4 траўня 2024, Субота, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень памяці генерала Булак-Балаховіча

16
Дзень памяці генерала Булак-Балаховіча

10 траўня ў Варшаве быў забіты адзін з лідараў збройнага супраціву бальшавікам у Беларусі.

Станіслаў Булак-Балаховіч быў расстраляны нямецкім патрулём у захопленай фашысцкай Германіяй польскай сталіцы. Месца пахавання нацыянальнага героя Беларусі не вядома.

Станіслаў Булак-Балаховіч, які нарадзіўся 10 лютага 1883 года, служыў у расейскай арміі, дзе атрымаў чын генерала, пасля ўдзельнічаў у барацьбе з бальшавікамі на баку «белых».

У лютым 1920 ён звярнуўся да кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага з просьбай прыняць яго на службу для вайны з савецкай Расеяй. Пасля атрымання згоды Булак-Балаховіч са сваім атрадам прыбыў у Даўгаўпілс, дзе быў урачыста прыняты знакамітым польскім генералам Эдвардам Рыдз-Сміглы.

Адразу ж пасля прыбыцця ён прыступіў да фарміравання сваёй добраахвотніцкай арміі. Да генерала сцякаліся людзі з усіх бакоў. У чэрвені 1920 года дывізія Булак-Балаховіча ўступіла ў баі з бальшавікамі. 30 чэрвеня яна нанесла цяжкую паразу чырвоным часткам у раёне Славечна. 3 ліпеня балахоўцы атакавалі Веледнікі, захапіўшы штаб раскватэраванай там брыгады. Падчас баёў генерал практыкаваў сваю любімую тактыку партызанскага бою.

Пасля заключэння ў 1920 годзе перамір'я паміж Масквой і Варшавай генерал працягнуў наносіць удары з тэрыторыі Польшчы па бальшавіцкім войскам у Беларусі. Савецкі ўрад накіраваў пратэст, і польскі Сейм запатрабаваў раззбраення яго войска.

Булак-Балаховіч адмовіўся выканаць патрабаванне і перайшоў савецка-польскую мяжу.

План генерала быў просты - падняць сялянскае паўстанне і скінуць савецкую ўладу.

На працягу двух дзён яго войскі занялі тэрыторыю беларускага Палесся ад мяжы з Польшчай да Петрыкава.

9 лістапада 1920 года кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разбіла чырвоных пад Раманаўкай. Палкоўнік Мацвееў заняў Скрыгалаў. Пераможны паход балахоўцаў завяршыўся вызваленнем Мазыра 12 лістапада 1920 года.

За некалькі дзён да гэтага на ўрачыстай пабудове сваіх войскаў у Тураве Булак-Балаховіч разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і пакляўся не складаць зброі, пакуль не вызваліць родны край ад савецкіх войскаў. У Мазыры ён абвясціў аб аднаўленні ўлады БНР і роспуску ўрада БССР. 14 лістапада генерала абвясцілі галоўнакамандуючым узброеных сіл незалежнай Беларусі.

Бальшавікі былі вымушаныя перакінуць у нашу краіну - на барацьбу з Булак-Балаховічам і на падаўленне Слуцкага паўстання - часткі з цэнтральнай Расеі. Толькі дзякуючы велізарнай колькаснай перавазе ім удалося дамагчыся пералому на фронце.

У ноч на 18 лістапада Булак-Балаховіч быў вымушаны пакінуць Мазыр. З вялікай цяжкасцю ён здолеў прабіцца да польскай мяжы. У Польшчы яго войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя. Асобныя атрады працягнулі ўзброены супраціў на тэрыторыі Беларусі.

Савецкі ўрад запатрабаваў ад Пілсудскага выдачы генерала Балаховіча, аднак ён адмовіўся зрабіць гэта.

Пасля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе нямецкімі войскамі Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад дзеля барацьбы з акупантамі.

Ён быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 года нямецкім патрулём.

Месца пахавання героя барацьбы за незалежнасць Беларусі невядомае.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках