Беларус Максім Дасько перамог у міжнародным конкурсе драматургаў
2- 5.03.2014, 10:00
- 7,909
У тэатры Young Vic у Лондане адбылося закрыццё арганізаванага Беларускім Свабодным тэатрам міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі.
Падчас цэрымоніі, якая адбылася ўвечары 3 сакавіка, брытанскія акцёры чыталі творы пераможцаў, пасля чаго прайшла цэрымонія ўзнагароджання, перадае «Радыё Свабода».
Заканчэнне конкурсу, які ў гэтым годзе быў сёмым па ліку, упершыню адбылося ў Лондане - раней падобныя цэрымоніі праходзілі ў падпольных умовах у Менску. Тэатр Young Vic, які, па словах кіраўнікоў Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды, стаў іх «другім домам» у гэтым годзе ўпершыню быў галоўным арганізацыйным партнёрам конкурсу.
У конкурсе ўзялі ўдзел 523 п'есы, дасланыя з 113 гарадоў 12 краін, якія спаборнічалі ў трох намінацыях.
У намінацыі «П'есы» перамагла расейская ўдзельніца конкурсу Марына Крапівіна з творам «Сігналы прымірэння» - драматычнай карціны сучаснага расейскага жыцця, сямейнага канфлікту вакол нерухомасці.
У намінацыі «Інтэрпрэтацыя класічнага твора» перамог украінскі аўтар Алег Міхайлаў з п'есай «Medved». Сюжэт свайго твора драматург знайшоў у адной фразе, прачытанай у дзённіках кампазітара Чайкоўскага, на падставе гэтай фразы ён выставіў рэканструкцыю падзей і стварыў фарс-вадэвіль, які ўяўляе сабой рэмікс «Жаніцьбы» Гогаля і «Мядзведзя» Чэхава.
Пераможцам у намінацыі «П'еса малой формы або эксперыментальны тэкст для тэатра» стаў беларус Максім Дасько з тэкстамі «Радыё Культура», «І спачуванне ёй адкрыла маментальна» і «Тытан» - карцінамі з сучаснага менскага жыцця.
Творы пераможцаў у тэатры Young Vic чыталі брытанскія акцёры, якія ўжо даўно супрацоўнічаюць са Свабодным тэатрам - Сэм Уэст, Аджоа Анду, Філіп Спэл, Мікі Кеям, Дэміен Кел і Эмілі Хоўтан. Адначасова чытанні твораў пераможцаў адбываліся ў Менску, які падчас цэрымоніі выйшаў на скайп-сувязь з Лонданам. Чытанні ў Маскве не адбыліся, бо там, па іранічным каментары кіраўнікоў БСТ, «усе сышлі на фронт».
Чытанні твораў у Менску і Лондане падрыхтаваў рэжысёр Свабоднага тэатра Уладзімір Шчэрбань.
Фіналам мерапрыемства стала ўручэнне Гран-пры конкурсу пераможцы сярод усіх катэгорый. Журы конкурсу, якое складаецца з аўтарытэтных рэжысёраў, драматургаў і тэатральных крытыкаў, аддалі перавагу Максіму Дасько.
Ва ўручэнні прызоў конкурсу ўзялі ўдзел драматург Лора Вэйд і мастацкі дырэктар тэатра Young Vic Дэвід Лэн.
У гэтым годзе ўпершыню творы пераможцаў конкурсу ў арыгінале і ў англійскім перакладзе выйшлі асобнай кнігай у лонданскім выдавецтве Oberon Books, тыраж якой быў надрукаваны ў дзень цэрымоніі.