7 траўня 2024, aўторак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бжэзінскі: Мы павінны ўвесці план дзеянняў NATO у надзвычайнай сітуацыі

1
Бжэзінскі: Мы павінны ўвесці план дзеянняў NATO у надзвычайнай сітуацыі

Умяшанне ва ўкраінскія справы варта разглядаць як варожы акт замежнай дзяржавы.

Збігнеў Бжэзінскі, вядомы амерыканскі палітолаг і былы дарадца ў нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Джымі Картэра, мяркуе, што Захад павінен «ускладніць планы Уладзіміру Пуціну» і прапанаваць яму на выбар некалькі шляхоў выйсця з украінскага крызісу.

Пра гэта Збігнеў Бжэзінскі кажа ў інтэрв'ю інтэрнэт-выданню The Huffington Post (пераклад - «Радыё Свабода»).

- Мяркуючы з апошніх перасоўванняў войска, Расея, мабыць, рыхтуецца да захопу Крыма. Што на гэта адкажуць украінцы?

- Калі Расея так зробіць, то, цалкам магчыма, яна атрымае Крым, але назаўжды страціць Украіну. Украінцы ніколі гэтага Расеі не даруюць.

- Што можа зрабіць Захад бліжэйшым часам?

- Стратэгія Захаду ў гэты момант павінна палягаць на тым, каб ускладніць планы Уладзіміру Пуціну. Яму варта падаць варыянты, як унікнуць канфлікту. Але ён таксама павінен усведамляць негатыўныя наступствы для Расеі пасля таго, як ён пачне ўзброены канфлікт.

Кажучы аб варыянтах, я маю на ўвазе тое, што мы павінны сказаць Расеі, што аддаем перавагу мірнаму развязанню канфлікту ва Украіне і што NATO павінна запрасіць расейцаў да ўдзелу ў сваіх бягучых абмеркаваннях гэтага крызісу.

Але разам з тым мы павінны даць расейцам зразумець, што не мерымся быць пасіўнымі. Па-першае, мы павінны фармальна прызнаць новы ўрад ва Украіне, які, на маю думку, выказвае народную волю. Гэта легітымны ўрад. І ўмяшанне ва ўкраінскія справы варта разглядаць як варожы акт замежнай дзяржавы.

Акрамя гэтага, мы павінны ўвесці план дзеянняў NATO ў надзвычайнай сітуацыі і разгарнуць свае сілы ў Цэнтральнай Еўропе, каб адрэагаваць у выпадку вайны і яе пашырэння.

- Што з'яўляецца найлепшым развязаннем для Украіны, якая знаходзіцца паміж Захадам і Расеяй?

- У канчатковым выніку найлепшым развязаннем для Украіны было б, калі б яна стала тым, чым Фінляндыя была для СССР. Гэта азначала б адкрытыя эканамічныя стасункі з Расеяй і расшырэнне сувязяў з Еўразвязам, але адмова ад удзелу ва ўсякіх вайсковых хаўрусах.

- Калі мы здолеем пераадолець гэты крызіс і ўнікнуць вайны, то ўсё ж застанецца барацьба з эканамічным хаосам ва Украіне. Джордж Сорас заклікаў Нямеччыну ўзяць на сябе ініцыятыву ў дапамозе Украіне. І акурат перад пачаткам крызісу ва Украіне прэзідэнт Нямеччыны Ёахім Гаўк заклікаў сваю краіну, каб яна мацней выяўляла сябе на сусветнай арэне. Якая ў гэтым можа быць роля ЕЗ у цэлым і Нямеччыны ў прыватнасці?

- Калі ЕЗ сур'ёзна ставіцца да сваёй ролі ў свеце, ён павінен пачаць акурат тут. А гэта значыць, ён павінен выкласці грошы, каб дапамагчы стабілізаваць хісткую эканоміку Украіны. Кампраміснае развязанне, якое будзе прымальным для Расеі і для Захаду, дазволіць унікнуць вайны і дасць украінцам нейкую надзею на будучыню, уключае ў сябе сур'ёзную эканамічную дапамогу і інвестыцыі. Паколькі Нямеччына з'яўляецца найбольш заможнай і моцнай эканомікай у ЕЗ, яна павінна ўзяць ініцыятыву на сябе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках