27 красавiка 2024, Субота, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Більжо: А што, калі бураты захочуць далучыцца да Манголіі?

27
Андрэй Більжо: А што, калі бураты захочуць далучыцца да Манголіі?

Вядомы мастак задаў «непрыемныя пытанні» прэзідэнту Расеі.

У сваім блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» Андрэй Більжо правёў паралелі паміж тым, што цяпер адбываецца на ўсходзе Ўкраіны і гіпатэтычным развіццём сітуацыі ў некаторых праблемных рэгіёнах Расеі:

- Адказы практычна на ўсе пытанні, як мы ведаем цяпер, ды, уласна, у гэтым ніхто і не сумняваўся, ведае наш прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч. А вось у мяне - процьма пытанняў. Вядома: я ж не Пуцін.

Вось калі пафантазіяваць, увамкнуць, так бы мовіць, сваё ўяўленне. Да прыкладу, на першым канале расейскай ТВ выступае кандыдат у прэзідэнты Расеі. Самавылучэнец. Ну, напрыклад, Князеў. І заклікае да падзелу дзяржавы. Спакойна-спакойна, гэта толькі фантазіі.

Пытанне. Як бы ў гэтым выпадку паступілі ўлады? З якой хуткасцю была б распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «сэпаратызм»? Назвалі б Князева здраднікам інтарэсаў радзімы, адабралі б у яго бізнэс? Калі ён бізнэсовец. А калі працуе на прадпрыемстве, то звольнілі б яго з працы, ці не.

Вось яшчэ...

Калі б, напрыклад, бураты захацелі б правесці рэферэндум у Бураціі. Маўляў, ці хочаце вы, жыхары Бураціі, каб Бурація стала самастойнай дзяржавай і, потым, далучылася да Манголіі? Бо ў нас адзін народ, адна культура, адна рэлігія. А барацьба за бурацкую мову і яе дзяржаўны статус ідзе так доўга, што мы ўжо ад гэтага стаміліся. А з манголамі ў нас мова практычна агульная. А да гэтага рэферэндуму бураты б вывесілі ўсюды сцягі Манголіі. Яны б захапілі мясцовы будынак МУС, ФСБ і будынкі іншых дзяржаўных структур.

Пытанне. Расейскія ўлады віталі б гэтае волевыяўленне бурацкага народа? Віталі б яны страту зямлі з часткай Байкала? Ці не заехала б туды і ня ўляцела б туды расейскае войска? І ці не назвалі б буратаў сэпаратыстамі і здраднікамі народа? Спакойна-спакойна. Гэта ўсяго толькі фантазіі.

Вось яшчэ...

А калі б у Калінінградзе група немцаў раздавала б грамадзянам Расеі пашпарты з нямецкім грамадзянствам. А нямецкі ўрад паабяцаў бы жыхарам Калінінградскай зямлі вялікія пенсіі, адно з лепшых у свеце медыцынскае абслугоўванне ды іншае. І большасць калінінградцаў і бліжэйшых зямель прагаласавалі б за далучэнне да Нямеччыны на рэферэндуме. А да гэтага б вывесілі б усюды нямецкія сцягі.

Вось яшчэ...

А калі б кітайцы ўздоўж мяжы з Расеяй сканцэнтравалі б свае войскі, а жыхары расейскай тэрыторыі ўздоўж межаў з Кітаем выказаліся б за далучэнне да Кітаю. А кітайцы б сталі казаць пра тое, што хочуць у гэтых месцах зрабіць кітайскую мову другой дзяржаўнай мовай у сувязі з тым, што там шмат кітайцаў. І ўсюды б віселі кітайскія сцягі, і народ бы рыхтаваўся да рэферэндуму.

Не прыняла б расейская ўлада гэтыя рэгіёны за сэпаратысцкія і здрадніцкія?

Можна працягнуць гэты шэраг. Курылы і Японія, Татарстан, Чачня і мусульманскі свет, і г.д. і да г.п.

Чаму расейцы, якія жывуць на ўсходзе Ўкраіны, якія нарадзіліся там, вучыліся там, так не любяць сваю радзіму Ўкраіну? Што перашкаджала ім зрабіць жыццё там лепшым? Ці не ўкраінская і мясцовая ўлада? Чаму яны раней яе не памянялі? Бо яна іх абкрадала? І чаму яны не паехалі адтуль раней, і не едуць адтуль цяпер куды-небудзь. Ім што, забаранялі там гаварыць па-расейску? І яны ўсё вольна валодаюць украінскай? Чаму менавіта цяпер такое жаданне ўвайсці ў Расею? А да лютага сёлета ўсход Украіны жыў лепш? Пенсіі што, былі большыя? І ўсе былі ўсім задаволеныя за Януковічам?

Увогуле, у мяне шмат пытанняў, на якія я не магу знайсці адказу.

І ўзнікае нейкае адчуванне, што мяне чамусьці падманваюць.

Але, можа быць, гэта мая аблуда.

А вам усё, дарагія мае, зразумела і ясна.

Будзьце здаровыя і ўсё ж такі трымайце сябе ў руках. Я прашу вас аб гэтым ужо не першы год.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках