5 траўня 2024, Нядзеля, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У імя Бога за нашу і вашу Свабоду!

26
У імя Бога за нашу і вашу Свабоду!

У Варшаве ўшаноўвалі Міхаіла Хадаркоўскага і казалі пра еўрапейскую будучыню Украіны, Беларусі і Расеі.

9 траўня вядучае выданне Польшчы «Gazeta Wyborcza» адзначала 25-годдзе. Павіншаваць легендарную газету прыйшоў асабіста прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, лідар падпольнай «Салідарнасці» Збігнеў Буяк, «бацька» польскіх эканамічных рэформаў Лешэк Бальцэровіч, легендарныя польскія акторы Даніэль Альбрыхскі і Анджэй Севярын, а таксама практычна ўся палітычная і культурная эліта краіны.

Прэзідэнт Польшчы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды журналістам газеты. Пасля ўрачыстай цырымоніі галоўны рэдактар «Gazety Wyborczej» Адам Міхнік правёў дыскусію «Еўропа, Расея, Украіна», у якой узялі ўдзел вядомы расейскі палітык і бізнэсовец, былы палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі, брытанскі гісторык і аналітык Цімаці Гартан Эш, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Андрэй Саннікаў, дарадца в.а. прэзідэнта Украіны, былы міністр унутраных спраў Юрый Луцэнка і галоўны рэдактар расейскай « Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.

Пачаць дыскусію Адам Міхнік папрасіў Цімаці Гартана Эша, спытаўшы яго аб тым, у якім стане сёння знаходзіцца Еўрапейскі Звяз. Адказ брытанскага аналітыка быў несуцяшальным - сёння Еўразвяз не ў стане адказаць на новы выклік, якім стала агрэсія рэжыму Уладзіміра Пуціна ў Расеі.

«Дзе Еўропа цяпер? У 1989 годзе адказ быў вельмі простым. У Еўропу вярнулася Польшча, якая геаграфічна, культурна і гістарычна заўсёды там была. Многія краіны былі натхнёныя польскім прыкладам.

Прайшло 15 гадоў і што мы атрымалі ў 2004-м? Пашырэнне Еўразвяза, у які ўвайшлі многія ўсходнееўрапейскія краіны. Ні ў адной супольнасці яшчэ ніколі не было столькі ліберальных дэмакратый. І ў Афінах, і ў Дубліне, і ў Лісабоне, і ў Любляне, і ў Таліне адчувалі аднолькавы аптымізм, мелі аднолькавы дабрабыт і свабоду. Гэта давала моладзі адчуванне, што Еўропа аб'яднаная. І ключавым момантам гэтага часу стала Аранжавая рэвалюцыя ва Украіне. Гэта была «аксамітная», мірная рэвалюцыя, якая прывяла да зменаў у выніку дамоўленасцей.

Вельмі хутка прайшлі яшчэ 10 гадоў і паглядзіце, дзе мы зараз. Мы на парозе бязладдзя. Канстытуцыйныя дамоўленасці не працуюць, ад Лісабонскай дамовы практычна нічога не засталося, еўра знаходзіцца пад уздзеяннем фінансавага крызісу. Наступствы гэтага могуць быць абсалютна жудаснымі для многіх і многіх еўрапейцаў.

Мы ходзім на выбары і бачым, што ў многіх краінах (Францыі, Вугоршчыне, Нідэрландах) з'яўляюцца антыеўрапейскія партыі. І справа не толькі ў іх, але і ў саміх дзяржавах. Мы думалі, што ЕЗ аб'яднаўся з мэтай дэмакратыі. Але што мы маем замест гэтага? Сільвіё Берлусконі, Віктара Орбана? Замест таго, каб правесці выразную лінію паміж, скажам так, «царствам святла» Еўрапейскім звязам і іншымі краінамі, праз «берлусканізм» і «орбанізм» мы ідзем да «пуцінізму».

Еўрамайдан ў Кіеве адбыўся ў той момант, калі людзі ў ЕЗ усё больш сумняваліся ў еўрапейскім прагрэсе. Звонку Еўропы прыйшла вера ў еўрапейскую мадэль, і гэта нагадвае нам пра нашы каштоўнасці. Але ў апошнія шэсць месяцаў Украіна ператварылася з ладу, які падае надзею, ў нешта вельмі страшнае. Калі Аранжавая рэвалюцыя была лепшай з усіх еўрапейскіх рэвалюцый, то цяпер мы бачым ва Украіне небяспечныя тэндэнцыі. Гэта Боснія 1990-х, тое, што яшчэ Салжаніцын апісаў як самае небяспечнае, што можа быць у краіне - камбінацыя гвалту і вялікай хлусні, ідэалогіі, якая навязваецца расейскай уладай.

І зноў пытанне: дзе Еўропа цяпер? Што робіць Еўропа ва ўмовах гэтага небяспечнага выкліку? Па-першае, у большасці еўрапейскіх краін нават няма на шкале гэтага ўзроўню небяспекі. Мы павінны прачнуцца. Ключавы інструмент ЕЗ - эканоміка, ключ да эканомікі - Нямеччына. Мы павінны гаварыць з Пуціным на мове, якую ён разумее - на мове сілы. А гэта значыць, што наша задача - узмацніць Нямеччыну і растлумачыць ёй, як размаўляць з Пуціным», - заявіў Цімаці Гартан Эш.

Але Уладзімір Пуцін сёння шмат у чым вучыцца ў «класіка дыктатуры» Аляксандра Лукашэнкі, адзначыў Адам Міхнік.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў нагадаў галоўнаму рэдактару «Gazety Wyborczej», што ў 1995 годзе той напісаў артыкул пра Лукашэнку, назваўшы яго «саўгасным Банапартам».

«З «саўгаснага Банапарта» Лукашэнка стаў апошнім дыктатарам Еўропы, ва ўладзе ён знаходзіцца ўжо 20 гадоў. Беларусі няма ў назве гэтай канферэнцыі, але хацелася б убачыць Беларусь на парадку дня Еўропы, бо ўсё сапраўды пачалося ў нашай краіне. Беларусы заўсёды змагаліся за еўрапейскія каштоўнасці, у тым ліку і на вуліцах падчас дэманстрацый пратэсту. Але ёсць некалькі стэрэатыпаў, якія прымяняюцца да нас цяпер. Адзін з іх - вы павінны развязваць вашы праблемы самі. Гэта праўда. Але ці можна гэта ўжыць сёння да Украіны? Ці выжыве Украіна без значнай дапамогі: палітычнай, фінансавай, эканамічнай, маральнай? Не.

Я думаю, што Пуцін глядзеў на нас вельмі ўважліва, паколькі вывучаў досвед Лукашэнкі. Ён назіраў, як будзе рэагаваць Захад на палітвязняў, якія будуць санкцыі, якія будуць наступствы. І тое, што Лукашэнка ўжо 20 гадоў ва ўладзе, кажа пра тое, што ніякага пакарання за свае злачынствы ён не панёс.

Кажучы пра Украіну. Справа была зусім не ў тым, што Януковіч не падпісаў пагадненне з ЕЗ, а ў тым, што людзі наеліся карумпаванай улады, хацелі дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці, еўрапейскіх каштоўнасцяў. Бо для нас Еўразвяз - гэта гісторыя поспеху. Але нешта пайшло не так, патухлі ідэалы, якія так патрэбныя цяпер Расеі, Украіне і Беларусі. Яны патухлі, бо еўрапейцы не звярталі ўвагу на тое, што адбываецца на тэрыторыі нашых краін.

Я даволі крытычна ацэньваю тое, што адбывалася ў ЕЗ у апошнія 10 гадоў. Спачатку гэта было поспехам, пашырэннем дэмакратычнай прасторы. Але потым мы сталі проста фонам. Нашы суседзі выкарыстоўвалі ўзмацненне дыктатарскіх тэндэнцый у Беларусі для свайго прасоўвання ў Еўразвяз і NАТO. Сёння надзвычай важна дакладна разумець, што адбываецца ў Беларусі і Украіне», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Былы палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі адзначыў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сёння аднаўляе ў краіне «архаічную сістэму».

«Я ўжо казаў, што Уладзімір Пуцін спрабуе пабудаваць або аднавіць у Расеі архаічную сістэму. У той час, калі я пра гэта казаў, ён яшчэ хацеў быць прэзідэнтам усіх расейцаў: спрабаваў у нейкай меры пачуць, абаперціся, пераканаць у сваёй рацыі ўсе сегменты расейскага грамадства. У нейкі момант Пуцін зразумеў, што гэта ўжо немагчыма, і зрабіў выбар (мне гэты выбар здаецца няправільным), вырашыўшы абаперціся на тыя стэрэатыпы ў расейскім грамадстве, якія з'яўляюцца найбольш архаічнымі. Ён наважыў стаць прадстаўніком кансерватыўнай большасці. Напэўна, з палітычнага пункту гледжання гэта выйгрышны ход, але з пункту дзяржаўнага дзеяча, які клапоціцца пра будучыню сваёй краіны, гэта шлях у нікуды.

Сёння расейскае грамадства ў значнай меры аб'яднана ідэяй прырашчэння тэрыторый, тэрытарыяльнага вяртання Савецкага Саюза. Я спадзяюся, што гэтая ідэя будзе валодаць нашым грамадствам не занадта доўга, бо яна вядзе да самаразбурэння. Канферэнцыя, якую мы разам з Юрыем Луцэнкам нядаўна праводзілі ў Кіеве, паказала, што нават у гэтай напружанай і нават некалькі істэрычнай атмасферы, якая створана з дапамогай прапаганды ў маёй краіне, вялікая колькасць людзей (не сямёра чалавек, якія ў свой час выйшлі пратэставаць на Чырвоную плошчу 50 гадоў таму ) гатовыя пратэставаць супраць навязанага грамадству архаічнага погляду на навакольны свет і не хочуць ператварэння нашай краіны ў абложаную крэпасць. Бо толькі рухаючыся разам са светам, развіваючыся ў глабальным свеце, можна пабудаваць нармальную краіну. Я вельмі спадзяюся, што Расея вернецца на гэты шлях. У нашай гісторыі ўжо былі моманты, калі мы спыняліся, але ўжо шмат стагоддзяў мы рухаемся разам з Еўропай. Іншага шляху на самай справе ў нас няма», - сказаў Міхаіл Хадаркоўскі.

Галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў пачаў свой выступ са словаў: «Не магу сабе ўявіць, каб прэзідэнт Расеі на 25-годдзе «Новай газеты»...». Гэта выклікала смех і апладысменты ў зале.

«Але калі сур'ёзна, мне здаецца, што ў Еўропе пачало існаваць меркаванне аб тым, што расейскі народ антрапалагічна не створаны для дэмакратыі, што расейцы ненавідзяць тое, чаго ніколі не адчувалі: вольных выбараў, дэмакратыі і свабоды слова. Гэта не так, - сказаў журналіст. - Велізарную віну нясе эліта Расеі - хлуслівая, карумпаваная, карыслівая, а не народ. Нягледзячы на тое, што Міхаіл Хадаркоўскі сказаў, што стаўка зроблена на кансерватыўную большасць, я хачу сказаць, што віна ў гэтым эліты, якая займаецца страшнай і варварскай прапагандай. У Дзень перамогі з дзяржаўных экранаў у дачыненні да братняга народа гучыць слова «фашызм». Гэта немагчыма. Мы павінны стварыць новы інфармацыйны парадак дня, які будзе забіваць міфы, якія робяцца. Перад пачаткам канферэнцыі Юрый Луцэнка мне сказаў, што два яго дзяды пераварочваюцца ў труне, калі чуюць, што з Нямеччыны просяць Маскву не бамбіць Украіну.

Галоўнае пытанне для мяне – ці сумяшчаюцца Расея і свабода? Вядома, так. У нас у краіне на самай справе зараджаецца новы народ, які ёй адданы. Гэта пакуль не большасць, але я мяркую, што ён ужо ёсць, і ім можна ганарыцца. Думаю, што Украіна - гэта велізарнае выпрабаванне вайной. Я пацыфіст, бо быў на ўсіх войнах, якія выпалі нашаму пакаленню: ад Афганістана да Чачні. Я бачыў, як апазнаюць маці сваіх дзяцей у спецыяльных вагонах-рэфрыжэратарах 124-й лабараторыі Растова, куды звозілі жаўнераў чачэнскай вайны. Наша газета вызваліла з палону больш за 170 чалавек, і мы бачылі, што такое вайна. А цяпер многія і расейскія, і ўкраінскія нацыяналісты, на якіх часам спрабуе абаперціся дзяржава, забываючы, што на нацыстаў абапірацца нельга, спрабуюць развязаць вайну. Вельмі важна цяпер гэтаму супрацьстаяць, нельга дапускаць вайны. Мы павінны размаўляць і чуць адзін аднаго і, нягледзячы на нашых палітыкаў, заставацца людзьмі».

Дарадца в.а. прэзідэнта Украіны Юрый Луцэнка заявіў, што сённяшнія падзеі ў яго краіне - гэта не толькі вайна Украіны і Расеі, гэта «вайна за мяжу свабоднай Еўропы».

«У свой час гэтая мяжа ішла па Вісле, потым яна пайшла па Бугу, а цяпер яна, дай Бог, перанясецца на тысячу з лішнім кіламетраў на ўсход. Для мяне другая спроба Майдана - вельмі цяжкая, аплачаная смярцямі расстраляных хлопчыкаў, якія адмаўляліся браць бронекамізэлькі, бо казалі, што прыйшлі паміраць за свабоду. Гэтая перамога для мяне азначае вялікую рэч - мяжа свабоды рухаецца. Мяжа, якая калісьці праходзіла ў маленькіх гарадах сярэднявечча, у свабодных універсітэтах Еўропы, у рэфарматарскіх рухах, потым раптам заняла нейкую пазіцыю на захадзе, у цэнтры і на ўсходзе Еўропы, сёння прыйшла да нас.

Украінцы змагаюцца за тое, каб мяжа свабоднай Еўропы праходзіла па нашай усходняй мяжы. І я ўпэўнены, што нам гэта ўдасца. І не для таго, каб перамагчы Расею, а для таго, каб гэтая мяжа перасунулася далей. Я мару, што яшчэ пры нашым жыцці мы ўбачым мяжу свабоднай Еўропы нашмат на ўсход ад украінскай. Я заўсёды нагадваю Міхаілу Хадаркоўскаму, што на Чырвонай плошчы выдатны брук. Галоўнае, каб было дастаткова людзей, якія захочуць абараняць сваю свабоду там, у цэнтры расейскай сталіцы.

Я не лічу, што асновай Еўропы з'яўляецца эканоміка. Мне здаецца, што асновай любой цывілізацыі з'яўляецца культура. Напэўна, менавіта прыхільнасць да еўрапейскай культуры, якая, на шчасце, засталася ў Заходняй Украіне, не знішчаная савецкай уладай, дала нам такую магчымасць быць больш вольнымі, чым нашы сябры з Беларусі. Я маю на ўвазе мець крыху больш свабодных грамадзян, чым сёння ёсць у Беларусі і Расеі.

Майдан - гэта не толькі еўраінтэграцыя, гэта не толькі антыкрымінальнае паўстанне. Гэта яшчэ і антыкаланіяльная вайна. Сёння мы заплацілі чарговымі трыма смярцямі ў Марыупалі за тое, што там выстаяла ўкраінская праеўрапейская ўлада. Аднаму з забітых адрэзалі вушы, і выкалалі вочы. Мы маем справу не з расейцамі, не з расейскамоўнымі, мы маем справу з варварамі, якія праплочаныя грашыма крывавага дыктатара, які быў скінуты са свайго залатога ўнітаза і сёння знаходзіцца на тэрыторыі РФ. Ён знаходзіцца там з гадавым бюджэтам Украіны, пераведзеным у даляры і вывезеным з краіны.

Перамога дэмакратыі ва Украіне важная для Расеі, Беларусі і постсавецкай Азіі. Важна даказаць, што былы СССР можа жыць лепш, чым сёння. Мы здольныя жыць свабоднымі і багатымі, здольныя знесці Бастылію і змяніць падмурак свайго савецкага бараку на сучасны еўрапейскі дом. Вось гэтым мы займаемся, і менавіта супраць гэтага ваюе Пуцін», - сказаў Юрый Луцэнка.

Міхаіл Хадаркоўскі адзначыў, што дэмакратычна настроеныя грамадзяне Расеі сёння ўсім сэрцам суперажываюць украінскаму народу, бо «калі ўкраінцам будзе спадарожнічаць поспех, то дэмакратызацыя Расеі пойдзе хутчэй»:

«Нягледзячы на ўсе гістарычныя прыклады, нягледзячы на неаднаразова праведзеныя даследаванні, людзі рэгулярна вяртаюцца да праблемы: а што ж лепш? Дэмакратыя, рэгулярная змена ўлады, неабходнасць самастойна вызначаць свой лёс ці аўтарытарызм, выбар нейкага лідара, які на працягу доўгага часу прымае рашэнне за ўвесь народ? Ёсць два бакі гэтай праблемы - эканамічная і эмацыйная. З эканамічнага пункту гледжання, ёсць шмат прыкладаў, калі аўтарытарныя рэжымы на працягу шэрагу гадоў дэманструюць лепшыя тэмпы эканамічнага росту, чым дэмакратычныя краіны. Але, практычна не існуе прыкладаў, калі сярэдні тэмп эканамічнага росту ў краіне з аўтарытарным рэжымам на працягу 40 гадоў быў вышэй, чым сярэдні тэмп росту за гэты ж перыяд у краіны з дэмакратычным рэжымам. Прычына гэтаму досыць зразумелая - аўтарытарны рэжым стварае велізарны кошт памылкі, а памылка рана ці позна адбываецца. Пры адсутнасці змены ўлады паступова адбываецца дэградацыя - узроставая або шляхам ліквідацыі з улады тых людзей, якія могуць стварыць канкурэнцыю аўтарытарнаму лідару (так званы адмоўны адбор). Уласна, зараз мы гэта назіраем у нашай краіне - узровень тых спецыялістаў, якія знаходзяцца ва ўладзе, з кожным годам падае.

Але гэта толькі адна палова пытання. Другая палова - эмацыйная. Здавалася б, кожнаму чалавеку хацелася самому вызначаць свой лёс. Але на самай справе велізарная частка людзей аддае перавагу, каб выбар за іх рабіў нехта іншы і, на вялікі жаль, тут вялікае значэнне мае традыцыя. Межы свабоды перасоўваюцца ментальна - у свядомасці людзей, якія гатовыя браць на сябе адказнасць. Гэта не так проста, і вельмі многія людзі ад гэтага адмаўляюцца. Менавіта таму аўтарытарныя мадэлі з'яўляюцца настолькі папулярнымі да сённяшняга дня, хоць выдаткі ў іх велізарныя, а эфектыўнасць у сярэднетэрміновай перспектыве вельмі сумнеўная.

На глыбокі жаль, у чарговы раз адбываецца сутыкненне двух мадэляў, і цяпер гэта сутыкненне адбываецца на тэрыторыі Украіны. Цалкам відавочна, што прэзідэнт Пуцін больш за ўсё баіцца заразлівасці ўкраінскага прыкладу - прыкладу, калі краіна, звязаная з Расеяй роднаснай сувяззю дзясяткаў мільёнаў сем'яў, раптам у выніку антыкарупцыйнай рэвалюцыі, у выніку цяжкай пабудовы дэмакратычнага грамадства, не дай Бог, пакажа высокія тэмпы эканамічнага росту, паляпшэння жыцця, здольнасць людзей самастойна вызначаць свой лёс, жыць лепш. Гэта падарве асновы пуцінскага рэжыму і дасць той самы прыклад, які так неабходны Расеі. Менавіта таму мы сёння настолькі суперажываем украінскаму народу, бо, калі ім будзе спадарожнічаць поспех, то дэмакратызацыя Расеі пойдзе хутчэй. Калі яны прайграюць, магчымасць дэмакратызацыі ў маёй краіне адсунецца яшчэ на пакаленне. Я вельмі жадаю вам поспеху», - сказаў Хадаркоўскі.

Юрый Луцэнка нагадаў, што Хадаркоўскі нядаўна назваў Пуціна «галоўнай крыніцай карупцыі».

«Але сёння Пуцін заражае гэтай карупцыяй ўсю Еўропу - праз газ, нафту і іншыя эканамічныя інструменты. Гэта сістэмны выклік. Вайна ва Украіне ідзе ўжо з ужываннем аўтаматычнай зброі, але вайна дыктатуры і дэмакратыі адбываецца на ўсім еўрапейскім кантыненце. Калі Украіна ўзяла на сябе першы акоп гарачай вайны, то найлепшая дапамога ў гэтай вайне з боку мірнай Еўропы будзе ў тым, каб спыніць карупцыйныя ўгоды гаспадара Крамля, якія знішчаюць дэмакратычныя каштоўнасці», - сказаў былы кіраўнік МУС Украіны.

«Калі Пуцін заражае карупцыяй усю Еўропу праз газ і нафту, то ў чым сіла Лукашэнкі?» - спытаў Андрэя Саннікава Адам Міхнік.

«Сіла Лукашэнкі ў тым, што ён трапіў ва ўладу выпадкова, у самы ўдалы момант гісторыі. Адкуль ён узяў сваю мадэль? З даведніка вайсковага прапагандыста савецкіх часоў. Ён бачыў перад сабой мадэль камуністычнай улады.

Яшчэ яго сіла - у слабасці Еўропы. Чаму я апелюю да Еўропы з нагоды абароны каштоўнасцяў? У 1999 годзе ў нас былі забітыя ўсе лідары апазіцыі, якія былі рэальнымі канкурэнтамі Лукашэнкі. Калі б выбары адбыліся і яны былі б жывыя, у Лукашэнкі не было б шанцаў. Рэакцыя Еўропы рушыла ўслед толькі праз 5 гадоў. У Радзе Еўропы быў зроблены даклад, які досыць выразна ўсталёўваў сувязь вышэйшых службовых асоб з выкраданнямі і забойствамі лідараў апазіцыі. Калі вы хочаце ведаць, што будзе рабіць Крэмль, што можа быць ва Украіне - паглядзіце на досвед Беларусі. Паглядзіце, чаму гэтай дыктатуры было дазволена існаваць столькі гадоў», - сказаў Саннікаў.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» заклікаў новую ўладу Украіны не паўтараць ранейшых памылак і спыніць супрацоўнічаць з дыктатурай Лукашэнкі.

«Каштоўнасці павінны быць універсальнымі. Сотні беларусаў былі на Майдане ў 2004 годзе. Мы віталі аранжавую рэвалюцыю ва Украіне, але пасля інаўгурацыі прэзідэнт Віктар Юшчанка перш за ўсё стаў лабіраваць інтарэсы Лукашэнкі ў Еўропе. Што зараз адбылося? Для нас гэта наогул нейкі страшны сон. Першы і, падобна, адзіны замежны візіт выконваючы абавязкі прэзідэнта Аляксандр Турчынаў ажыццявіў у Беларусь. Я не ведаю, выпадкова ці невыпадкова экспарт цыгарэт ва Украіну вырас у 40 разоў у гэты ж час. Але такога стаўлення не павінна быць!

На гэтым Майдане былі тысячы беларусаў і вы, Юрый, гэта выдатна ведаеце. І зараз, калі вельмі многае ў нас залежыць ад вас, такія рэчы недапушчальныя. Вы хочаце быць дэмакратамі з Варшавай, Берлінам і Брусэлем, а з Лукашэнкам рабіць бізнэс? Гэта немагчыма. Як у 2005 годзе, так і цяпер, гэта будзе азначаць паразу каштоўнасцяў, а параза каштоўнасцяў будзе азначаць паразу ўкраінскай рэвалюцыі. Вы абсалютна слушна кажаце аб карупцыі ў Еўропе, пра тое, што крамлёўскім грашам усе кланяюцца, але чамусьці не заўважаеце, што тое ж самае адбываецца ў дачыненнях Украіны з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі.

Ёсць усе магчымасці сапраўды паставіць заслон дыктатуры, бо пакуль на постсавецкай прасторы не было паспяховага досведу. Грузія і Малдова - таксама яшчэ не паказчык. Украіна зараз змагаецца за ўсіх нас. Пакуль Еўропа сапраўды не змагла эфектыўна супрацьстаяць дыктатурам, якія зараз пагражаюць самой Еўропе. Я больш чым упэўнены, што план Пуціна - як раз у знішчэнні Еўрапейскага Звязу, у знішчэнні сістэмы каштоўнасцяў. Я нават не кажу пра тэрытарыяльныя дамаганні, якія відавочна распаўсюджваюцца далей Украіны», - сказаў Саннікаў.

Пасля дыскусіі Адам Міхнік ад імя «Gazety Wyborczej» ўручыў ўзнагароду «Чалавеку года» былому расейскаму палітвязню Міхаілу Хадаркоўскаму.

Тытул «Чалавека года» Хадаркоўскі атрымаў за тое, што ён «адважна сышоў з дарогі Нэльсана Ракфелера, каб пайсці дарогай Нэльсана Мандэлы», за цвёрдасць духу, стойкасць і гуманізм.

«Тое, што вы сёння на свабодзе, тое, што я на волі, тое, што з турмы выйшлі Андрэй Саннікаў і Юрый Луцэнка, кажа пра тое, што свет усё ж становіцца лепшым», - сказаў Адам Міхнік, які ў часы камуністычнай Польшчы правёў у турме пяць гадоў.

Прамову, прысвечаную прадстаўленню лаўрэата, вымавіў знакаміты польскі эканаміст Лешэк Бальцэровіч, дзе ён падрабязна асвятліў жыццёвы і прафесійны шлях Міхаіла Хадаркоўскага.

Хадаркоўскі падзякаваў за салідарнасць і заклікаў змагацца за свабоду іншых расейскіх палітвязняў: супрацоўніка кампаніі «ЮКАС» Аляксея Пічугіна і «вязняў 6 траўня».

Былому палітвязню ўручылі копію сцяга часоў паўстання 1831 года. Гэты сцяг палякі прысвяцілі дзекабрыстам. На ім былі напісаныя словы на польскай і расейскай мовах: «У імя Бога за нашу і вашу Свабоду».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках