2 траўня 2024, Чацвер, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія пісьменнікі выступілі супраць цэнзуры і падтрымалі Украіну

6

Сябры расейскага ПЭН-клуба заявілі, што не будуць рэтрансляваць хлусню пра падзеі ва Украіне і не перапыняць стасункаў з украінскімі калегамі.

Пра гэта, як перадаюць «Комментарии», ідзе гаворка ў заяве арганізацыі, распаўсюджанай на днях.

У прыватнасці, сябры расейскага ПЭН-клуба адзначаюць, што ўлада Расеі сёння здзяйсняе злачынства перад культурай, знішчаючы слова.

«Казаць праўду і ствараць сэнсы - прафесійны і грамадзянскі абавязак пішучай супольнасці, пісьменнікаў і журналістаў. Адзіны інструмент стварэння сэнсаў і адлюстравання рэальнасці - слова. Сёння расейская ўлада выкарыстоўвае слова для знішчэння сэнсаў. І гэта, безумоўна, злачынства перад культурай», - гаворыцца ў заяве пісьменнікаў.

Па іх словах, тыя словы, якія сёння мусіруе інфапрастора Расеі - «фашызм, хунта, нацызм» - з'яўляюцца каталізатарамі агрэсіі і нянавісці, а свабоднае выказванне прыраўнавана сёння да тэрарыстычнага акту.

«Несправядлівыя і антыканстытуцыйныя законы пра рэабілітацыю нацызму, пра паклёп, пра блогераў, пра заклікі да сепаратызму крыміналізуюць публічнае выказванне і пакідаюць манаполію на стварэнне сэнсаў за дзяржавай. Гвалт над словам і над сэнсам непазбежна перарастае ў фізічны гвалт. Эскалацыя хлусні паварочваецца ваеннай эскалацыяй. Менавіта так сёння выглядае вайна на Украіне», - заяўляюць сябры ПЭН-клуба.

Пры гэтым яны абвінавачваюць распаўсюджвальнікаў хлусні ва ўскосным саўдзеле ў забойствах на паўднёвым усходзе Украіны.

«Распачатая з хлусні пра гвалт у Крыме, яна (эскалацыя хлусні - «К.») прывяла да дзесяткаў рэальных ахвяраў на паўднёвым усходзе Украіны. Узнагароджаныя прэзідэнтам напярэдадні Дня друку журналісты сталі салдатамі гэтай вайны. Іх хлусня павярнулася крывёй і смерцю, а іх цынізм і істэрыка, якія нанеслі велізарны ўрон расейскай грамадскай свядомасці, названыя ў падпісаных прэзідэнтам узнагародных лістах «аб'ектыўным адлюстраваннем падзей», - пішуць сябры ПЭН-клуба.

Таксама пісьменнікі падкрэсліваюць, што не будуць мірыцца са здзекам са слова і знішчэннем сэнсаў, а будуць надалей адкрыта выказваць сваю пазіцыю, «падтрымліваць дыялог з сябрамі і калегамі на Украіне, каб разам супрацьстаяць хлусні і гвалту».

«Мы ведаем сілу слоў лепш, чым чыноўнікі і палітыканы. І мы ад гэтага не адступім», - падсумоўваюць расейскія пісьменнікі.

Адзначым, што ў расейскі ПЭН-клуб уваходзіць некалькі сотняў расейскіх пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў. Сярод іх Барыс Акунін, Міхаіл Жванецкі, Людміла Уліцкая, Уладзімір Сарокін, Віктар Шандаровіч, Віктар Ерафееў і іншыя майстры слова.

ПЭН-клуб - міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў, якія працуюць у розных літаратурных жанрах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках