26 красавiка 2024, Пятніца, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Дзярждумы патрабуе забараніць «Ляпісаў» у Расеі

33

Парламентарый пакрыўдзіўся на словы пра «імперскіх імбецылаў».

Дэпутат Дзярждумы Раман Худзякоў (ЛДПР) накіраваў зварот генпракурору Расеі Юрыю Чайцы з просьбай праверыць выказванні саліста беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкога» на канцэрце, які, паводле яго слоў, праходзіў у Іжэўску. Парламентарыю не спадабаліся словы Сяргея Міхалка «Слава Украіне» і выказванне пра «імперскіх імбецылаў», пішуць «Известия».

Паводле слоў дэпутата, «трэба забараніць гэтай групе наогул выступаць на эстрадзе» у Расеі.

Асцярожна, ненарматыўная лексіка

«Мы <...> просім пакараць яго па ўсёй строгасці закона. Бо гэта як мінімум нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Хай пракуратура разбіраецца, якое ў яго грамадзянства, магчыма, ён стане персонай нон-грата для Расеі», – прыводзіць выданне словы дэпутата з яго звароту да генпракурора.

Дэпутат тут жа адзначае, што лідар гурта Сяргей Міхалок – грамадзянін Беларусі, а ў Маскве ён нібыта «хаваецца ад пракурорскай праверкі, якая праводзіцца ў дачыненні да яго беларускай Генеральнай пракуратурай». У звароце Худзякова таксама падкрэсліваецца, што спявак «не раз заяўляў аб сваёй падтрымцы Майдана».

Пры гэтым, як піша выданне, прэс-аташэ гурта Аляксандр Бергер пасля канцэрту заявіў, што не бачыць падстаў расцэньваць выказванні Міхалка як абразлівыя. «Ад імя групы «Ляпіс Трубяцкі» хачу папрасіць прабачэння ў імбецылаў, а таксама родных і блізкіх людзей, якія жывуць з гэтай цяжкай хваробай. Мы не хацелі іх пакрыўдзіць», – прыводзіць газета ягоныя словы.

Аднак прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў ў размове з выданнем зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што інцыдэнт адбыўся ў Расеі. «Мы не разумеем, што адбываецца, таму што ў Іжэўску не было такога. Гэта не з Іжэўска. Гэта з Германіі, дзе Міхалку фашысты зігавалі, потым паказалі непрыстойныя жэсты», – сказаў ён.

У сярэдзіне сакавіка стала вядома, што Міхалок абвясціў аб роспуску групы «Ляпіс Трубяцкі» з 1 верасня. Раней камуністы Пскоўскай вобласці заклікалі адмяніць канцэрт у Пскове ў сувязі з тым, што Міхалок падчас выступаў на Еўрамайдане «падтрымаў дзяржаўны пераварот на Украіне». Канцэрт у выніку быў скасаваны. Таксама ў сакавіку канцэрт гурта быў скасаваны ў Цюмені.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках