9 траўня 2024, Чацвер, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джэймс Шэр: Не разумею, чаму Украіна не абараняе сябе

12
Джэймс Шэр: Не разумею, чаму Украіна не абараняе сябе

Украіна і Захад павінны падняць стаўкі ў гульні з Пуціным.

Джэймс Шэр (James Sherr) з аналітычнага цэнтра Чэтам Хаўз (Chatham House) у Лондане мяркуе, што Расея, якая атрымала тактычную перамогу ў Крыме, прайграе сваю кампанію ва Украіне ў далейшай перспектыве, калі толькі Кіеў пачне абараняцца.

Сайт «Радыё Свабода» публікуе пераклад фрагментаў інтэрв'ю, якое эксперт даў украінскай англамоўнай газеце Kyiv Post.

- Расея цяпер кантралюе Крым. Пуцін спыніцца на гэтым ці пойдзе далей, на поўдзень і ўсход, спрабуючы ўсталяваць лаяльны або падкантрольны ўрад у Кіеве?

- Калі спыніцца Пуцін? Адказ просты: калі ён дасягне сваіх мэтаў ці калі яму не дадуць дасягнуць іх. Шэраг заходніх партнёраў Украіны разумеюць гэта, але некаторыя - не. Многія да гэтага часу вераць у дыпламатыю; да сярэдзіны гэтага месяца дыпламатыя і «пагроза» санкцый вызначалі рэакцыю Захаду. Для многіх у нашых палітычных і знешнепалітычных установах дыпламатыя з'яўляецца наркотыкам, без якога яны не могуць жыць. Разам з гэтай залежнасцю праявілі сябе і іншыя турботы. Адной з іх з'яўляецца «дээскалацыя», як быццам тое, што патрабуецца з нашага боку, было нейкай формай «кантролю над злосцю».

Для Масквы гэта вельмі карысна, бо такі падыход перамяшчае акцэнт з таго, што адбылося сёння, на тое, што можа адбыцца заўтра. Такі падыход таксама ўскладае столькі ж адказнасці на Украіну, колькі і на Расею. Нагадаем тут папярэджанне Польшчы брытанскім і французскім амбасадарамі ў Варшаве перад пачаткам вайны ў 1939 годзе: «Не правакуйце Нямеччыну». Паўтаруся: у Еўропе ёсць такія, якія мяркуюць, што Украіна павінна хутчэй стрымліваць сябе, чым абараняцца.

Дыпламатыя - гэта не лекі. Гэта інструмент палітыкі. Пакуль няма мэты, няма ніякай палітыкі. Якая тут мэта Захаду, якога канчатковага выніку мы хочам дасягнуць? Пакуль мы не ведаем адказу на гэтае пытанне, мы не павінны займацца дыпламатыяй, асабліва з такой краінай як Расея, якая ведае, чаго хоча, якая мяркуе, што ведае, як гэта атрымаць, і верыць, што знаходзіцца ў выйгрышнай пазіцыі. Расея зменіць сваю палітыку толькі тады, калі яе сілавыя структуры прыйдуць да высновы, што яе цяперашні курс шкодзіць інтарэсам краіны і іх уласным. Тады будзе час для дыпламатыі.

- Вы лічыце, што Украіна і Захад павінны адказаць на расейскую агрэсію сілай. Што, па-вашаму, павінны зрабіць Украіна і Захад, каб выставіць Пуціна з Украіны?

- Па-першае, давайце ясна вызначым мэту, якую павінны ставіць Украіна і Захад. Гэтай мэтай не павінна быць пакаранне Расеі, хоць яна гэтага і заслугоўвае. Мэтай павінна быць адраджэнне Украіны: аднаўленне дзяржавы, яе суверэнітэту, кантролю на межах, яе макраэканамічнай стабільнасці, службы бяспекі і ўзброеных сілаў, аднаўленне інстытутаў. Вядома, гэта павінна быць зроблена на дэмакратычнай аснове паводле зразумелых пэўных правілаў. Гэта пакарае Расею з лішкам, бо ў такой сітуацыі яна не дасягне сваёй галоўнай мэты - падпарадкавання Украіны сваёй волі.

Разам з гэтым мы павінны падвоіць і кансалідаваць намаганні для зніжэння нашай энэргетычнай залежнасці ад Расеі: нашай і вашай. З боку Еўразвязу гэта азначае ажыццяўленне палажэнняў Трэцяга энэргетычнага пакета і крокаў (напрыклад, злучэнняў паміж трубаправодамі), якія мы абавязаліся выконваць, пачынаючы з 2007 года, і ўмацавання інструментаў Еўрапейскага энэргетычнага грамадства, часткай якога з'яўляецца і Украіна. З боку Украіны гэта азначае глыбокія і ўстойлівыя рэформы энэргетычнага сектара і ўнутраных энэргетычных рынкаў. Толькі на гэтай аснове Украіна зможа прыцягнуць інвестыцыі, неабходныя для развіцця сваіх вялікіх вуглевадародных рэсурсаў. І, нарэшце, мы павінны распачаць сур'ёзныя і абдуманыя (а не эфектнымі або правакацыйныя ) крокі, каб адрадзіць NATO як сур'ёзны ваенны інструмент у Еўропе. У нейкі момант у гэтым працэсе - я падазраю, што гэта адбудзецца раней, чым пазней - расейскія эліты і расейскі народ будуць вымушаныя падвесці вынікі эканамічных і палітычных наступстваў сваіх дзеянняў.

Што тычыцца Украіны, то выслоўе брытанскага гісторыка Томаса Карлейля заслугоўвае таго, каб паўтарыць яго ў соты раз: «Калі я не пастаю за сябе, то хто пастаіць за мяне?». Як чужынец, я проста не разумею, чаму ўлады афіцыйна не абвясцілі стан вайны. Узброеныя сілы і краіна павінны пачуць гэта. На Украіну напалі і занялі яе тэрыторыю. Яе сілы і сродкі і вайсковыя базы былі захопленыя, яе цэнтры ўлады былі занятыя, яе вайсковы флот быў знішчаны. Хоць новыя ўлады становяцца ўсё больш рашучымі, усё яшчэ няма поўнай яснасці. Да гэтага дня я не ўпэўнены, што жаўнеры і іх камандзіры ведаюць, што ад іх патрабуецца. Я ахвотна пагаджуся, што тут як раз Захад не дапамог. Час, перастаць хваліць Украіну за «праяву стрыманасці». Наш мэсыдж павінен гучаць: «Украіна мае права і абавязак абараняць свае ўзброеныя сілы, сваіх грамадзян і сваю тэрыторыю, і ў гэтым яна можа разлічваць на нашу поўную падтрымку». Ваганні ва Украіне падмацоўваюць ваганні на Захадзе, і наадварот. Тыя, хто так шматслоўна кажа, што «мы не павінны канцэнтравацца на Крыме, толькі на выбарах», наносяць вялікую шкоду для краіны.

- Вы маеце на ўвазе Юлію Цімашэнку?

- Імёны тут не дапамогуць, а глупства, пра якое я кажу, не абмяжоўваецца адным чалавекам. Але гэта глупства, калі людзі кажуць, што вайну можна адкласці да больш зручнага часу. Украіна не пачала вайну. Вайна прыйшла ва Украіну.

- Дык вось, вы згодныя з меркаваннем былога дарадцы Пуціна Андрэя Іларыёнава, які сказаў, што калі Украіна хоча, каб Захад яе абараняў, Украіна павінна пачаць абараняць сябе?

- Украіна атрымлівае дапамогу з Захаду і цяпер, большую, чым лічыць большасць людзей, і гэтая дапамога будзе павялічвацца. Але дапамога прыйдзе значна хутчэй, калі Еўропа ўбачыць, што Украіна робіць жорсткія і неабходныя захады, не толькі вайсковыя, дзеля самаабароны. Што яшчэ больш важна, Расея павінна пераканацца, што Украіна будзе абараняць сябе, колькі б гэта ёй ні каштавала.

Гэта не конкурс «мяккай сілы». Вайна з'яўляецца інструментам палітыкі, але гэта - вайна, якая, як сказаў Клаўзэвіц, мае свой уласны сінтаксіс. Эканамічным і інстытуцыянальным рэформам спатрэбіцца час, каб яны запрацавалі, але яны не запрацуюць, калі да моманту выбараў палова краіны ператворыцца ў дэ-факта Наваросію. Ва Украіны і Захаду ёсць некалькі месяцаў, каб змяніць дынаміку: не каб атрымаць перавагу, заўважце, але каб змяніць дынаміку. Калі мы гэта зробім, наша барацьба стане больш лёгкай, а барацьба для Расеі - больш цяжкай. Сіла Расеі - кароткатэрміновая. Як і Гітлер, Пуцін праводзіць кароткія вайны. Ён – па-здрадніцку спрытны тактык, які імкнецца атрымаць стратэгічную перавагу тактычнымі крокамі. Але ў працяглай барацьбе з Украінай і Захадам слабасць Расеі выйдзе вонкі. Заданне ў тым, каб датрываць да таго часу. Мы павінны дасягнуць таго, што Чэрчыль назваў «канцом пачатку». І мы зможам зрабіць гэта толькі тады, калі Украіна і Захад падымуць свае стаўкі ў гульні.

Крыўдна, што ва ўмовах надзвычайнага становішча ў краіне некаторыя ўсё яшчэ ўскладаюць свае надзеі на перспектывы сяброўства ў Еўразвязе і план падрыхтоўкі да ўступлення ў NATO. Гэтыя рэчы не маюць ніякага дачынення да справы. Нават калі б яны былі рэалістычнымі з палітычнага пункту гледжання, яны нічога не дапамогуць. У чэрвені 1940 брытанскі вайсковы кабінет міністраў заявіў: «Кожны грамадзянін Францыі атрымае адразу грамадзянства Вялікабрытаніі, кожны брытанскі падданы стане грамадзянінам Францыі». Хіба гэта дапамагло Францыі? Магчыма, Kyiv Post павінен змясціць карыкатуру: чалавек тоне, а другі чалавек на беразе паказвае яму дакумент пад назвай «Перспектывы сяброўства ў ЕЗ». Украіна мае патрэбу ў адчувальнай дапамозе, і як мага хутчэй. Яе не выратуюць такія шчодрыя жэсты.

- Такім чынам, на вашу думку, Украіна або пачне супраціўляцца, альбо памрэ?

- Вы занадта драматызуеце. Украіна не памрэ. Я ўпэўнены, што, так ці інакш, яна пачне супраціўляцца і выжыве. Да нядаўняга часу новыя ўлады Украіны не ведалі, куды рухацца. Яны адпіхнулі ад сябе шмат людзей, чыёй дапамогі патрабавалі. Але ў апошнія некалькі тыдняў можна адчуць змяненне стасункаў і першыя прыкметы згуртаванасці. Але яны пакуль непаслядоўныя. Краіна павінна ўбачыць дух настойлівасці ва ўсіх пачынаннях, лепшых людзей на важнейшых пасадах і вайну з кумаўством.

Расея таксама не памрэ, але я ўпэўнены, што яна прайграе. Яна не разумее Украіну. Нават калі Расея выйграе гэты раўнд, яна прайграе агулам. Крэмль думаў, што ён выйграў у снежні, калі Януковіч падпісаў пагадненне аб крэдыце 15 мільярдаў даляраў, і сябрукі Пуціна заявілі, што «Украіна наша». А праз два месяцы аказалася, што яны не маюць ніякага ўплыву ва Украіне. Цяпер нам трэба паказаць Расеі: бераце Крым - губляеце Украіну; бераце больш Украіны - губляеце Еўропу. Я думаю, што гэта абсалютна магчыма.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках