26 красавiка 2024, Пятніца, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Захопнікі Славянска рыхтуюцца да штурму Кіева

23
Захопнікі Славянска рыхтуюцца да штурму Кіева

Верхаводы тэрарыстаў рыхтуюць бронетэхніку да паходу на сталіцу Украіны.

Беларускі журналіст Зміцер Галко знаходзіцца ў захопленым сепаратыстамі і расейскімі дыверсантамі Славянску. Сёння ён разам са сваімі калегамі з іншых СМІ быў затрыманы баявікамі, а потым вызвалены. Журналіст распавёў «Радыё Свабода» пра сітуацыю ў горадзе.

- Славянск - гэта фактычна акупаваны горад, ён знаходзіцца пад акупацыяй пэўных сіл. Многія людзі, з якімі мы тут гаварылі на вуліцах, кажуць пра іх, як пра чужых, якія прыехалі невядома адкуль. Яны не ўспрымаюць гэта як арганічную частку свайго жыцця, ім гэта не вельмі падабаецца. Акрамя мясцовых тут ёсць нейкія ўзброеныя людзі, якія выглядаюць, як вайскоўцы. Гэта заўсёды відаць - па вопратцы, як на іх сядзіць ваеннае адзенне, як яны трымаюць зброю. Якія гэта вайскоўцы, я сказаць не магу, яны нам гэтага не казалі.

- А якая ваенная сітуацыя, ці адбываюцца баявыя сутыкнення?

- Ну вось тут, дзе я знаходжуся, нічога не адбываецца. Але раніцай мы былі каля будынка, дзе раней знаходзілася ўпраўленне СБУ, і там бронетэхніка праводзіла манеўры. І іх галоўны камандзір сказаў, што гэтая бронетэхніка пойдзе на Кіеў, на штурм Кіева. Там машын 5-6.

- Гэта, магчыма, тыя БМП, якія яны некалькі дзён таму захапілі або якія ім здалі. Яны не казалі, адкуль у іх гэтая бронетэхніка?

- Камандзір сказаў, што ім яе здалі без бою. Праверыць яго словы, натуральна, я не магу. Ён паказаў машыну, якая нібыта належала спецпадраздзяленню «Кобра» - кіеўскаму, не мясцоваму. Паводле яго слоў, яе таксама здалі без бою.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Ноччу 20 красавіка ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, які захоплены тэрарыстамі, была арганізаваная чарговая правакацыя. Каля 3:00 на блокпосце паміж дзвюма групамі грамадзян узнікла ўзброеная сутычка. У выніку гэтага, загінулі, па розных дадзеных, ад аднаго да трох чалавек. Тэрарысты выкарыстоўвалі правакацыю для просьбы да Пуціна аб увядзенні войскаў ва Усходнюю Украіну.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках