6 траўня 2024, панядзелак, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Ноч правёў на бетоннай падлозе

13
Зміцер Дашкевіч: Ноч правёў на бетоннай падлозе

Усю ноч лідара «Маладога Фронту» пратрымалі ў «шклянцы» РУУС.

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч прысуджаны судом Першамайскага раёну Менску да 25 дзён арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне парадку прэвентыўнага нагляду, паведамляе «Радыё Свабода».

Судзіў Дзмітрыя Дашкевіча суддзя Юрый Гарбатоўскі з Першамайскага суда Менска. Сведчылі супраць лідара «Маладога фронту» амапаўцы Мазалеўскі і Руцэвіч. Згодна з іх сведчанняў, Зміцер Дашкевіч, калі яго спынілі на вуліцы Чарнышэўскага ўвечары 24 красавіка, адмовіўся ехаць у міліцыю і ў знак пратэсту сеў на ходнік.

Дашкевіч назваў гэтыя паказанні хлуснёй і папярэдзіў міліцыянтаў, што за ілжэсведчанне ім давядзецца адказваць. Што да абвінавачвання ў парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду Зміцер Дашкевіч прызнаў, што спазніўся дахаты больш чым на гадзіну, і патлумачыў гэта тым, што затрымаўся на працы.

Матэрыялаў адміністрацыйнай справы суддзя Гарбатоўскі так і не абвясціў. Пасля выступу сведак ён адразу накіраваўся рыхтаваць пастанову суда. Праз 20 хвілін зачытаў дзейсную частку сваёй пастановы: 25 дзён арышту. З іх 15 - за непадпарадкаванне і 10 - за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Зміцер Дашкевіч пракаментаваў прысуд коратка:

«Гэта неадэкватная сітуацыя - пракаментаваць яе цяжка».

Раней у перапынку працэсу Зміцер Дашкевіч распавёў, як правёў ноч напярэдадні суда. Высветлілася, яго не адвозілі ў ізалятар на Акрэсціна, а пратрымалі ў Першамайскім райаддзеле міліцыі. Дашкевіч згадаў пра вельмі цяжкія варункі:

«Прабыў ноч у «шклянцы», якая ўся з бетону. Успомніліся «лепшыя» дні ў глыбоцкім ізалятары. Але там хоць нармальная падлога была, а тут - суцэльны бетон. Ні вады папіць не далі, нічога не далі паесці. Добра, што звадзілі ў прыбіральню пару разоў. Такіх антычалавечых абставін я даўно не сустракаў. Тым больш трэба ўлічыць, што аддзяленне міліцыі - гэта адзін з новых будынкаў, які размясцілі ў былой школе. Дасведчаныя людзі кажуць, што гэта адзіны РАУС, дзе ў начальніка ёсць душ і пакой для адпачынку. Так душ наладзілі для сябе, а для людзей не змаглі пару дошак знайсці, каб чалавек мог прысесці або легчы там, калі вы яго на ноч пакідаеце».

Вялікі тэрмін, які атрымаў Зміцер Дашкевіч, ён звязаў з будучым Чарнобыльскім шляхам і чэмпіянатам свету ў хакеі. Са слоў лідара «Маладога фронту», улады перастрахоўваюцца, каб падчас гэтых мерапрыемстваў не адбылося ніякіх пратэстных акцый.

Раней на 12 дзён арышту былі асуджаныя актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі і актывіст «Альтэрнатывы» Ілля Дабратвор.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках