3 траўня 2024, Пятніца, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка палоннага ўкраінскага афіцэра: Мы як на парахавой бочцы

1

Сям'я Вячаслава Дзям'яненкі, выкрадзенага расейскімі вайскоўцамі 23 сакавіка падчас штурму вайсковай часткі А 4398, да гэтага часу не ведае, дзе яго трымаюць.

Пра гэта "Обозревателю" заявіла жонка Вячаслава - Ганна.

"Мужа павезлі з тэрыторыі часткі яшчэ 23 сакавіка. Пасля гэтага ён на сувязь не выходзіў. Я да гэтага часу не ведаю, дзе менавіта яго трымаюць", - сказала Ганна.

Па словах жонкі Вячаслава, за гэтыя дні да яе паступала розная інфармацыя аб тым, дзе ён зараз можа знаходзіцца.

"Мне тэлефанавалі і казалі, што ён ужо ў спісах людзей, якіх павінны перавезці праз Чангар. Запэўнівалі, што з ім усё ў парадку. Потым аказвалася, што яго туды нават не прывозілі. Неяк патэлефанавалі і сказалі, што ён па дарозе на Чангар узяў і ўцёк. Я не веру ў гэта, навошта яму бегчы і куды, калі ў яго няма пры сабе ні рэчаў, ні дакументаў", - падкрэсліла Ганна.

З неафіцыйных крыніц ёй удалося даведацца, што Славу трымаюць у ваеннай камендатуры РФ, але там ёй гэтую інфармацыю не пацвердзілі. Пасля гэтага яна звярнулася ў міліцыю, дзе ёй сказалі, што інфармацыі аб тым, дзе знаходзіцца муж, у іх няма і адправілі зноў у ваенную камендатуру РФ. Стаміўшыся чакаць, яна папрасіла свякроў, якая жыве пад Кіевам, звярнуцца да журналістаў і ў Мінабароны.

"Мы пачалі біць ва ўсе званы. Вырашылі ўсіх падключыць. Я патэлефанавала маме Славіка і папрасіла дапамагчы. Мы напісалі таксама зварот у Міністэрства абароны. Пасля гэтага справа зрушылася з мёртвай кропкі", - распавяла Аня.

Зараз Ганна разам з сынамі - 11-гадовым Мішам і шасцігадовым Сярожам - жывуць не дома, бо асцерагаюцца таго, што праз іх на мужа могуць аказаць ціск. Кватэра, дзе сям'я Дзям'яненкі жыла раней, з'яўляецца службовай. Там засталася большасць рэчаў сям'і і котка, якую яны не змаглі ўзяць з сабой пры пераездзе. За коткай прыглядае мама Ані.

"Да таго часу, пакуль муж не вернецца, мы з Крыма не з'едзем. Што будзе далей, будзем вырашаць, калі ён прыедзе. Я спадзяюся, што калі яго выпусцяць, то ён заедзе дадому за рэчамі. Цяпер мы як на парахавой бочцы, але я вельмі спадзяюся на тое, што хутка ўсё наладзіцца", - сказала Аня.

Капітан другога рангу Вячаслаў Дзям'яненка быў выкрадзены расейскімі вайскоўцамі падчас штурму вайсковай часткі А 4398 23 сакавіка 2014 года. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, куды яго павезлі, пакуль няма. Паводле неафіцыйных дадзеных, Дзям'яненка валодае досыць сакрэтнай інфармацыяй, каштоўнай не толькі для расейскай арміі, але і для ўкраінскай. Хутчэй за ўсё, менавіта з-за гэтага яго столькі дзён утрымліваюць у палоне.

Як раней паведамлялася, 26 сакавіка расейскія акупанты вызвалілі некалькіх украінскіх афіцэраў, захопленых у палон падчас штурму воінскіх частак.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках