30 красавiка 2024, aўторак, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вахтанг Кікабідзэ: Даражэй свабоды і самапавагі няма нічога ў свеце

11
Вахтанг Кікабідзэ: Даражэй свабоды і самапавагі няма нічога ў свеце

Вядомы грузінскі акцёр і рэжысёр распавёў пра проціяддзе ад агрэсіі Расеі.

Зараз Украіна перажывае тую ж сітуацыю, што Грузія пяць гадоў таму: адкрытае і несправакаванае расейскае ўварванне. Менавіта таму журналісты выдання «Тиждень» сустрэліся з сусветна вядомым спеваком, акцёрам, рэжысёрам і сцэнарыстам Вахтангам Кікабідзэ.

- Як вы лічыце, што адбываецца ў Крыме? Як ацэньваеце дзеянні Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны?

- Нават дурань павінен зразумець: тое, што зараз адбываецца, - ваенная інтэрвенцыя ва Украіну і анэксія Крыма. Варта прызнаць, што, нягледзячы на радасць часткі крымчан з нагоды далучэння да РФ, перш за ўсё варта выконваць правы крымскіх татараў, карэннага насельніцтва паўвострава. Рэчы, якія прадэманстравала Расея на паўвостраве, не могуць рабіцца такім нецывілізаваным, дзікім спосабам, асабліва правядзенне рэферэндуму пад прыцэлам танкаў. Тое, што адбылося, агідна, але я лічу, што Пуцін даўно рыхтаваўся да гэтага. Ён не ўпершыню дзейнічае менавіта так. А ў выпадку Грузіі здзейсніў яшчэ горш, бо ў яго не было ніякіх аргументаў на карысць таго, што наша зямля нейкім чынам належыць Расеі.

У любым выпадку, калі насельніцтва за ці супраць, яно заўсёды знойдзе спосаб паведаміць сваю волю, але пытацца пад прыцэлам - варварства. Схіляюся перад Майданам. Мне ўжо 75 гадоў, і я прывык адказваць за свае словы. Тое, што Украіна нядаўна падпісала палітычную асацыяцыю з ЕЗ, - выдатна. Але далей, на маю думку, галоўным застаецца адбор высокаадукаваных і разумных людзей ва ўрад. Пуцін будзе рабіць усё, каб ва Украіне наступіла разруха, і толькі сумленныя маладыя людзі могуць спыніць яго. Наколькі я разумею і адчуваю, Пуціну не патрэбны Крым, яму патрэбная ўся Украіна для саюза з Беларусі, Расеі і Казахстана. Разам з Украінай гэта ўтварэнне здавалася б значна больш сур'ёзным. Мірным шляхам дамагчыся свайго ў яго не атрымалася, таму ён будзе рабіць абсалютна ўсё, каб раскалоць Украіну. Украінцы павінны быць вельмі згуртаванымі і асцярожнымі цяпер.

- Наколькі я зразумеў, вы ўважліва назіралі за Еўрамайданам у Кіеве?

- Людзі, якія стаялі на Майдане, - героі. Літаральна пазаўчора размаўляў са сваім мэнэджэрам адносна будучай праграмы канцэртаў. У гэтым годзе яна ў мяне юбілейная, я ўжо паспеў пабываць з ёй у Ізраілі. Вельмі хачу прыехаць у Кіеў і даць дабрачынны канцэрт памяці загінулых герояў Майдана. Калі б мне было гадоў на 20 менш, абавязкова стаяў бы побач з украінцамі на Майдане. Спадзяюся, што змагу сказаць слухачам у Кіеве ўсё, што думаю, проста са сцэны.

- Вы ведаеце, што нядаўна каля сотні дзеячаў культуры і мастацтва Расейскай Федэрацыі адобрылі імперыялістычную і захопніцкую палітыку Пуціна ў Крыме. Як лічыце, што заахвоціла іх падпісаць ліст у падтрымку агрэсіі?

- Справа ў тым, што калі пачынаецца прапаганда, тэлевізійныя экраны маюць страшную сілу. Я ўяўляю сабе рускіх, якія ўвесь час глядзелі мясцовыя каналы пра падзеі ў Кіеве і Крыме. Чамусьці ўпэўнены, што 90% гледачоў пераканалі ў тым, што ў іх адбіраюць нешта роднае. Таму не варта здзіўляцца гэтаму. Вядома, стрымаць здзіўленне пазіцыяй расейскай інтэлігенцыі, якая паставіла свае подпісы пад згаданым лістом, вельмі цяжка. На жаль, так паступілі многія з тых, каго я ведаю асабіста. Сумленны чалавек павінен казаць пра белае - як пра белае, а пра чорнае - як пра чорнае. Калі глядзеў па тэлебачанні каментары прадстаўнікоў культуры аб прычынах падпісання ліста, бачыў, як ім было няёмка. Хтосьці казаў, што Крым - гэта наша зямля, хтосьці пра кар'еру...

Хтосьці з дзеячаў, вядома, зрабіў такі крок свядома супраць Украіны, а хтосьці - каб абараніць сябе. Я не асуджаю іх. Для іх лепш было б не трапляць у гэтую гісторыю, не лезці туды наогул. На гэта нават не варта звяртаць увагі, проста цяпер Украіна павінна адпрацаваць свой штодзённы рэжым, прадуманы і, магчыма, нават трохі жорсткі - і ўсё стане на свае месцы. Украіна велізарная, гэта не Грузія. Ёй трэба тэрмінова адыходзіць далей ад стэрэатыпаў СССР і думак пра каўбасу па 2 рублі 20 капеек. Усё гэта прайшло і ўжо ніколі не вернецца.

- Многія да гэтага часу жывуць Савецкім Саюзам як рэальнасцю і ўспрымаюць палітыку Пуціна як працяг гэтага штучнага ўтварэння. Што б вы параілі тым людзям? Ці ёсць проціяддзе ад савецкасці ў галаве?

- Самая вялікая мая надзея - на моладзь, якая будзе мець іншыя думкі і дэманстраваць мысленне, цалкам адрознае ад савецкага. У Грузіі таксама былі людзі, якія адчувалі сябе вельмі ўтульна ў СССР, але я да гэтага часу лічу, што лепш за мяне ніхто не жыў. У маральным вымярэнні. Трэба правільна глядзець на рэчы: даражэй за волю і самапавагу нічога ў свеце няма. Трэба сябе паважаць і любіць сваю краіну. Вось што галоўнае.

Распавяду сёе-тое пра фінале фільма «Міміно», які быў выразаны. І ніхто яго не бачыў. Увесь фокус, вага стужкі менавіта ў гэтым знішчаным фінале. Калі яго забралі, выйшла чыстая камедыя. Хоць фільм быў даволі філасофскім. Адзін з герояў - каваль Пётр, каваў коней у вёсцы. Даведаўшыся, што галоўны герой ідзе працаваць у авіяцыі і часта будзе за мяжой, папрасіў яго набыць падковы з надпісам: «Made in USA», каб, калі коні ішлі, гэты надпіс адбіваўся на дарозе. І калі Міміно купляў кракадзіла для свайго сябра - армяніна, набыў разам і абяцаныя падковы. Паколькі фінал выразалі, то і персанаж каваля Пятра таксама цалкам выпаў.

А ў ім было наступнае: Міміно ляціць над радзімай і вельмі нервуецца, ён ужо разумее, што чалавек павінен быць на сваім месцы, на сваёй радзіме і быць сабой. Спрабуе адкрыць рукамі бутэльку «Баржомі», а калі сцюардэса прапануе яму адкрывалку, зрываецца і пачынае крычаць, што, маўляў, і так зможа. Даводзіць сцюардэсу да слёз і, спрабуючы яе супакоіць, кажа, што выйдзе з самалёта. І атрымліваецца. Уявіце сабе альпійскую зону Грузіі, заснежаныя верхавіны гор, а пасярэдзіне трава і чуць, як звініць молат каваля Пятра. Менавіта ў гэты час на задніцы з'язджае з гары Міміно. Мы вельмі сур'ёзна ігралі гэты знішчаны фінал. Яны вітаюцца, і Валіко пытаецца ў Пятра, як жыве яго радня. Той распавядае, як кожны дапамагае адзін аднаму. Валіко працягвае руку, у якой трымае падковы з Амерыкі, прывезеныя ў падарунак. Пётр яму: «Слухай, мы тут парадніліся з Бостанам (гаворка ідзе пра горнае сяло на пяць-шэсць двароў), яны мне такія падковы высылаюць, толькі цвікоў няма. Можа, ты мне прывёз?» Валіко адказвае, што не меў замовы на цвікі, развітваецца і сыходзіць. За спіной чуць рогат каваля. Вось Валіко паварочваецца і пытае, чаму той так развесяліўся, а Пётр яму: «У цябе на задніцы штаны разарваліся». І смяецца гучна, глыбока. Міміно спыняецца і кажа: «Дурань ты, чалавек! Вакол цябе такая прыгажосць. Справа Казбек, злева Эльбрус, а ты мне ў дупу зазіраеш! Азірніся вакол».

Менавіта гэта я параіў бы рэцэптам збавення ад саветызацыі: паглядзець вакол, зразумець і ісці ў адну нагу з жыццём.

- Што вы хацелі б пажадаць Украіне?

- Пакаленне, якое вырасла разам са мной, прачыналася раніцай і адразу думала пра тое, дзе дастаць тую ці іншую рэч, каго папрасіць, дзе менавіта стаць у чаргу, як палепшыць кватэрнае пытанне або правесці нарэшце тэлефон. Увесь час быў вялізны клубок праблем. Зараз у большасці краін засталася адна праблема - гэта праца. Таму я жадаю, каб Майдан зноў стаў прыгожым і дагледжаным. Каб мой добры Кіеў аднавіўся. Каб людзі маглі спакойна хадзіць на працу і планаваць сваё жыццё, свае выдаткі і сваю будучыню, не баяліся адпускаць дзяцей у школу і дзіцячы садок. Каб быў мір. Каб абавязкова працавала Канстытуцыя і выконваўся закон і ўсе былі шчаслівыя. Каб грамадзяне паважалі сваю краіну, свой сцяг, урад і суседзяў. Больш ні нам, ні вам не трэба. Мы можам ёсць і белы, і чорны хлеб. Галоўнае - выстаяць гэты травень, кажу цяпер як украінец. Новы ўрад узяў на сябе шмат працы, і яму прыйдзецца яе выконваць у цяперашніх жудасных умовах. Вядома, важна, каб вы навялі парадак у сваім доме і не давалі ўцягнуць сябе ў сваркі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках