ад 3 да 5 тысяч чалавек

Пасля акцыі пачаліся затрыманні найбольш актыўных яе ўдзельнікаў.

Сайт charter97.org вёў анлайн-трансляцыю з акцыі:

20:50 Онлайн-рэпартаж скончаны. Дзякуй за ўвагу.

20:48 Паводле падлікаў карэспандэнтаў «Нашай Нiвы», у акцыі ўзялі ўдзел 5000 чалавек.

20:38 Міліцыя просіць усіх разысціся.

20:34 Тым часам арганізатары Дня Волі падзякавалі ўдзельнікам шэсця і мітынгу і заклікалі разыходзіцца з Парку Дружбы народаў вялікімі групамі.

Пасля афіцыйнага заканчэння мітынгу працягваецца імправізаваны канцэрт у Парку Дружбы народаў. Моладзь спявае песні гурта NRM.

20:31 Разам з Вінярскім затрымалі шэраг актывістаў.

20:30 На мітынгу на Бангалоры зачытаны зварот крымскіх татараў, у якім гаворыцца, што заўтра ў іх пачнецца барацьба за аўтаномію.

20:28 Затрыманы каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

20:27 Са сцэны зачыталі зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

20:26

20:22 Выступіў былы палітвязень Павел Севярынец, які сказаў, што слова «воля» ў беларускай мове азначае не толькі свабоду, але і рашучасць. І пажадаў беларусам пабольш рашучасці ў адстойванні сваіх законных правоў. А ў канцы заклікаў байкатаваць расейскія і беларускія афіцыйныя тэлеканалы, якія дыскрэдытуюць дэмакратычны рух у Беларусі і Украіне.

20:16 Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!».

20:14 Ужо сцямнела, а ў парку не працуе асвятленне.

20:13 Значная частка людзей стаіць за агароджай і відавочна не збіраецца ісці ўнутр. Віталь Рымашэўскі заявіў, што з такой прапускной сістэмай прайсці праз яе немагчыма будзе нават за 2 гадзіны. Са слоў Рымашэўскага, гэта зроблена ўладамі наўмысна.

20:05 Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых падчас сутыкненняў ва Украіне хвілінай маўчання і затым выканалі ўкраінскі гімн.

20:04 Многія ўдзельнікі акцыі адмаўляюцца ісці за металічныя рамкі.

20:02 Зараз пачнецца мітынг. Каля сцэны 50 чалавек.

19:58 Міліцыянты канфіскавалі расцяжку «Расія - гэта вайна».

19:57

19:56 У бок міліцыянтаў, якія стаяць побач з металашукальнікамі, гучаць воклічы «Ганьба!».

19:53 Людзі пачынаюць праходзіць праз металічныя рамкі для ўдзелу ў мітынгу.

19:48 Карыстальнікі паведамляюць пра блакаванне канала ustream.tv у Беларусі.

19:46 Людзі скандуюць «Ганьба!» і «Пуціна за краты!».

19:45 Калона заходзіць у Парк Дружбы народаў. Падчас шэсця людзей не стала менш, паведамляе «Радыё Свабода». Колькасць удзельнікаў акцыі нават павялічылася.

19:40 Удзельнікі акцыі спяваюць гімн Украіны.

19:37 Дзяўчаты прыйшлі на шэсце ў вянках.

19:34 Затрымалі 5 чалавек з нацыянальнай сімволікай.

19:26 Міліцыя палюе за анархістамі.

19:25 У шэсці бяруць удзел блізу 3 тысяч чалавек.

19:23 Толькі што два чалавекі ў спартыўнай форме спрабавалі зладзіць бойку з удзельнікамі шэсця. Дэманстранты спыніліся і адказалі крыкамі «Ганьба правакатарам». «Цітушкі» адышлі, але працягваюць ісці побач і сваімі выказваннямі «чапляюць» удзельнікаў акцыі. У іх у вушах навушнікі, вядуць сябе вельмі нахабна.

19:22 Калона дайшла да ўніверсама «Рыга». Гучаць лозунгі «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь».

19:15 Арганізатары шэсця Алесь Лагвінец і Аляксей Янукевіч папрасілі каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага схаваць расцяжку «Смерць крамлёўскім акупантам». Пра гэта актывіст паведаміў сайту charter97.org.

19:12 Міліцыя перашкаджае працы журналістаў.

19:10 Сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч распавёў сайту charter97.org, што настрой у людзей вельмі святочны.

«Я не памылюся, калі скажу, што 25 сакавіка - гэта самы вялікі дзень у гісторыі беларускага народа. Гэта дзень, калі была ўвасобленая мара аб дзяржаўнасці. Таму сёння такі святочны настрой», - сказаў былы палітвязень.

Актывіст адзначыў, што сённяшняя шматлікая дэманстрацыя праходзіць пад лозунгам салідарнасці з Украінай.

«Гістарычна так склалася, што ў Беларусі з Украінай былі агульныя інтарэсы на Захадзе і агульныя праблемы на Усходзе. Мы ўсе хочам, каб украінскі народ усё ж такі дамогся свабоды і справядлівасці. Гэта будзе мець вельмі вялікае значэнне для многіх краін і, безумоўна, для Беларусі», - перакананы ён.

19:10 Аўтамабілісты падтрымліваюць удзельнікаў шэсця.

19:05 Удзельнікі шэсця скандуюць «Жыве Беларусь!».

18:55 У Парку Дружбы народаў заўважаныя людзі ў цывільным.

18:55 Са слоў Віталя Рымашэўскага, у шэсці бяруць удзел блізу паўтары тысячы чалавек.

18:54 Раздаюць бел-чырвона-белыя і жоўта-блакітныя шарыкі.

18:52 Правакатараў перадаюць міліцыі.

18:51 Першыя шэрагі калоны павярнулі на вуліцу Сурганава. Уздоўж праезнай часткі стаяць байцы спецназа і інспектары ДАІ.

18:48 У людзей святочны настрой.

18:45 Удзельнік акцыі прыйшоў з плакатам «Расія - агрэсар, прэч з Рады бяспекі ААН ».

18:43 АМАП расцягваецца ўздоўж дарогі на Сурганава, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси» ў «Твітэры».

18:41 Удзельнікі скандуюць «Расія - акупант», спяваюць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

18:41 Калона рушыла да Парку Дружбы народаў.

18:38 Людзі скандуюць «Банду гэць!»

18:35 Мітынгоўцы прынеслі шары ў колерах беларускага і ўкраінскага сцягоў.

18:30 Пачынаецца фарміраванне калоны. Людзі трымаюць расцяжкі «Слава Украіне - Героям слава!», «Свабоду палітвязням»!, «За нашу і вашу свабоду!».

18:29 Людзі скандуюць «Слава Украіне - Героям Слава!».

18:27 Удзельнікі акцыі заклікаюць не глядзець расейскае ТБ.

18:25 Малады чалавек прыйшоў на шэсце з плакатам «Пуціну - фу!».

18:19 Прысутным раздаюць жоўта-блакітныя стужкі.

18:16 Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі трымае расцяжку «Смерць крамлёўскім акупантам».

18:15 Людзі спяваюць «Не быць скотам». Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі сцягі кампаніі.

18:13 Актывісты «Маладога Фронту» трымаюць расцяжку з партрэтамі Бандэры, Шухевіча, Булак-Балаховіча, Вітушкі і Гадлеўскага з надпісам «Героі не паміраюць».

18:12 Колькасць удзельнікаў акцыі працягвае павялічвацца.

18:11 Людзі спяваюць «Тры чарапахі» NRM.

18:10 У Алеся Кіркевіча, гарадзенскага актывіста і журналіста, міліцыянты наважылі зрабіць агляд кватэры, паведамляе «Радыё Свабода».

18:07 На пляцоўцы каля «Кастрычніка» каля трох сотняў удзельнікаў шэсця.

Шмат бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сцягоў Украіны. Многія маюць жоўта-блакітныя стужкі ў знак салідарнасці з украінскім народам.

18:05 Гучаць песні «Belarus Freedom» «Ляпісаў», «Акіяна Эльзы» «Уставай Міла мая, уставай».

18:03 З'явіліся арганізатары мерапрыемства: Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Рыгор Кастусёў. Актывісты «Маладога фронту» разгарнулі расцяжку, на якой напісана «Героі не паміраюць».

18:02 Разам з традыцыйнымі бел-чырвона-белымі сцягамі ёсць сцягі ЕЗ і Украіны. На акцыю прыйшлі Зміцер Дашкевіч з жонкай, Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі, піша БелаПАН.

18:00 Удзельнікі акцыі трымаюць расцяжку «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

18:00 Двух назіральнікаў затрымалі ў пераходзе метро і адвялі ў пакой міліцыі. Перапісаўшы пашпартныя звесткі адпусцілі, паведамляе ПЦ «Вясна» ў «Твітэры».

17:58 Удзельнікі акцыі трымаюць плакаты «Цяперашняя ўлада ў Расеі - пагроза ўсяму свету!».

17:56 Перад кінатэатрам «Кастрычнік» ужо каля 200 чалавек.

17:46 Удзельнікі акцыі прыносяць з сабой украінскія сцягі.

17:44 На выхадзе з метро стаяць міліцыянты і людзі ў цывільным.

17:36 На вуліцы Дарашэвіча каля праспекта шэсць аўтобусаў з міліцыяй, прычым тры з іх - без нумароў. Таксама прыпаркаваны аўтазак, паведамляе «Наша Нiва».

17:24 З'явіліся першыя ўдзельнікі акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі.

17:00 Відавочцы паведамляюць пра закрыццё кінатэатра «Кастрычнік», ля якога павінны сабрацца мітынгоўцы.

16:31 У цэнтры горада заўважаныя некалькі аўтазакаў.

Напярэдадні акцыі ў Менску і рэгіёнах прайшлі затрыманні апазіцыйных актывістаў. 17 сакавіка да 15 сутак арышту быў прысуджаны лідар АГП Анатоль Лябедзька. 24 сакавіка ў Менску быў затрыманы актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрый Паліенка.

Сёння на выездзе з Берасця былі спыненыя сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук і каардынатар БХД Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай. Міліцыя таксама ўчора правяла ператрус у 19-гадовага Паўла Жызнеўскага - пляменніка Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў у Кіеве. Павел планаваў ехаць у Менск на Дзень Волі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках