2 траўня 2024, Чацвер, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія маракі ў Севастопалі: Трымаем абарону, не здаёмся

6

У порце Севастопаля ўжо некалькі дзён экіпажы шэрагу ўкраінскіх вайсковых караблёў перашкаджаюць спробам захопу іх судоў.

Сёння прэс-служба Усеўкраінскага камітэта «Наступ» паведаміла аб аналагічнай сітуацыі з Карветам вайскова-марскіх сіл Украіны «Луцьк». Гэта судна стаіць у пункце сталай дыслакацыі ў Севастопалі і яго таксама блакуюць з патрабаванне здацца.

Як паведаміў камандзір карвета Сяргей Макееў, экіпаж, які налічвае дзевяноста чалавек, блакуюць баявыя караблі Чарнаморскага флоту Расеі і дапаможныя караблі, якія перацялі выхад з бухты, а таму пакінуць месца дыслакацыі судна не можа.

Усе гатовыя выканаць свой абавязак і застаюцца вернымі прысязе народу Украіны, піша «Корреспондент».

Фота: Reuters

Маракі, што служаць на карвеце - з Луцка ды іншых рэгіёнаў Украіны. Макееў запэўнівае, што ніякіх непаразуменняў на караблі няма. Аднак, паводле яго слоў, экіпаж пастаянна правакуюць, «на яго чальцоў псіхалагічна ціснуць чужынцы», якія ніяк не тлумачаць свае дзеянні. Зброю, на шчасце, ніхто не ўжывае.

Таксама камандзір карвета падкрэсліў, што экіпаж надалей будзе стаяць на абароне тэрытарыяльнай цэласнасці ды інтарэсаў Украіны і не здрадзіць вайсковай прысязе. Пры гэтым Макееў адзначыў, што да яго звяртаўся адзін з вайскоўцаў з прапановай «прыняць прысягу на вернасць незразумела якой дзяржаве». Аднак, камандзір запэўніў: «Мы не паддаемся на правакацыі, трымаем абарону... Маральны дух і настрой экіпажа добры, усе гатовыя выканаць свой абавязак і застаюцца вернымі прысязе Народу Украіны».

Раней паведамлялася, што Расея нарошчвае свае вайсковыя сілы на тэрыторыі Крыму: за апошні дзень да паўвострава падышлі пяць караблёў, на якіх прыбываюць вайскоўцы і тэхніка. У МЗС Украіны паведамілі, што ў Крыме незаконна знаходзяцца блізу 16 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Сёння з натаўскіх вучэнняў ва Украіну вярнуўся флагман Вайскова-марскіх сіл Украіны «Гетман Сагайдачны», які прыбыў у адэскі порт. Калі флагман праходзіў Басфор, з берагоў праліва яго віталі прадстаўнікі ўкраінскай і татарскай суполак з нацыянальнымі сцягамі. Фрэгат узняў на мачце велізарны дзяржаўны сцяг, а праходзячы Дарданэлы, афіцэры сталі на палубе, утварыўшы літары «UA».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках