4 траўня 2024, Субота, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі пратэстуюць супраць парковак на зялёных зонах

6
Менчукі пратэстуюць супраць парковак на зялёных зонах

У Менску амаль 780 тысяч аўтамабіляў і толькі 150 тысяч з іх забяспечаны месцамі для паркоўкі.

На дваровых тэрыторыях будуюць часовыя аўтамесцы. Аднак жыхары мікрараёнаў і эколагі выступаюць супраць, паведамляюць «Менск-Навіны».

«У дамах ідзе капітальны рамонт, а месяц таму пачалося добраўпарадкаванне двара, - кажа жыхарка дома №107 Ірына Звонава. - Але з намі ніхто не сустрэўся і нашага меркавання не спытаў. Проста паставілі перад фактам. Высеклі амаль два дзясяткі дрэў. Мы даведаліся, што паркоўкі будуць будаваць і з аднаго, і другога боку дома. Пад'езды выходзяць на вуліцу, і зоны адпачынку з таго боку няма, была толькі тут, у двары. А цяпер што? Дзе абсталююць дзіцячую пляцоўку?»

Наколькі законна будаўніцтва пляцовак для часовага размяшчэння аўтамабіляў?

«Тэрміна «пляцоўкі для часовага размяшчэння аўтамабіляў» у заканадаўстве няма наогул, - тлумачыць каардынатарка прававой службы экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна. - І няма патрабаванняў ні да арганізацыі такога месца, ні да распрацоўкі дакументацыі, ні да ўзгаднення з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, ні да праверкі на адпаведнасць дзеючым нарматывам. Гэта дазваляе будаваць паркоўкі без належнага ўзгаднення з нагляднымі органамі. І без грамадскага абмеркавання з усімі жыхарамі».

У выніку ў сталічных дварах сталі з'яўляцца стаянкі, размешчаныя занадта блізка да дамоў і дзіцячых пляцовак. А заязджаць на некаторыя можна толькі па пешаходных ходніках. Усё гэта сведчыць аб тым, што праблема паркавання ў горадзе яшчэ не развязаная.

«Кожны год у Менску колькасць аўтамабіляў прырастае на 15-20 тыс. адзінак, - адзначае супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Павел Гарбуноў. - І тое, што ў сталічных дварах спрабуюць будаваць дадатковыя аўтамесцы, праблему ўсё роўна кардынальна не развязвае, а толькі пагаршае экалогію. Ёсць іншыя варыянты. Да прыкладу, паркоўкі паводле рынкавага прынцыпу. У цэнтры горада аўтамесцы могуць быць самымі дарагімі, бліжэй да ўскраін - танней. А дзе-небудзь у раёне МКАД - і зусім бясплатнымі. Гэтая сістэма ўкаранёная ў краінах Еўразвяза і сябе цалкам апраўдвае. Такім чынам у Маскве ўжо разгрузілі цэнтр горада - Садовае кальцо. І вядома, трэба будаваць шматузроўневыя наземныя і падземныя паркінгі, а таксама стымуляваць насельніцтва як мага менш карыстацца ў горадзе аўтамабілямі».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках