6 траўня 2024, панядзелак, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першамай у Маскве: лозунгі ў падтрымку тэрарыстаў і настальгія па СССР

37
Першамай у Маскве: лозунгі ў падтрымку тэрарыстаў і настальгія па СССР

Першамайская дэманстрацыя рабочых прайшла на Краснай плошчы ў цэнтры расейскай сталіцы.

Разам з патрабаваннямі павышэння мінімальнага ўзроўню аплаты працы да пражытковага мінімуму і павышэння ўзроўню абароны прафсаюзаў тут былі лозунгі, звязаныя з далучэннем Крыма да тэрыторыі Расеі і сітуацыяй на Украіне. Па дадзеных паліцыі, у акцыі ўзялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек.

Мітынгоўцы прайшлі ад Пакроўскага сабору да Гістарычнага музея, які знаходзіцца ў пяці сотнях метраў ад яго. Узначалілі калону мэр Масквы Сяргей Сабянін, кіраўнік Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхаіл Шмакаў, кіраўнік Маскоўскай федэрацыі прафсаюзаў Сяргей Чарноў, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Людзі неслі транспаранты з надпісамі, якія падтрымліваюць далучэнне Крыма да Расеі і асуджаюць палітыку ўкраінскіх уладаў.

Сяргей Сабянін у святочнай прамове заявіў, што ў апошнія гады ў Маскве адзначаецца самы нізкі ўзровень беспрацоўя, растуць зарплаты, у тым ліку ў сферах адукацыі, аховы здароўя. Паводле яго слоў, 1 траўня - гэта свята, якое дазваляе гараджанам пагуляць па сваім родным горадзе. "Я рады, што ў Маскву вяртаецца такая традыцыя масавых шэсцяў, дэманстрацый. Людзі ідуць з настроем, з задавальненнем", - дадаў Сабянін. Міхаіл Шмакаў, выступаючы на дэманстрацыі, між тым, падняў пытанне ўкраінскага канфлікту. Ён заявіў, што прафсаюзы Расеі выступаюць за мірнае рашэнне напружанай сітуацыі на Украіне, піша NEWSru.com.

Першамайская акцыя ўпершыню ў гісторыі сучаснай Расеі праходзіць на Краснай плошчы, як гэта было прынята ў СССР. Дэпутат ад КПРФ Уладзімір Родзін адзначыў, што раней улады адмаўлялі ўзгадняць для такіх акцый маршруты, якія праходзяць па цэнтры горада. Намеснік старшыні Маскоўскай федэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Мазуноў раней распавёў, што ўсё пройдзе па "класічнай настальгічнай схеме" - як у СССР.

Пры гэтым да шэсця абяцалі далучыцца прадстаўнікі партыі "Адзіная Расея", але ўжо са сваімі лозунгамі. У прыватнасці, намеснік сакратара генсавета партыі Сяргей Жалязняк заявіў, што падчас акцыі палітыкі будуць выступаць за "павагу да нацыянальных інтарэсаў Расеі і недапушчальнасць знешняга ціску ў дачыненні да нашай краіны" - іншымі словамі, супраць санкцый з боку краін Захаду. Моладзевае крыло палітычнай арганізацыі - "Маладая гвардыя Адзінай Расеі" - мае намер праслаўляць "веліч, прыгажосць, непераможнасць" Расейскай Федэрацыі, перадае РІА "Новости".

Некалькі акцый у Маскве планавалі правесці і нацыяналісты. У прыватнасці, каля ўваходу ў парк Горкага збіраліся людзі пад лозунгам "Руская вясна - без межаў". Актывісты руху "Рускія" Дзмітрыя Дзёмушкіна планавалі прайсці ад станцыі метро "Акцябрскае поле" да "Шчукінскай", выступаючы супраць раздачы грамадзянства РФ гастарбайтэрам і патрабуючы надаць "рускаму народу дзяржаватворны статус".

Дзёмушкін заявіў, што сталічныя ўлады не ўзгаднілі правядзенне мітынгу-канцэрта па выніках шэсця нацыяналістаў, таму арганізатары вырашылі зладзіць акустычны канцэрт Дзяніса Герасімава, які з'яўляецца заснавальнікам рок-гурта "Калаўрат". Аднак, па словах Дзёмушкіна, гэта, хутчэй за ўсё, не атрымаецца.

Традыцыйным шэсцем адзначыла Першамай партыя "Справядлівая Расея", акцыя якой ужо завяршылася. Па дадзеных паліцыі, у мерапрыемстве ў раёне Цвятнога бульвара ўзялі ўдзел каля 2,5 тысяч чалавек. Калона дэманстрантаў прамаршыравала да Пушкінскай плошчы. Дэманстранты неслі банеры і транспаранты з лозунгамі "За справядлівасць!", "Справядлівасць перамагае!", "Сваіх не здаем!". А таксама - "Славянск, Данецк, Луганск - мы з вамі".

Узначальваў калону лідар партыі Сяргей Міронаў. Лейтматывамі яго выступлення на мітынгу сталі прыняцце Крыма ў склад РФ і падтрымка баевікоў, якія спрабуюць узяць уладу на паўднёвым усходзе Украіны. "Сацыял-дэмакратычная партыя "Справядлівая Расея" выказвае сёння падтрымку нашым братам на паўднёвым усходзе Украіны", - заявіў Міронаў.

Заявіць сваё меркаванне з нагоды сітуацыі на Украіне, выкарыстаўшы 1 траўня як падставу, рыхтаваліся раней і іншыя партыі. У прыватнасці, у КПРФ хацелі выступіць "супраць агрэсіўных падрыўных дзеянняў ЗША, інфармацыйнай і фінансавай вайны, якую развязалі заходнія эліты". А непарламенцкая партыя "Радзіма" заяўляла пра намер правесці пікет ля ўкраінскай амбасады супраць палітыкі ўкраінскіх уладаў.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках