9 траўня 2024, Чацвер, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святаслаў Вакарчук: Калі Украіна гатовая абараняць сябе, то свет дапаможа ёй

6
Святаслаў Вакарчук: Калі Украіна гатовая абараняць сябе, то свет дапаможа ёй

Любоў да радзімы правяраецца менавіта ў такія крытычныя сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца Украіна.

Пра гэта заявіў лідар вядомага гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук падчас анлайн-канферэнцыі на сайце ru.DELFI.lt. Яму давялося казаць не пра музыку, а пра палітыку.

«Спачатку мы планавалі звычайны тур, аднак пазней, падчас развіцця сітуацыі ў краіне, нашы канцэрты набылі дадатковую значнасць», - сказаў ён, адказваючы на пытанне чытача партала аб тым, ці з'яўляецца іх канцэрт звычайным турам ці ўяўляе сабой нейкую дыпламатычную місію.

«На канцэртах мы не займаемся палітыкай. Усё роўна гэта ў першую чаргу музыка. Музыка павінна сама па сабе несці ў сабе ўсё. Але вы ўсё разумееце, што тое, што адбываецца ў нашай краіне, не можа застацца незаўважаным. Напрыклад, на канцэртах у Германіі, Польшчы і Чэхіі было шмат людзей з украінскімі сцягамі. Такую падтрымку мы адчувалі», - адказаў лідар украінскага гурта.

Акрамя таго, на думку музыкі, скасаванне канцэртаў гурта ў Расеі - гэта часовая з'ява.

«Я спадзяюся, што гэта часовая з'ява. Ведаючы настроі прыхільнікаў, думаю, што гэта не звязана з іх стаўленнем да гурту. Спадзяюся, усе гэтыя забароны адыдуць у нябыт. Мяркую, што забароны не прывядуць да пазітыўнага выніку. Любая забарона падагравае цікавасць да выканаўцы. Адзіны крытэр - гледачы. Байкот гледачоў - сумленная пазіцыя, адміністрацыйныя меры - гэта не самае лепшае, тым больш у выпадку з Океанэм Ельзи, калі нічога на самай справе не было, ніхто не можа прывесці ніякіх прыкладаў», - адзначыў ён.

Тым не менш, Вакарчук мяркуе, што канцэрты яго калектыву ў Расеі адбудуцца ў найбліжэйшай будучыні.

«Вас не здзівіла тое, як лёгка Украіна аддае Расеі сваю тэрыторыю без супраціву?». На такое пытанне лідар украінскага музычнага калектыву адказаў:

«Я б не хацеў казаць, што і як здарылася, а хачу казаць пра тое, што б не здарылася. На жаль, ваенны шлях магчымы, але мы павінны зрабіць так, каб гэтага не дапусціць. «Хочаш міру - рыхтуйся да вайны». Украіна павінна зразумець, што свет глядзіць на яе. Калі Украіна гатовая абараняць сябе, то і свет дапаможа ёй», - сцвярджаў ён.

Са словаў Вакарчука, ён не піша песні, зыходзячы з кан'юнктуры або палітычнай сітуацыі, але часам яны становяцца прароцкімі : «Я не пішу песень надзённых, хутчэй, песні нараджаюцца і становяцца прароцтвамі нейкіх падзей. Такое здараецца з «Океанэм Ельзи». Апошнім часам было не да напісання, паглядзім, напэўна, гэта ўсё адаб'ецца ў будучыні. Песні - гэта не памфлеты, гэта крыху іншае мастацтва, танчэйшае».

Вільня трохі нагадала ўкраінскаму выканаўцу родны горад - Львоў. Акрамя таго, з яго сцвярджэнняў не толькі ён асабіста, але і ўся Украіна ўдзячная Літве за падтрымку.

«У Літве бываў вельмі даўно, калі Літва і Украіна былі ў адной дзяржаве. Быў школьнікам і ўдзельнічаў у алімпіядзе ў фізіцы. З тых часоў гэтая краіна мне вельмі падабаецца. Вільня натуральна нейкім чынам мне нагадвае родны Львоў, хоць падабенства толькі прыблізнае. Спадзяюся, што так (падтрымку), ўбачым на канцэрце. Мы ўдзячныя Літве за падтрымку палітычную, гэта вельмі важна, але гэта ўжо не маё асабістае стаўленне, а Украіны», - заявіў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, што важней, свабода або бяспека, Вакарчук выказаўся шчыра: «Свабода, свабода і яшчэ раз свабода! Як паказвае гісторыя, той, хто аддае перавагу бяспецы а ні свабодзе рана ці позна страціць і адно і іншае».

«Кожны павінен для сябе вырашыць, што ён гатовы рабіць. Мне здаецца, што ў такіх крытычных сітуацыях і выпрабоўваецца любоў і адданасць да сваёй краіны. Асабіста я гатовы рабіць усё ў даслоўным сэнсе гэтага слова», - адзначыў музыкант, кажучы пра цяперашнюю сітуацыю ва Украіне і яе грамадзян.

Фота: DELFI

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках