26 красавiка 2024, Пятніца, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Рымашэўскі: Мілінкевіч падкормлівае аўтарытарызм

17
Віталь Рымашэўскі: Мілінкевіч падкормлівае аўтарытарызм

Вяртанне ЕЗ да дыялогу з Лукашэнкам будзе катастрофай.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы заклік Аляксандра Мілінкевіча аб вяртанні ЕЗ да дыялогу з беларускім рэжымам.

«Было б вялікай памылкай ісці на супрацоўніцтва з Лукашэнкам без дэмакратычных зменаў у Беларусі. Таму няма не толькі ніякіх пазітыўных крокаў дэмакратызацыі беларускага грамадства, а наадварот - пагаршэнне выбарчага заканадаўства і ўзмацненне рэпрэсій. І чым больш Захад праяўляе слабасць, тым больш аўтарытарныя рэжымы адчуваюць сваю беспакаранасць. І тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, як раз падстава для таго, каб зрабіць высновы. Гэта як раз вынік realpolitik і вынік супрацоўніцтва з Пуціным. І для таго, каб не паўтарыць гэтую катастрофу ў дачыненні да Беларусі, трэба праводзіць не realpolitik, а палітыку, заснаваную на каштоўнасцях. І гэта было маім сённяшнім пасланнем у Брусэлі, і яно, безумоўна, не супадала з тым, што казаў спадар Мілінкевіч», - падкрэсліў ён.

Палітык таксама не згодны з меркаваннем старшыні руху «За Свабоду», што дыктатар Лукашэнка не можа быць пасярэднікам паміж Кіевам і Масквой.

«Цяпер пра замежнапалітычную самастойнасць Беларусі, нягледзячы ні на якія заявы, казаць не прыходзіцца. Можа быць, ёсць некаторая аўтаномія Аляксандра Лукашэнкі, але ніяк не незалежнасць. Таму што ўсе дзеянні беларускага рэжыму апошнім часам прадыктаваныя Крамлём. На жаль, гэта так. А заўтра мы можам страціць і гэта. І супрацьстаяць гэтаму можна толькі аб'яднаннем дэмакратычных сіл на каштоўнасным грунце і барацьбе з усялякімі праявамі аўтарытарызму. Беларускія незалежныя палітыкі не павінны падкормліваць аўтарытарызм. Нельга апраўдваць падтрымку аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі тым, каб абараніць незалежнасць Беларусі ад Расеі. Бо пасля можна будзе казаць, што трэба падтрымліваць Пуціна, каб абараніць незалежнасць Расеі ад Кітая і гэтак далей», - перакананы Віталь Рымашэўскі.

Нагадаем, падчас сённяшняга абмеркавання сітуацыі ў Беларусі на пасяджэннях Еўрапарламента і Парламенцкай асамблеі Еўранэст старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што сёння можа адкрыцца новае акно магчымасцяў для паляпшэння стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю, як было ў 2008 годзе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках