5 траўня 2024, Нядзеля, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партрэты Максіма Вінярскага з'явіліся на вуліцах Менска

3

Актывісты МХД патрабавалі вызваліць каардынатара «Еўрапейскай Беларусі», які абвясціў галадоўку.

Маладыя хрысціянскія дэмакраты правялі ў Менску акцыю ў падтрымку Максіма Вінярскага, які быў затрыманы 22 красавіка і, нягледзячы на моцныя праблемы са здароўем, асуджаны на 12 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

У менскім метро, на тумбах аб'яў у грамадскіх месцах у Менску актывісты МХД распаўсюдзілі ўлёткі з партрэтам зняволенага і патрабаваннем «Свабоду Максіму Вінярскаму».

«Мы патрабуем неадкладна выпусціць Максіма Вінярскага! Мы абураныя тым, што яму дагэтуль не надалі медыцынскай дапамогі! У сітуацыі з Максімам улады паказалі ўсю сваю выродлівую сутнасць, яны гатовыя наўпрост забіваць самых небяспечных дэмакратычных актывістаў. Патрабуем неадкладна надаць Максіму Вінярскаму хуткую дапамогу і перавесці яго ў шпіталь, - кажуць удзельнікі акцыі. - Тое, што робіцца ў дачыненні да Максіма, - гэта сапраўднае катаванне, крытычная сітуацыя, здзек з чалавека і недапушчальнае парушэнне ягоных правоў. Ён ахвяруе сваім здароўем дзеля нас усіх».

Нагадаем, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтра «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны да чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Менска Людміла Лапа прызнала Максіма Вінярскага вінаватым і прысудзіла да 12 дзён арышту.

Падчас суда актывісту, у якога на той момант была вострая ангіна, стала блага. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыехалі, канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак міліцыянты заявілі, што адвязуць яго ў ЦІП. У адказ Максім Вінярскі абвясціў сухую галадоўку.

Актывіст звязвае сваё затрыманне з імкненнем улад не дапусціць ягонага ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху», які прайшоў 26 красавіка. Існуе рэальная пагроза таго, што ўлады не абмяжуюцца гэтым пакараннем і, як ужо бывала, знойдуць спосаб падоўжыць ягонае знаходжанне ў турме, каб не дапусціць ягонага знаходжання ў Менску падчас чэмпіянату свету ў хакеі. Менавіта таму ён абвясціў сухую галадоўку.

Апошнім часам Максім Вінярскі правёў у турме больш за 300 дзён, што сур'ёзна паўплывала на стан ягонага здароўя. Падчас апошняга затрымання супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад яго пакінуць Менск на час правядзення чэмпіянату свету ў хакеі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках