30 красавiка 2024, aўторак, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ асудзіла акупацыю Крыму

11
ПАРЕ асудзіла акупацыю Крыму

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю з асуджэннем дзеянняў Расеі аб далучэнні Крыма.

"Асамблея рашуча асуджае расейскую вайсковую агрэсію і анэксію Крыму, што рушыла за ёй, гэта з'яўляецца відавочным парушэннем нормаў міжнароднага права, у тым ліку пунктаў Статута ААН, Хельсінкскага акта АБСЕ і Статута асноўных правілаў Рады Еўропы", - гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай на пленарным пасяджэнні ПАРЕ ў сераду, 9 красавіка.

За яе прыняцце было пададзена 154 галасы, 26 - супраць і 14 устрымаліся. На думку Асамблеі, "ніводзін з аргументаў, якія выкарыстоўвае Расейская Федэрацыя для апраўдання сваіх дзеянняў, не адпавядае рэчаіснасці", паведамляе "Інтэрфакс".

У рэзалюцыі сцвярджаецца, што ўльтраправыя сілы не захоплівалі цэнтральную ўладу ў Кіеве, "і не было ніякай непасрэднай пагрозы для правоў этнічнай расейскамоўнай меншасці ў краіне, у тым ліку, і нават асабліва, у Крыме".

"Асамблея мяркуе, што імкненне да аддзялення (Крыму) і далучэння да Расейскай Федэрацыі было ініцыяванае і справакаванае расейскімі ўладамі пад прыкрыццём вайсковага ўварвання", - гаворыцца ў дакуменце.

ПАРЕ таксама выказвае асцярогі з нагоды расейскай вайсковай прысутнасці на мяжы з Украінай. "Асамблея выказвае сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з нарошчваннем расейскай вайсковай прысутнасці на мяжы з Украінай", - адзначаецца ў рэзалюцыі.

"Асамблея рэкамендуе дзяржавам, якія падпісалі Будапешцкі мемарандум, а таксама іншым зацікаўленым дзяржавам Еўропы разгледзець магчымасць укладання рэальных пагадненняў у пытаннях бяспекі для забеспячэння незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", - гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, у рэзалюцыі фактычна сцвярджаецца, што за снайперамі, якія стралялі ў людзей на Майдане, стаялі ранейшыя ўлады Украіны.

"Асамблея жорстка асуджае прыцягненне снайпераў і ўжыванне агнястрэльнай зброі супраць пратэстоўцаў украінскімі ўладамі. Такога роду дзеянні непрымальныя", - адзначаецца ў дакуменце.

У ім таксама гаворыцца аб неабходнасці правесці дбайнае расследаванне ўсіх смерцяў, а таксама ўсіх выпадкаў парушэння правоў чалавека ў сувязі з падзеямі на Майдане і выявіць вінаватых, перш за ўсё тых, хто аддаваў каманды, і прыцягнуць іх да суду.

У рэзалюцыі "рэферэндум" у Крыме, прызначаны на 16 сакавіка не адпавядае Канстытуцыі Крыму і Украіны. "Акрамя таго, абвешчаная яўка і вынікі з'яўляюцца непраўдападобнымі", - гаворыцца ў дакуменце.

Як адзначае ПАРЕ, "вынікі рэферэндуму і незаконная анэксія тэрыторыі з боку Расейскай Федэрацыі не маюць юрыдычнай сілы і не прызнаюцца Радай Еўропы".

У дакуменце адзначаецца, што Асамблея цалкам прызнае легітымнасць новых уладаў у Кіеве і законнасць прынятых імі пастаноў. Акрамя таго сцвярджаецца, што асноўныя пункты дамоўленасцей паміж Віктарам Януковічам і апазіцыяй 21 лютага былі выкананыя Вярхоўнай Радай.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках